БРАНТ
(Brandt) Вілі [сапр. Фрам (Frahm) Герберт Эрнст Карл; 18.12.1913, г. Любек, Германія — 8.10.1992], палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ) з 1930. Пры нацыстах у 1933 эмігрыраваў і жыў у Нарвегіі і Швецыі, дзе займаўся журналістыкай. Пазбаўлены ням. грамадзянства ў 1938, адноўлены ў 1948. З 1945 карэспандэнт сканд. газет у Германіі. Пазней на дэпутацкай і інш. рабоце ў Зах. Берліне, у 1957—66 кіруючы бургамістр. У 1958—63 старшыня СДПГ (Зах. Берліна),
у 1964—87 старшыня СДПГ. У 1966—69 віцэ-канцлер і міністр замежных спраў у кааліцыйным урадзе ФРГ. Федэральны канцлер у 1969—74, быў адным з ініцыятараў новай усх. палітыкі (падпісанне дагавораў з СССР і Польшчай у 1970, з ЧССР у 1973); ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да сац. кампрамісу. З 1976 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1979—82 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар мемуараў. Нобелеўская прэмія міру 1971.
Тв.:
Рус. пер. — Воспоминания. М., 1991.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)