МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),
расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.Вярстоўскага), лірычных вершаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ (Усевалад Міхайлавіч) (10.10.1923, в. Хутар Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 22.12.1981),
бел. гісторык і філосаф. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-рфілас.н. (1967), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1949), Рэсп.парт. школу (1948). З 1944 супрацоўнік Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны, з 1948 на журналісцкай працы, з 1953 у БДУ (з 1961 заг. кафедры, адначасова ў 1972—78 рэктар, гал. рэдактар зб. «Пытанні гісторыі КПСС»). Аўтар прац па праблемах міжнар.камуніст. руху, гісторыі КПСС, адзін з аўтараў «Курса лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1—2, 1971). Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1975-80.
Тв.:
Мировой революционный процесс и современный социал-реформизм. Мн., 1965;
Карл Маркс — великий учитель и вождь пролетариата. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак.ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.
Літ.:
Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;
Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕРГЕЙМ ((Mannerheim) Карл Густаў Эміль) (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),
фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933 1942), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнік рус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл.«Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brandt) Вілі [сапр.Фрам
(Frahm) Герберт Эрнст Карл; 18.12.1913, г. Любек, Германія — 8.10.1992], палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Чл.С.-д. партыі Германіі (СДПГ) з 1930. Пры нацыстах у 1933 эмігрыраваў і жыў у Нарвегіі і Швецыі, дзе займаўся журналістыкай. Пазбаўлены ням. грамадзянства ў 1938, адноўлены ў 1948. З 1945 карэспандэнт сканд. газет у Германіі. Пазней на дэпутацкай і інш. рабоце ў Зах. Берліне, у 1957—66 кіруючы бургамістр. У 1958—63 старшыня СДПГ (Зах. Берліна),
у 1964—87 старшыня СДПГ. У 1966—69 віцэ-канцлер і міністр замежных спраў у кааліцыйным урадзе ФРГ. Федэральны канцлер у 1969—74, быў адным з ініцыятараў новай усх. палітыкі (падпісанне дагавораў з СССР і Польшчай у 1970, з ЧССР у 1973); ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да сац. кампрамісу. З 1976 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1979—82 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар мемуараў. Нобелеўская прэмія міру 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл.Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс.чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс.чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.