ВАЛБЖЫ́ХСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Walbrzychskie),
на ПдЗ Польшчы. Пл. 4168 км². Нас. 740,5 тыс.чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г.Валбжых. На Пн і ПнУ тэрыторыі перадгор’і Судэтаў, на Пд і ПдЗ Сярэднія і Усх. Судэты (выш. да 1425 м, г. Снежнік) з гарамі Сове і Клодзскай катлавінай.
Сярэднія т-ры студз. ад -2 °C у катлавіне да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна 17,5 °C і 16 °C, ападкаў ад 600 да 1200 мм (у гарах) за год. Рэкі — вярхоўі левых прытокаў Одры: Нысы Клодзскай, Быстшыцы, Алавы, Шлензы. Пад лесам 29,4% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл. кірунку. Развіты здабыча каменнага вугалю (у Ніжняшлёнскім бас. з 14 ст.), хім., маш.-буд. (горнае абсталяванне), харч. і інш.прам-сць. Прамысл. цэнтры: Валбжых, Свідніца, Дзяржонеў, Бялява, Клодзка і інш. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, бульбу, цукр. буракі, авёс, рапс. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Турызм. Курорты (Кудова-Здруй, Шчаўна-Здруй, Паланіца-Здруй і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс.ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс.ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Альфрэд) (30.7.1868, г. Эрфурт, Германія — 2.5.1958),
нямецкі эканаміст і сацыёлаг. Брат М.Вебера. Праф. эканомікі і сацыялогіі Пражскага (1904—07) і Гейдэльбергскага (1907—58) ун-таў. Аўтар тэорыі размяшчэння прам-сці; вызначальным у размяшчэнні прамысл. прадпрыемстваў лічыў зручнасць адносна крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, магчымасць кааперавання з інш. суседнімі прадпрыемствамі, наяўнасць трансп. шляхоў зносін, што павінна макс. зменшыць выдаткі вытв-сці. «Сацыялогія гісторыі і культуры» Вебера сфарміравалася пад уплывам брата і В.Дзільтэя. Гісторыю расчляняў на 3 працэсы: сацыяльны (фарміраванне сац. ін-таў і структуры), цывілізаваны (паступальнае развіццё тэхнікі і прыродазнаўства, якое вядзе да уніфікацыі) і культурны (творчасць у форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі). Яны ўзаемазвязаны, але развіваюцца па сваіх законах. Спецыфічнасць гіст. і сац. змен пэўнай эпохі Вебер звязваў з ірацыянальным характарам культ. працэсу, тварцом якога з’яўляецца інтэлектуальная эліта, таму, на думку Вебера, гісторыю вызначае гульня духоўных сіл.
Тв.:
Kulturgeschichte als Kultursoziologie. Leiden, 1935;
Prinzipien der Geschichts – und Kulrursoziologie. München, 1951;
Рус.пер. — Теория размещения промышленности. М.; Л., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННІЦА,
горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р.Паўд. Буг. 380 тыс.ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.
Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял.Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч.прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 10.2.1928, в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Акад.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Засл. работнік прам-сці СССР (1991). Скончыў Усесаюзны завочны маш.-буд.ін-т (1955). З 1949 на Мінскім аўтамаб. з-дзе, з 1961 гал. канструктар, з 1975 гал. канструктар ВА «БелаўтаМАЗ». Адначасова з 1992 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, з 1993 дырэктар навук. цэнтра праблем механікі машын АН Беларусі. Працы па праблемах развіцця асноў тэорыі, праектавання і выпрабаванняў аўтамабіляў агульнага прызначэння. Распрацаваў канцэпцыю модульнага пабудавання магістральных аўтапаяздоў і тэорыю комплекснага падыходу да надзейнасці, трываласці, дынамікі і ўстойлівасці аўтамабіляў. Дзярж. прэмія СССР 1970, Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Основы проектирования автомобилей и автопоездов большой грузоподъемности. Мн., 1980;
Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 2 изд. М., 1995 (разам з Л.Х.Гілелесам, С.Р.Херсонскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет.прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш.Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТА́ЦЫЯ (ад грэч. hydōr вада),
працэс далучэння вады да рэчыва (электронаў, іонаў, атамаў і малекул). Адбываецца без разбурэння ці з разбурэннем малекул вады.
Гідратацыя без разбурэння малекул вады абумоўлена электрастатычным і ван-дэр-ваальсавым узаемадзеяннямі, утварэннем каардынацыйных і вадародных сувязей. У выніку гідратацыі ўтвараюцца гідраты. Гідраты іонаў, атамаў і малекул могуць быць газападобнымі, вадкімі, цвёрдымі (гл.Крышталегідраты). Гідратацыя ў растворы — асобны выпадак сальватацыі. Найб. даследавана гідратацыя іонаў у растворах электралітаў. Адрозніваюць гідратацыю першасную — узаемадзеянне іонаў толькі з суседнімі малекуламі вады і другасную — з больш аддаленымі малекуламі. Агульная колькасць малекул вады ў гідратнай абалонцы іона можа дасягаць некалькіх соцень. Гідратацыя абумоўлівае растваральнасць рэчываў у вадзе, электралітычную дысацыяцыю, кінетыку і раўнавагу хім. рэакцый у водных растворах, адыгрывае значную ролю ў жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Гідратацыя з разбурэннем малекул вады пашырана ў неарган. і арган. хіміі і шырока выкарыстоўваецца ў прам-сці (напр., гідратацыя аксідаў пры атрыманні сернай і азотнай кіслот, гідратацыя этылену пры сінтэзе этанолу). Працэс, адваротны гідратацыі, наз.дэгідратацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.