ГІДРАТА́ЦЫЯ

(ад грэч. hydōr вада),

працэс далучэння вады да рэчыва (электронаў, іонаў, атамаў і малекул). Адбываецца без разбурэння ці з разбурэннем малекул вады.

Гідратацыя без разбурэння малекул вады абумоўлена электрастатычным і ван-дэр-ваальсавым узаемадзеяннямі, утварэннем каардынацыйных і вадародных сувязей. У выніку гідратацыі ўтвараюцца гідраты. Гідраты іонаў, атамаў і малекул могуць быць газападобнымі, вадкімі, цвёрдымі (гл. Крышталегідраты). Гідратацыя ў растворы — асобны выпадак сальватацыі. Найб. даследавана гідратацыя іонаў у растворах электралітаў. Адрозніваюць гідратацыю першасную — узаемадзеянне іонаў толькі з суседнімі малекуламі вады і другасную — з больш аддаленымі малекуламі. Агульная колькасць малекул вады ў гідратнай абалонцы іона можа дасягаць некалькіх соцень. Гідратацыя абумоўлівае растваральнасць рэчываў у вадзе, электралітычную дысацыяцыю, кінетыку і раўнавагу хім. рэакцый у водных растворах, адыгрывае значную ролю ў жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Гідаратацыя з разбурэннем малекул вады пашырана ў неарган. і арган. хіміі і шырока выкарыстоўваецца ў прам-сці (напр., гідратацыя аксідаў пры атрыманні сернай і азотнай кіслот, гідратацыя этылену пры сінтэзе этанолу). Працэс, адваротны гідратацыі, наз. дэгідратацыяй.

Я.М.Рахманько, С.М.Ляшчоў.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)