РЫПІ́НСКІ Аляксандр Феліксавіч (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл.Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар.рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел.рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.Баршчэўскага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, Ф.Рысінскага, Т.Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.
Літ.:
Пачынальнікі. Мн., 1977;
Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;
Піятуховіч М. Рукапісы А.Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ (Sikorski) Уладзіслаў (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВО́РАЎ Аляксандр Васілевіч (24.11.1730, Масква — 18.5.1800),
расійскі палкаводзец. Генералісімус (1799), граф Рымнікскі і «Свяшчэннай Рым імперыі» (1789), кн. Італійскі (1799). На ваен. службе з 1747. УдзельнікСямігадовай вайны 1756—63. У 1768—72 на чале палка, брыгады ваяваў супраць войск Барскай канфедэрацыі на Беларусі і ў Польшчы: 23.5.1771 разбіў асн. сілы канфедэратаў каля в. Лянцкарона (Польшча); у вер. 1771 за 2 тыдні прайшоў па маршруце Брэст — Бяроза — Косава — Палонка — Нясвіж — Клецк — Лагішын — Пінск — Драгічын — Антопаль — Брэст; 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не) разбіў атрад вял. гетмана ВКЛ М.К.Агінскага. У рус.-тур. вайну 1768—74 разбіў тур. войскі каля Казлуджы (Балгарыя, 1774). У 1774 накіраваны на Урал на разгром паўстання Е.І.Пугачова. У рус.-тур. вайну 1787—91 разбіў тур. войскі на Кінбурнскай касе (1787), пры Факшанах (цяпер Румынія) і на р.Рымнік (1789), штурмам узяў крэпасць Ізмаіл (1790). У час падаўлення паўстання 1794 напачатку дзейнічаў на Брэстчыне, дзе ў Крупчыцкім баі 1794 і каля Брэста (19 вер.) разбіў корпус ген. Ю.Серакоўскага; 5.11.1794 штурмам узяў Прагу (прадмесце Варшавы), пасля чаго Варшава капітулявала. З 1795 валодаў на Брэстчыне маёнткам Кобрынскі Ключ. У 1797, за крытыку новых статутаў і абмундзіравання, звольнены імператарам Паўлам I і сасланы ў маёнтак Канчанскае Наўгародскай губ. З лют. 1799 галоўнакаманд. рас.-аўстр. саюзнымі войскамі антыфранц. кааліцыі ў Італіі, дзе нанёс шэраг паражэнняў франц. войскам (гл.Італьянскі паход Суворава 1799); на чале рас. войск з баямі пераадолеў Альпы (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). Аўтар прац «Палкавая ўстанова» і «Навука перамагаць». Прыхільнік смелага і рашучага наступлення як асн. формы баявых дзеянняў. У СССР з 1942 існаваў ордэн С. 3 ступеней (захоўваецца і ў рас. арміі). У 1943 створаны сувораўскія ваенныя вучылішчы, у т. л. ў 1953 у Мінску.
Літ.:
Михайлов О.Н. Суворов. Ростов н/Д, 1997;
Ростунов И.И. Генералиссимус А.В.Суворов: Жизнь и полководческая деятельность. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКЕ́ВІЧ Вандалін Аляксандравіч (10.12.1852, в. Нача Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 1.12.1919),
бел. археолаг, антраполаг, краязнавец і этнограф. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Адукацыю атрымаў у Вільні. З 1872 жыў у в. Нача. З 1883 даследаваў курганныя і бескурганныя могільнікі каля вёсак Нача, Нузелі (Пузельская гара), Апонаўцы, Гаворскія, Тоўцішкі, Сабакінцы (Першамайская), Клябанія (Папяржыня), Нарбутова. Дварчаны, Вензаўшчына, Сырні, Чарнішкі. Толькі на тэр. Лідскага пав. даследаваў 120 каменных магіл (да 1915 абследаваў 170). Першы з бел. археолагаў раскапаў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў 13—14 ст. Вёў раскопкі каля Віцебска, Лепеля, Радашковіч, воз. Дрысвяты. Апублікаваў працы, прысвечаныя археал. знаходкам і раскопам, гісторыі і прыродзе Беларусі і Літвы: «Музей Федаровіча» (1900), «З мінулага Літвы» (1906), «Успаміны з года 1863» (1907), «Даўнія каралеўскія лясы ў Літве» і «Замак у Лідзе» (1911), «Раскопкі ў Начы (Лідскі пав.)» і «Мерач» (1912), «Возера Дрысвяты» і «Адміністрацыйныя і эканамічныя адносіны ў каралеўшчынах на Літве» (1913), «Трэпанаваныя чарапы з могільніка пад Начай» (1914) і інш.Традыц.нар. культуры беларусаў і інш. народаў (пераважна Віленшчыны) прысвяціў артыкулы: «Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, варожбы і г.д.), сабраныя ў Віленскай губерні» (выкарыстаў фалькл. запісы ўраджэнца Трокскага пав. У.Абакановіча) і «Упрыгожаныя крыжы ў Віленскай губерні» (1903), «Нарысы з Белай Русі» і «Звычаі пры выпечцы хлеба ў Лідскім пав.» (1912), «Спосабы фарбавання пісанак у Лідскім пав.» (1913) і інш. Першы з бел. археолагаў (у садружнасці са спецыялістамі-хімікамі) пачаў рабіць аналізы стараж. знаходак. Запісаў шмат легенд і паданняў пра помнікі даўніны. Імкнуўся прасачыць эвалюцыю абраду пахавання ад эпохі латэну да часоў ВКЛ. Першы ўзняў праблемы даследавання Чорнай Русі як гіст. з’явы, надаваў асаблівае значэнне геагр. фактару яе засялення, спрабаваў даць прыкладную храналогію змены культур гэтага рэгіёна. Удзельнік 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Быў чл. Віленскага т-ва сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага т-ва. Частку матэрыялаў са сваёй археал. калекцыі перадаў у музеі Кракава, Пецярбурга, Масквы, Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ Цішка (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). УдзельнікВял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),
дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш.бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус.геагр.т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУСССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́ШЧАНКА Кузьма Юр’евіч (кастр. 1888, в. Замосцішча Смаленскай вобл., Расія — 12.3.1922),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1912). З 1906 прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Пскоўскай бел. рады. Дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўн. фронту ў Віцебску (ліст. 1917), Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Восенню 1918 кааптаваны ў Віленскую беларускую раду (ВБР). Паводле ўмоў перагавораў (15.11—8.12.1918) паміж ВБР і Літоўскай тарыбай, у аснове якіх ляжала ідэя стварэння Бел.-Літ. дзяржавы, прызначаны нач. Гродзенскага пав., потым прадстаўніком Літ. тарыбы ў Ваўкавыскім пав. Адначасова з ліст. 1918 в.а. кіраўніка Мін-ваўнутр. спраў БНР. Супрацоўнічаў з Гродзенскім падп. к-там РКП(б), вёў арганізац. працу па стварэнні Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Са студз. 1919 камісар Мін-вабел. спраў Літ. тарыбы ў Беластоку і Гродне; удзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Гродзеншчыны. З лют. 1919 сакратар замежных спраў БНР, з сак. 1919 міністр унутр. спраў ва ўрадзе А.Луцкевіча. На Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны (чэрв. 1919) абраны ў склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. З лета 1919 дыпламатычны прадстаўнік БНР у Латвіі і Эстоніі. Пасля вяртання ў Вільню арыштаваны польскімі ўладамі. З вер. 1919 у Мінску, старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Са снеж. 1919 чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР, але ў хуткім часе падаў у адстаўку з пасады міністра ўнутр. спраў БНР і выключаны з БПС-Р. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студз. 1920 Цэнтр.бел. саюза сельскай гаспадаркі (Цэнтрабелсаюза). У час наступлення сав. войск у ліп. 1920 разам з Б.Тарашкевічам і В.Іваноўскім эвакуіраваўся ў Варшаву. З восені 1920 старшыня Цэнтр.бел.нац.к-та, чл.рэвіз. камісіі «Саюза спажывецкіх кааператываў Гарадзеншчыны». На нац.-паліт. нарадзе 1920 у Рызе ад імя Найвышэйшай рады БНР самавольна склаў паўнамоцтвы апошняй і прызнаў урад В.Ластоўскага. З пач. 1921 у Вільні, адзін з заснавальнікаў Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне. Пазней пераехаў у БССР, працаваў у Мінску на адказных пасадах у Цэнтрабелсаюзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЯ́НАЎ Аляксандр Васілевіч (30.1.1888, Масква — 3.10.1937),
расійскі эканаміст-аграрнік, пісьменнік, мастацтвазнавец. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1910), выкладаў у ім да 1930 (з 1918 праф.), а таксама ў Нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага (з 1911), у Камуніст. імя Свярдлова і ў Маскоўскім ун-тах. Заснавальнік (1915) і першы старшыня Цэнтр.т-ва льнаводаў. Нам. міністра земляробства ў Часовым урадзе (1917), старшыня савета Сельскасаюза (1919—20), чл. калегіі Наркамзема (1921—23). Дырэктар заснаванага ім НДІс.-г. эканомікі і палітыкі (1922—28). У 1930 арыштаваны, у 1932 засуджаны на 5 гадоў папраўча-прац. лагераў, у 1937 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1987. Паводле Ч., у аснову агр. рэформы павінны быць пакладзены 2 прынцыпы: найб. прадукцыйнасці нар. працы, што прыкладаецца да зямлі, і дэмакратызацыі размеркавання нар. даходу. Адмаўляючы і капіталізм, і «дзяржаўны сацыялізм», і «анархісцкі камунізм», ён лічыў, што забяспечыць ажыццяўленне абодвух прынцыпаў можа толькі кааперацыя, і таму будучы аграрны лад павінен быць кааператыўным. Прапаноўваў разумна спалучаць стыхійнае развіццё нар.-гасп. жыцця з дзярж. і грамадскімі мерапрыемствамі, бо лічыў, што асновай агр.буд-ва павінна стаць кааператыўная сял. гаспадарка. На яго думку, у адрозненне ад прам-сці высокая ступень канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці нерэнтабельная, таму пажадана развіваць дробную і сярэднюю сял. гаспадарку. Погляды Ч. і яго школы былі аб’яўлены немарксісцкімі, а ён абвінавачаны ў жаданні захаваць індывід.сял. гаспадарку і абароне інтарэсаў кулацтва. Асн. працы: «Кароткі курс кааперацыі» (1915), «Што такое аграрнае пытанне?» (1917), «Асноўныя ідэі і формы арганізацыі сялянскай кааперацыі» (1919), «Арганізацыя сялянскай гаспадаркі» (1925). Аўтар вершаў, аповесцей, п’ес, сцэнарыяў, даследаванняў па гісторыі Масквы. Чл.т-ва «Старая Масква» (1920), адзін з заснавальнікаў Рус.т-ва сяброў кнігі, удзельнік распрацоўкі экспазіцыі Камунальнага музея. Сабраў багатую калекцыю зах. гравюр, на аснове якой напісаў кнігу-даведнік «Старая заходняя гравюра» (1926).
Тв.:
Избр. произв.М., 1989;
Избр. повести. М., 1989;
Крестьянское хозяйство: Избр. труды. М., 1989;
Избр. труды. М., 1991.
Літ.:
Балязин В.Н. Профессор Александр Чаянов, 1888—1937. М., 1990;
Н.Д.Кондратьев, Н.П.Макаров, А.В.Чаянов, А.Н.Челинцев: Указ. лит. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́САРГСКІ Мадэст Пятровіч (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),
рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік«Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст.муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.
Літ. тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932; Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72; Письма. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;
Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;
Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;
Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;