Сей м. р. ‘гэты’ (Ян., Сцяшк. Сл.; брэсц., ЛА, 2; Хрэст. дыял., ТС), се́е н. р. ‘гэтае’ (Ян.), сёй у спалучэннях сёй-той, той‑сёй ‘некаторыя людзі’, сёе‑то́е, то́е‑сёе, то́е ды сёе ‘некаторым рэчы’ (ТСБМ), сё і то ‘тс’ (ТС). Ст.-бел. сеи, сее (Альтбаўэр). Укр. сей м. р., ся, ся́я ж. р., се, се́е н. р.; рус. сей, сия́, сие́, стараж.-рус. сь (сии), си (сиꙗ), се (сиѥ), ст.-польск. si, sie, ст.-чэш. sen, sie, se, серб.-харв. са̂ј, си м. р., са, сај ж. р., се, ся н. р., славен. sej, бант. сей, сия́, сие́, ст.-слав. сь, си, се. Прасл. *sь(je), *si(ja), *se узыходзяць да і.-е. *ḱis; параўн. літ. šis ‘гэты’, лат. šis, ст.-прус. schis, літ. šì‑tas ‘гэты’, лац. cis ‘па гэты бок’, citrā ‘па гэты бок, унутры, пад, без’, citrō ‘сюды’, гоц. himma ‘гэтаму’, hina ‘гэтага’, ст.-в.-ням. hiutu ‘сёння’ і г. д.; гл. Траўтман, 304; Вальдэ-Гофман, 1, 192 і наст.; Торп, 87; Фасмер, 3, 591 і наст.; ESSJ SG, 2, 618–623.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серада́ ‘трэці пасля нядзелі дзень тыдня’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. середа́, рус. середа́, среда́, ст.-рус. середа, польск. środa, ст.-польск. śrzoda, в.-луж. srjeda, н.-луж. srjoda ‘серада, сярэдзіна’, чэш. středa, славац. streda, серб. среда, харв. srijéda, славен. srȇda ‘серада’, sréda ‘сярэдзіна’, балг. среда́ ‘сярэдзіна’, сря́да ‘серада’, макед. среда, ст.-слав. срѣда ‘серада, сярэдзіна’. Прасл. *serda ‘сярэдзіна’. Значэнне ‘сярэдні дзень тыдня’ лічыцца калькай ст.-в.-ням. mittawëcha або аналагічна апошняму — народналац. media hebdomas, ст.-італ. mezzedima; гл. Міклашыч, 292; Брукнер, 534; Фасмер, 3, 607; Івашына, Веснік БДУ, 1976, 1, 56. Іншыя даследчыкі лічаць магчымым уплыў лаціна-раманскіх назваў; гл., напрыклад, Скок, RÉS, 5, 14. Прасл. *serda роднаснае ўсх.-літ. šerdìs, В. скл. ж. р. šérdi ‘сярэдзіна’, лат. ser̂de ‘тс’, грэч. κήρ (< *kērd), гоц. haírtô ‘сэрца’; Траўтман, 302; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Торп, 74. Іншая ступень чаргавання: *sьrdь ‘сэрца’ (гл. сэрца). Аб утварэнні слав. асноў на ‑а ад і.-е. нетэматычных асноў, у дадзеным выпадку ад *k̑erd‑, гл. Ткачоў, Этимология–1968, 56 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 620; Шустар-Шэўц, 1349–1356; Сной₁, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуро́д ‘непрыемны, агідны пах’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), смо́рад ‘тс’ (Нас., Бяльк., Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж смуро́д, сморо́д ‘чорныя парэчкі’ (ТС), смуро́да ‘тс’ (Бяльк.), смуро́ды ‘тс’ (Касп., Нік. Очерки). Укр. смо́рід, рус. смо́род, стараж.-рус. смородъ, польск. smród, в.-луж. smród, н. -луж. smrod ‘смурод; кал; чаромха’, чэш., славац. smrad, серб.-харв. смра̑д, славен. smrȃd, балг. смра́д, макед. смрдеа, ст.-слав. смрадъ. Прасл. *smordъ (іншая ступень чаргавання ў смярдзець, гл.) дакладна адпавядае літ. smárdas ‘смурод, агідны пах’, лат. smar̂ds ‘пах’, smarda ‘пах; апетыт; жаданне’, гоц. smarna ‘кал’, грэч. μορύσσω ‘рабіць чорным, пакрываць сажай, копаццю’; гл. Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561–562. Галосны ‑у‑ ў першым складзе тлумачыцца ўплывам кораня смур‑/хмур‑ (параўн. рус. пасмурный ‘пахмурны’), а таксама польск. smród. Фанетычная змена о > у, што сустракаецца ў некаторых дыялектах, не можа вытлумачыць такі пераход, бо ў час такой змены корань павінен быў гучаць як *smaród‑ (Векслер, Гіст., 115). Сной₂ (563) разглядае *smordъ як дэвербатыў ад прасл. *smorditi (параўн. польск. smrodzić), каузатыўнага дзеяслова ад прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смя́дзіць (сьмя́дзіць) ‘чадзіць, дыміць’ (Бяльк.), ‘рабіць смуглым’ (Стан.), сюды ж смя́ды (сьмя́ды) ‘чарнявы, смуглы’ (там жа), засмя́дзіць ‘абпаліць’ (Бяльк.), ст.-бел. смѣдыи, смедыи ‘пачарнелы, смуглы’: смеда есмъ, понеже ожьгло мѧ солнъце (Скарына; Карскі 2-3, 476), смядость ‘чарната, смугласць’ (Ст.-бел. лексікон), смѧдъ ‘пачарнелы, смуглы’ (Альтбаўэр), Смядынь — рака ў Смаленскай вобл. (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. сня́діти ‘плеснявець, пакрывацца сліззю’, сни́діти ‘выцвітаць; рабіцца брудным, іржавым’, рус. Смедва, Смедовка — назвы рэк у Тульскай і Разанскай губ., польск. śniedzieć ‘пакрывацца вокіслам медзі’, старое śmiady ‘смуглы’, чэш. snědý ‘смуглы’, старое smědý ‘цёмна-карычневы’, славац. snedý ‘тс’, славен. smẹ̑d ‘тс’, серб.-харв. сме̏ђ ‘карычневы, кары; смуглы, гнеды’. Прасл. *směditi, *smědъ(jь), роднаснае гоц. bi‑smeiten ‘запляміць, пэцкаць’, ст.-в.-ням. smīzan ‘фарбаваць, мазаць; біць, удараць’, англ.-сакс. smittian ‘запляміць, запэцкаць’, smitte ‘пляма’ < і.-е. *smeid‑, гл. Покарны, 966. Збліжаюць таксама з *mědь (Брукнер, 633; Бернекер, 2, 46), з літ. smėlus ‘светла-шэры’, pasmėlęs ‘карычняваты’, літ. smélti ‘цямніць, брудзіць, бляднець’ < і.-е. *smel‑ ‘тлець, жэўраць’, ад якога і *smaliti, гл. смаліць (Махэк₂, 662). Гл. Фасмер, 3, 684; Бязлай, 3, 269; Глухак, 565; ЕСУМ, 5, 339.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суп1 ’вадкая страва-адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад.’ (ТСБМ, Сцяшк.; шальч., Сл. ПЗБ), ’булён’ (мёрск., Сл. ПЗБ), ’крупнік, крупеня’ (Бяльк.), су́пік памянш. (свісл., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. суп ’тс’, дзе з франц. soupe ’суп’ (адкуль таксама англ. soup, гал. sоер, ням. Suppe ’тс’), што з гала.-раманск. suppa, якое, як мяркуюць, узыходзіць да германскіх моў, параўн. гоц. supôn ’прыпраўляць спецыямі’; гл. Фасмер, 3, 804.

*Суп2 ’каршун’, толькі ст.-бел. супъ, семпъ, сепъ ’сцярвятнік’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца з 1518 г.; запазычанне са ст.-польск. sęp ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143); але параўн. ц.-слав. сѫпъ ’тс’, адкуль магло быць запазычана ст.-бел. супъ. Укр., рус. суп, польск. sęp, в.-луж., н.-луж. sup, чэш., славац. sup, серб.-харв. су̑п ’тс’, балг. суп ’птушка Vulvur fulvus’. Прасл. *sǫpъ ’каршун’. Слова няяснага паходжання. Паводле Голуба–Копечнага (361), гэта варыянт з насавым галосным да *sop‑ (гл. сапці). Гл. Фасмер, 3, 804; Шустар-Шэўц, 1378–1379; Борысь, 542. Магчыма сувязь з насуплены, супіць (гл.) — з-за «насупленага» выгляду птушкі (Антропаў, Назв. птиц, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сям’я́ ’муж, жонка, дзеці і іншыя сваякі, якія жывуць разам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Гарэц., Бяльк., Пан.), семʼя́ ’тс’ ’рой пчол у вуллі’ (ТС), сымне́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. сімʼя́, рус. семья́ ’тс’, стараж.-рус., рус.-ц.-слав. сѣмиꙗ ’чэлядзь, дамачадцы; рабы’, ст.-слав. сѣмиꙗ ’сям’я’. Прасл. *sěmьja < *ḱoim‑, паведле Трубачова (История терм., 164), з і.-е. *ḱei‑ ’ляжаць’ з суф. ‑m‑, магчыма, праз перанос значэння ’стаянка, паселішча’, параўн. ням. Lager, і ўзыходзіць да абазначэння тэрытарыяльнай супольнасці. Роднасныя літ. šeima ’сям’я’, šeimýna ’сям’я, чэлядзь’, лат. sàime ’сям’я, дамачадцы’, ст.-прус. seimīns ’чэлядзь’ і, далей, гоц. haims ’паселішча’, ст.-в.-ням. heim ’радзіма’, ст.-в.-ням. hîwo ’муж’ і інш.; гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 3, 635; Фасмер, 3, 600 з іншай літ-рай. Ляпуноў (цыт.: Фасмер, там жа) *sěmьja разглядае як дэрыват ад *sěmь ’асоба’, параўн. рус.-ц.-слав. сѣмь ’тс’, як рус. братия ад брат. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 254; Шаўр, Etymologie, 44. Сюды ж семʼяні́н ’член сям’і’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), семяні́н ’тс’ (Ласт., Сержп., Пятк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І1 злучнік. Рус., серб.-харв., балг., макед. и, укр., польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац., славен. i. Бліжэйшыя і.-е. паралелі: гоц. ei ’каб’, грэч. εἰ ’калі’, εἰτα ’пасля’. Тады *i < і.-е. *еі, месн. скл. адз. л. займеннага кораня гл. Бернекер, 1, 415; Фасмер, 2, 112–113; Трубачоў, Эт. сл., 8, 167; Покарны, 1, 283. Іншыя версіі менш верагодныя. Параўноўваюць з семантычна тоеснымі літ. ir̃, лат. ir, ст.-прус. ir (Эндзелін, Слав.-балт. эт., 136; Мюленбах-Эндзелін, 1, 708). Яшчэ больш праблематычная версія Зубатага (JF, 4, 1894, 470–472), які звязвае i з усх.-літ. ė̃ ’але’, ст.-літ. ė̃ ’тс’ < і.-е. *ēd (абл. ад *e‑). Брукнер (189) прыцягвае літ. jeĩ ’калі’. Параўн. яшчэ Махэк₂, 212–213.

І2 выклічнік (выражае высокую ступень якога-н. пачуцця). Рус. дыял., серб.-харв., макед. и, укр., польск., чэш., славац., славен. i. Сустракаецца ў іншых і.-е. мовах: ням. i, лат. i, рум. i. Гл. Махэк₂, 212; Безлай, 1, 208; Слаўскі, 1, 443, там жа агляд літ-ры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)