КАПНАДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Capnodiales),

парадак сумчатых грыбоў кл. аскаміцэтавых. 711 родаў, 4774 відаў. Пашыраны ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Ва ўмераных зонах і на Беларусі трапляюцца віды Meliola nidularis (выклікае чарнату на брусніцах, дурніцах, чарніцах), Capnodium salicinum (захворванне вярбы), С. tiliae (захворванне ліпы). Развіваюцца за кошт выдзяленняў тлі.

Пладовыя целы (шара-, падушка-, шчыткападобныя) утвараюцца на паверхні лісця і сцёблаў. Сумкі знаходзяцца ў поласцях, адзіночныя ці нешматлікія з патоўшчанай абалонкай на верхнім канцы. Споры з некалькімі перагародкамі, бясколерныя або бурыя, акружаны слізістым чахлом. У цыкле развіцця некат. віды маюць недасканалыя стадыі.

В.​С.​Гапіенка.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),

род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.

Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),

сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.

Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.

Да арт. Паруснікавыя. Паруснік інда-ціхаакіянскі.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,

кветкі, у якіх ёсць і жаночыя, і мужчынскія генератыўныя (палавыя) органы — тычынкі і песцікі. Д.к. маюць некат. віды з родаў суніцы, ружа, яблыня.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛІ,

зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).

Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.

С.​Л.​Максімава.

Молі: 1 — адзежная; 2 — стракатка яблыневая; 3 — зерневая; 4 — гарнастаевая яблыневая.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калі́бія

(н.-лац. collibya)

шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых, які расце на лясным подсціле, пнях, ламаччы, глебе; некаторыя віды ядомыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

камарафі́лус

(н.-лац. camarophyllus)

шапкавы базідыяльны грыб сям. гіграфоравых, які расце на глебе ў лясах, на лугах; некаторыя віды ядомыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

і́ксія

(н.-лац. іхіа, ад гр. iksia)

травяністая расліна сям. касачовых, пашыраная ў Паўд. Афрыцы; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алапа́трыя алапатры́я

(ад ала- + гр. patris = бацькаўшчына)

тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць з папуляцый, арэалы якіх не перакрываюцца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

веро́ніка

(н.-лац. veronica)

травяністая расліна сям. залознікавых, пашыраная пераважна ва ўмераных і халодных зонах; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)