1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэ людзі «непахожыя» або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян
(каля 1509, б.маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),
дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.Р.Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,
былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в.Ахрэмаўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНЬ,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).
У 19 ст.маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз.в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.
У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.
2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРСТО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (1.3.1799, б.маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),
рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.
Літ.:
Доброхотов Б. А.Н.Верстовский. М.; Л., 1949;
Яго ж. А.Н.Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш. Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),
бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.М.Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.Сальеры і «Белая дама» Ф.А.Буальдзьё, сімфоніі І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.К.Агінскага і К.Курпінскага).
Літ.:
Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯРО́ЎСКІ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.12.1853, маёнтак у Валагодскай губ., Расія — 1.10.1935),
рускі пісьменнік. Каля 10 гадоў вандраваў па Расіі, працаваў бурлаком, кручнікам, пажарным, табуншчыкам, цыркачом, правінцыяльным акцёрам; добраахвотна ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Як журналіст выступаў у друку з 1873. Супрацоўнічаў у многіх газетах; Гіляроўскага называлі «каралём рэпарцёраў» («Катастрофа на Хадынскім полі», 1896). Першая кніга нарысаў і апавяданняў «Трушчобныя людзі» (1887) спалена па загаду цэнзуры яшчэ да выхаду ў свет. Аўтар кніг вершаў «1914 год. Казакі» (1914), «Год вайны. Думы і песні» (1915), «Грозны год», кніг мемуараў пра дарэв. Расію, норавы і звычаі старой Масквы «Масква і масквічы» (1926), «Мае вандраванні» (1928), «Людзі тэатра» (выд. 1941), «Масква газетная» (выд. 1960).