АНДЖЭ́ЛІКА, Фра Анджэліка,

Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр. Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.

т. 1, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ЛА ДА МЕСІ́НА

(Antonello da Messina; каля 1430, г. Месіна, Сіцылія — паміж 14 і 25.2.1479),

італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння. Прадстаўнік Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў пераважна ў Месіне. Запазычыўшы ў нідэрл. мастакоў тэхніку алейнага жывапісу, дасягнуў надзвычайнай глыбіні колеру, выкарыстаў і асвятленне як маст.-выразны сродак. Створаныя ім вобразы адметныя велічным спакоем, класічнай раўнавагай. Значны ўклад яго ў станаўленне рэнесансавага рэаліст. партрэта. Асн. творы: т.зв. аўтапартрэт (каля 1473), «Распяцце» (1477), фрагменты алтара з царквы Сан-Касіяна ў Венецыі (1475 76), «Святы Себасцьян» (1475) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́РАЎ Чынгіз Габдурахманавіч

(н. 18.8.1912, в. Троіцк Чэлябінскай вобл., Расія),

жывапісец-манументаліст. Нар. мастак Узбекістана (1964). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1935—42). Творча выкарыстаў традыцыі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага жывапісу ў стварэнні тонкай па колеры і малюнку насценнай размалёўкі: у фае Вял. т-ра оперы і балета імя А.Наваі (1944—47; Дзярж. прэмія СССР 1948), у Ін-це ўсходазнаўства імя А.Біруні (1968—70) у Ташкенце, «Сагдыйскае вяселле» (1975—76) і інш. Аўтар станковых работ («Тамара Ханум», 1978, і інш.). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1968.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗО́ЎСКІ (Bazovský) Мілаш Аляксандр

(11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬДУНГ (Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс

(каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),

нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КМАН (Beckmann) Макс

(12.2.1884, Лейпцыг — 27.12.1950),

нямецкі жывапісец, графік. Вучыўся ў маст. школе ў Веймары, Парыжы і Жэневе (1903—04). З 1904 працаваў у Берліне, з 1937 у эміграцыі. Экспрэсіянісцкімі прыёмамі ўвасабляў трагедыю асуджанага на пагібель чалавецтва: цыклы афортаў «Твары» (1914—18), літаграфіі «Ноч», «Пекла» (1918—19), трыптыхі «Ад’езд» (1935) і «Арганаўты» (1949—50). Ствараў драм. кампазіцыі, часта з глыбокім падтэкстам, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Узнясенне» (1909), «Зняцце з крыжа» (1917), «Старая акторка» (1926), «Аўтапартрэт у смокінгу», «Вялікі нацюрморт з падзорнай трубой» (абодва 1927), «Лунаючы» (1944) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПЯРО́ВІЧ Леў Абрамавіч

(4.12.1874, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1913),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў рысавальнай школе І.Трутнева, скончыў Пецярбургскую АМ (1902), вучань І.Рэпіна. З 1902 жыў у Мінску. У творчасці адстойваў прынцыпы рэалізму. Пісаў партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі («Вечар у сям’і», «Краўчыхі», «Муляры», «Партрэт бабулі», «Партрэт музыканта Жухавіцкага», «Жаночы партрэт», «Дзяўчына ў чырвоным шаліку»), блізкія да твораў перасоўнікаў. Садзейнічаў арганізацыі выстаўкі перасоўнікаў у Мінску (1899). Творы Альпяровіча найб. поўна (230 работ) былі сабраны на выстаўцы ў Мінску ў 1939.

Л.Альпяровіч. Жаночы партрэт. 1904. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ Фёдар Якаўлевіч

(паміж 1753 і 1755, С.-Пецярбург — 23.11.1824),

рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), яе акадэмік з 1794. У 1773—77 удасканальваў майстэрства ў Венецыі, дзе пісаў пейзажы («Набярэжная Ск’явоні ў Венецыі», 1775, Нац. маст. музей Беларусі). Першы ў рус. жывапісе стварыў гар. пейзажы: «Выгляд Палацавай набярэжнай ад Петрапаўлаўскай крэпасці» (1800—02), «Красная плошча ў Маскве» (1801), «Від на горад Бахчысарай», «Плошча ў горадзе Мікалаеве» і інш.

Літ.:

Алексеев: Альбом / Авт.-сост. И.М.Жаркова. М., 1981.

М.М.Паграноўскі.

Ф.Аляксееў. Красная плошча ў Маскве. 1801.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Канстанцін, жывапісец-партрэтыст 2-й пал. 18 ст. (вядомы творы 1777—94). Працаваў на Беларусі (Нясвіж) і ў Варшаве. Выконваў пераважна заказы арыстакратаў і караля; рабіў таксама копіі з партрэтаў мінулых эпох. Працягваючы традыцыі параднага партрэта 17—18 ст., творча ўдасканальваў жанр дакладнай характарыстыкай, выкарыстаннем чыстага колеру, увагай да дэталяў. Найбольш вядомы твор — партрэт князя Карла Радзівіла пане Каханку (1786). Творы захоўваюцца ў Польшчы, Вільні. У Львове зберагаецца 35 работ, пераважна копіі т.зв. гіст. партрэтаў з калекцыі маёнтка Завушша каля Нясвіжа.

Г.Г.Сакалоў-Кубай.

т. 1, с. 240