РЭНЬЕ́ (Régnier) Жан Луі Эбензер (1771—1814),

французскі ваенны дзеяч. Ген. дывізіі, граф. У арміі з 1792. У вайну 1812 камандаваў 7-м саксонскім корпусам «Вялікай арміі». У пач. ліп. 1812 яго корпус вылучаны са складу групы Жэрома Банапарта для дзеянняў у якасці заслону супраць войск 3-й Зах. рус. арміі. 27 ліп. корпус пацярпеў паражэнне ў Кобрынскім баі 1812 і адступіў да Слоніма. 12.8.1812 Р. разам з аўстрыйскім (12-м) корпусам К.​Шварцэнберга атрымаў перамогу ў Гарадзечанскай бітве 1812 і ўдзельнічаў у праследаванні рус. войск да Луцка. Восенню 1812 корпус Р. прыкрываў тыл аўстр. войск ад 3-й Зах. рус. арміі. 15—16 ліст. ў Ваўкавыскім баі 1812 і 25 ліст. ў баі каля Брэст-Літоўска разбіў ахоўныя сілы 3-й Зах. арміі — вайск. групу Ф.​В.​Остэн-Сакена і прымусіў яе адступіць на Валынь. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 трапіў у палон.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́ў, -бі́ла; разбі́; разбі́ты; зак.

1. гл. біць.

2. Пашкодзіць ударам, параніць.

Р. галаву.

3. перан. Загубіць, разбурыць.

Р. мары і надзеі.

Р. чужое шчасце.

4. каго-што. Раздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць.

Р. лес на ўчасткі.

Р. атрад на групы.

5. каго-што. Перамагчы, нанесці паражэнне.

Р. ворага.

6. перан. Даказаць памылковасць, беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць каго-, чаго-н.

Р. праціўнікаў новай ідэі.

7. Паставіць, раскінуць (палатку і пад.).

Р. лагер.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што-н.

Р. парк.

9. што. Растрэсці, разварушыць, раскінуць.

Р. сена.

Р. гной на полі.

|| незак. разбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбіва́нне, -я, н. і разбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 4, 7—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

erléiden* vt

1) зазнава́ць, перано́сіць;

éine Níederlage ~ зазнава́ць [цярпе́ць] паражэ́нне

2) сапсава́ць (радасць і да т.п.);

wélches Schícksal hat ihn erlítten? які́ лёс спатка́ў яго́?

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

про́йгрыш, ‑у, м.

1. Страта ў гульні; становішча, якое склалася ў выніку няўдачнага канца гульні. Пройгрыш у шахматнай гульні. // Няўдачны вынік, паражэнне (у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.). Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды, доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях. Колас.

2. Тое, што прайграна. Вялікі грашовы пройгрыш.

3. Няўдача, нявыгада. Апынуцца ў пройгрышы. □ [Сцёпка:] — Правільна кажаш, Атрымалі б выйгрыш у часе, але пройгрыш у сіле... Гамолка. Адзіны пройгрыш мой, і немалы — не здолеў я прываражыць Ірыну. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.​Л.​Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРЭШМАРЦІ (Vörösmarty) Міхай (1.12.1800, г. Капальнашньек, Венгрыя — 19.11.1855),

венгерскі паэт, драматург, крытык. Прадстаўнік венг. рамантызму. Зрабіў значны ўклад у стварэнне нац. венг. т-ра. Скончыў філас. і юрыд. ф-ты Будапешцкага ун-та. Яго першая эпічная паэма «Уцёкі Залана» (1825) праз усхваленне гераізму і баявога духу продкаў абуджала нац.-патрыят. пачуцці. У паэмах «Чароўная даліна», «Паўднёвы востраў» (абедзве 1826), «Руіны» (1830) адчувальны адыход у свет чыстай фантазіі, чароўнай казкі. У эпічнай паэме «Два суседскія замкі» (1831) феад. мінуўшчына. Аўтар драм «Крывавае вяселле» (1833), «Цылеі і Хунядзі» (1844), камедыі «Тайны вуалі» (1834). Захапленне фальклорам узбагаціла яго творы (драм. казка «Чонгар і Цюндзе», 1830, балада «Прыгожая Ілонка», 1833). Вершы 1830-х г. прасякнуты грамадз. і патрыят. матывамі, 1840-х г. — філас. роздумам. Вітаў венг. рэвалюцыю 1848, яе паражэнне прывяло да душэўных пакут і цяжкай хваробы. Зрабіў уплыў на фарміраванне венг. літ. мовы. Верш «Стары цыган» (1854) пераклаў на бел. мову А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1956.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГ (Grieg) Юхан Нурдаль (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.​Кіплінга, Дж.​Кітса, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1988.

Літ.:

Крымова Н.И. Нурдаль Григ. М., 1965.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),

апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.​Лютэра і Ф.​Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.​Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-АРГЕНЦІ́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1982, Фалклендская вайна,

ваенныя дзеянні паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй у крас.—чэрв. 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы і в-аў Паўд. Георгія. Спасылаючыся на свае гіст. правы, Аргенціна 2—3 крас. высадзіла дэсант на Фалклендскія а-вы і Паўд. Георгію. Англ. гарнізон (каля 100 чал.) і губернатар а-воў былі высланы на радзіму. У адказ брыт. ўрад разарваў адносіны з Аргенцінай і адправіў да Фалклендаў ваен. эскадру (каля 40 баявых караблёў з 10 тыс. марскіх пехацінцаў). Міжнар. намаганні па мірным вырашэнні канфлікту пацярпелі няўдачу. У выніку баявых дзеянняў (канец крас. — май) патоплены аргенцінскі крэйсер «Хенераль Бельграна» і англ. эсмінец «Шэфілд». 21 мая пачаўся штурм Фалклендскіх а-воў. 15 чэрв. аргенцінскія войскі капітулявалі. Аргенціна страціла 1300 чал., Англія — 250 забітымі і 300 параненымі. Вялікабрытанія стварыла на а-вах ваен.-паветр. і ваен.-марскую базы з 7-тысячным гарнізонам. Паражэнне Аргенціны прывяло да звяржэння ўлады ваенных у краіне.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»

(«Архив русской революции»),

зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.​У.​Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.​У.​Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.​Дз.​Набокава, данскога атамана ген. П.​М.​Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.​П.​Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.

Публ.:

Архив русской революции. Т. 1—22. М., 1991—93.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)