аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.В.Пляханаў і У.І.Ленін.
Тв.:
Рус.пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;
Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;
Познание и заблуждение. М., 1909;
Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.
Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв.яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
Літ.:
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),
старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВА́ДА (Nevada),
штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс.км². Нас. 1746,9 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-растудз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд.кВт·гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст.яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) //Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.