перамяшчэнне ў прасторы асобіны або яе часткі, у т. л.цытаплазмы. Аснова Р. — пераважна рэакцыя ўзаемадзеяння паміж скарачальнымі бялкамі (актынам і міязінам) і адэназінтрыфосфарнай кіслатой. Ва ўнутр. асяроддзі адбываецца ў форме ўзаемазвязаных працэсаў, якія накіраваны на захаванне гамеастазу і забеспячэнне аптымальнай хуткасці абмену рэчываў, стрававання, дыхання, выдзялення і інш. на субклетачным, клетачным, тканкавым, сістэмным і арганізмавым узроўнях. У жывёл спосаб перамяшчэння асобіны залежыць ад тыпулакамоцыі і ўмоў навакольнага асяроддзя (наземнае, воднае, паветранае). Адзіночныя клеткі (напр., амёбы, фібрабласты, макрафагі) рухаюцца шляхам павольнага перацякання пратаплазмы; некат. віды выкарыстоўваюць жгуцікі і раснічкі або спец. прыстасаванні (шчацінкі, лускавінкі, шчыткі), з дапамогай якіх яны чапляюцца за няроўнасці субстрату. Найб. пашыраная канструкцыя органаў Р. — канечнасці — сістэма рычагоў, якія рухаюцца з дапамогай скарачэння мышцаў. У большасці раслінасн. спосаб іх Р. — рост расцяжэннем. Адбываецца ў выніку павелічэння даўж. і (або) дыяметра клетак і павелічэння аб’ёму ў 10—100 разоў. Неабарачальнасць расцяжэння клетак — адно з важных умоў росту і морфагенезу органаў. Знаходзіцца пад кантролем фітагармонаў, пераважна аўксінаў, абсцызавай кіслаты і этылену. На аснове механізму росту расцяжэннем у працэсе эвалюцыі паявіліся больш дасканалыя формы Р.: трапізмы, настыі, нутацыі. У свеце раслін таксама пашыраны спосабы мех. пасіўных Р. (напр., перанос спор, пылку, насення струменямі паветра, вады або жывёламі).
Літ.:
Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ.М., 1970;
Каппуччинелли П. Подвижность живых клеток: Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІАкадэміі аграрных навук Беларусі
(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел.н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел.аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІхарч. прам-сці, з 1939 Бел.н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),
гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет.тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.Г.Аношка, П.І.Жукаў, В.У.Кончыц. З 1962 выдаецца навук.зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».
Літ.:
Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,
свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).
Літ.:
Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;
Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;
Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;
Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПнУ Беларусі ў Віцебскай вобл., частка на тэр. Смаленскай вобл. (Расія). Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Мяжуе з Гарадоцкім узв. на З і Віцебскім узв. — на Пд. Выш. 150—160 м. Пл. каля 900 км².
Прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў. Фарміраванне паверхні С.н. звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Зах. Дзвіна каля г. Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ўскраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі. Карысныя выкапні: лёгкаплаўкія гліны, даламіт, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. Адносныя перавышэнні рэльефу 2—3 м, да 10 м (дзюнны рэльеф). Нізіну дрэніруюць р.Зах. Дзвіна з прытокамі Каспля, Усвяча з Аўсянкай. Даліны маюць па 2—3 эразійна-акумулятыўныя тэрасы. Найб. азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам каля 30%, лясы хваёвыя, асінавыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дамешкі ясеню, клёну, ліпы і інш. Балоты вярховага тыпу. Пад ворывам да 20%. У межах С.н. біял. заказнік Запольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́СЦКАЯ БА́ЗА,
установа гасцінічнага тыпу для арганізаванага размяшчэння, харчавання, фізкультурна-аздараўленчага і культурна-быт. абслугоўвання турыстаў і экскурсантаў планавых маршрутаў (пры наяўнасці свабодных месцаў — і турыстаў без пуцёвак). Т.б. з павышаным камфортам (у гарадах, турысцкіх цэнтрах) наз. турысцкімі гасцініцамі.
Т.б. размяшчаюць на планавых маршрутах. спецыяльна вызначаных і падрыхтаваных пешых. водных, лыжных, конных, аўтобусных ці камбінаваных трасах (у сельскай мясцовасці. курортных зонах, у раёнах размяшчэння прыродных комплексаў. помнікаў прыроды, гіст.-культ. аб’ектаў і інш.). Займаюць звычайна некалькі будынкаў (т.зв. павільённая забудова). Функцыянуюць круглы год або сезонна (улетку ўмяшчальнасць павялічваецца за кошт сезонных памяшканняў). У залежнасці ад спецыялізацыі Т.б. абсталёўваюць пэўным комплексам спарт. збудаванняў і пляцовак, пунктамі пракату турысцкага рыштунку. інвентару і інш. Прадугледжваецца пераважна актыўны адпачынак: паходы, экскурсіі, фізкульт.-аздараўленчыя мерапрыемствы і інш. Праводзяцца кансультацыі па пытаннях турызму і экскурсій, вядзецца прапаганда турысцкіх падарожжаў.
На Беларусі Т.б. маюць рознае падпарадкаванне. Першая прафсаюзная Т.б. — «Воз. Нарач» — засн. ў 1958. У краіне дзейнічае (2002) 8 Т.б.: «Белае Возера» (улетку 500 месцаў), «Лясное Возера» (600) у Брэсцкай, «Браслаўскія азёры» (500), «Лосвіда» (500) і «Орша» (400) у Віцебскай, «Сож» (400) у Гомельскай, «Нёман» (300) у Гродзенскай, «Высокі Бераг» (190) у Мінскай абласцях. З турысцкіх гасцініц найбольшыя — «Арбіта» (350), «Турыст» (250) у Мінску, «Нарач» (900), «Нарачанка» (800) у Мінскай вобл. Працуе таксама шэраг дзіцячых турысцка-экскурсійных баз або станцый (у падпарадкаванні Мін-ва асветы) і ведамасныя Т.б. — уласнасць вытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕГРА́ФНЫ АПАРА́Т,
апарат для перадачы і прыёму тэлегр. паведамленняў у працэсе тэлеграфнай сувязі. Звычайна складаецца з перадатчыка і прыёмніка; у яго склад могуць уваходзіць рэперфаратарная і трансмітэрная прыстаўкі, аўтаадказчык і аўтастоп. Увод інфармацыі ажыццяўляецца ўручную з клавіятуры (як у персанальнай ЭВМ) або аўтаматызавана з выкарыстаннем счытвальнага прыстасавання (трансмітэра). З 1970-х г. выкарыстоўваюцца электронна-мех. Т.а. з паўправадніковымі прыладамі. Большасць Т.а. — літарадрукавальныя (тэлетайпы) і факсімільныя апараты; асн. тып Т.а. — стужачны і рулонны стартстопны апарат.
Першы практычна прыдатны Т.а. (эл.-магн.тыпу) вынайшаў у 1832 П.Л.Шылінг. Паведамленні запісваліся ў выглядзе ламанай лініі (пішучыя Т.а.) або кропак і працяжнікаў (у Морзе апаратах, распрацаваных у 1837). Больш дасканалымі сталі эл.-магн.літарадрукавальныя апараты, створаныя Б.С.Якобі (1950), Д.Э.Юзам (1855), Ж.М.Э.Бадо (1876, гл.Бадо апарат) і інш. З 1960 у якасці літарадрукавальных выкарыстоўваюцца стартстопныя Т.а. Іх перадатчык (уключае клавіятуру, шыфратар, размеркавальнік і інш.) фарміруе і пасылае ў канал сувязі тэлегр. сігналы ў адпаведнасці з кодам тэлеграфным (МТК-2); прыёмнік (мае прыёмны электрамагніт, дэшыфратар, друкавальны механізм) прымае сігналы і друкуе адпаведныя ім знакі. У тэлеграфных сетках выкарыстоўваюцца стартстопныя электроннамех. рулонныя Т.а. F2000, F2500 і інш.
І.У.Косціна.
Тэлеграфны апарат: а — наборныя лінейкі перадавальнага тэлетайпнага апарата (1 — літары, якімі набіраецца тэкст; 2 — наборныя лінейкі, датыканне ці недатыканне да якіх рычагоў 3 дае код пэўнай літары); б — прынцып дзеяння тэлетайпа (1 — клавіша літары з рычагом; 2 — наборныя лінейкі; 3 — стужка, на якой адбіваецца націснутая літара ці лічба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРА́МЕНТ (ад лац. temperamentum належныя суадносіны частак, суразмернасць),
характарыстыка індывіда з боку яго дынамічных асаблівасцей: інтэнсіўнасці, хуткасці, тэмпу і рытму псіхічных працэсаў і станаў. Актыўнасць і эмацыянальнасць — кампаненты, якія прысутнічаюць у большасці класіфікацый і тэорый Т. Актыўнасць паводзін характарызуе ступень энергічнасці, імклівасці, хуткасці, а таксама маруднасці, інертнасці; эмацыянальнасць характарызуе асаблівасці працякання эмоцый, пачуццяў, настрояў і іх якасць. Адрозніваюць уласна Т. як пэўнае ўстойлівае спалучэнне псіхадынамічных якасцей, што праяўляюцца ў дзейнасці і паводзінах, і яго арганічную аснову. Вядомы 3 асн. сістэмы тлумачэнняў сутнасці Т. Першая (гумаральная) звязвае стан арганізма з суадносінамі розных вадкасцей, у выніку чаго вылучаюцца 4 тыпы Т.: сангвінічны, халерычны, меланхалічны, флегматычны (Гіпакрат, К.Гален і інш.). Другая (канстытуцыянальная) грунтуецца на адрозненнях у канстытуцыі арганізма (Э.Крэчмер, У.Шэлдан і інш.). Трэцяя звязвае Т. з дзейнасцю цэнтр.нерв. сістэмы Паводле вучэння І.П.Паўлава вылучаюцца 3 асн. ўласцівасці нерв. сістэмы (сіла, ураўнаважанасць, рухомасць узбуджальнага і тармазнога працэсаў) і 4 асн. іх спалучэнні (4 тыпы вышэйшай нерв. дзейнасці): моцны, ураўнаважаны, рухомы; моцны, ураўнаважаны, інертны; моцны, неўраўнаважаны; слабы. Першаму тыпу адпавядае Т. сангвініка, другому — флегматыка, трэцяму — халерыка, чацвёртаму — Т. меланхоліка. Даследаванні Б.М.Цяплова і У.Дз.Небыліцына паказалі, што колькасць камбінацый значна большая. Аднак 4 тыпы Т. як найб. абагульненыя выкарыстоўваюцца для вывучэння індывідуальнасці. Т. адносна ўстойлівы і амаль не мяняецца пад уздзеяннем асяроддзя і выхавання, аднак ён мяняецца ў антагенезе. Уласцівасці Т. могуць спрыяць або процідзейнічаць фарміраванню пэўных рыс асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́МЕНТ (ад лац. fundamentum аснова),
ніжняя частка будынкаў ці збудаванняў, якая перадае нагрузку грунтам. Глыбіня Ф. залежыць ад інж.-геал. і гідралагічных умоў, канструкцыйных асаблівасцей будынкаў і збудаванняў, глыбінь прамярзання пучыністых грунтоў, размыву (для гідратэхн. збудаванняў). Ф. робяць з жалезабетону, бетону, бута-бетону, каменю, бутавага каменю, цэглы-жалезняку і дрэва.
Ф. падзяляюцца на масіўна-суцэльныя пад усім збудаваннем; стужачныя пад суцэльныя сцены; адзіночныя (слупавыя) пад калоны; каробчатыя — пад вышынныя дамы; рамныя для апор прамысл. установак; Ф. складкавага тыпу ці з абалонак у выглядзе цел вярчэння пад асобныя апоры, калоны і высокія збудаванні; Ф. — блокі маставых апор, плацін, доменных і коксавых печаў, веж, помнікаў, станкоў і інш.; палевыя. Паводле спосабу вырабу Ф. бываюць зборныя з гатовых блокаў, маналітныя і зборна-маналітныя. Да Ф. глыбокага залажэння звычайна адносяцца канструкцыі, якія апускаюцца па меры вымання грунту з-пад ніжніх частак. Да іх належаць апускныя калодзежы, кесоны і цыліндрычныя абалонкі. Утвораныя поласці запаўняюцца бетонам, муроўкай, жвірам і пяском ці выкарыстоўваюцца для розных падземных збудаванняў. Палевыя Ф. робяцца з забіўных ці набіўных паляў. Забіўныя палі робяць на заводах ці палітонах і потым апускаюць у грунт адным са спосабаў: забіўкай, вібрацыяй, падмывам, закручваннем, зацісканнем ці камбінацыяй іх. Набіўныя палі ствараюцца непасрэдна ў грунце на месцы праектнага становішча: утвараюць шчыліны ў грунце і запаўняюць бетонам.
Ю.А.Сабалеўскі, Дз.Ю.Сабалеўскі.
Фундаменты: а — стужачны зборны; б — перакрыжаваны; в — зборны; г — слупкаваты: 1 — слуп з бетонных блокаў; 2 — жалезабетонная фундаментальная бэлька; 3 — кладка сцяны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні баявых атрутных рэчываў, таксінаў, фітатаксінаў. Уключае хім.боепрыпасы аднаразовага выкарыстання (артыл. снарады, авіяц. бомбы, міны, шашкі і інш.) і шматразовага (т. зв. хім. баявыя прылады — выліўныя авіяц. прылады, тэрмамех. і мех. генератары і інш.).
Сродкі дастаўкі Х.з.: авіяцыя, ракеты, артылерыя і інш. Паражальная дзейнасць Х.з. заснавана на таксічных уласцівасцях хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў парападобным, вадкім або аэразольным стане, могуць пранікаць у арганізм цераз органы дыхання, скурнае покрыва, слізістыя абалонкі, страўнікавы тракт. Х.з. можа быць выкарыстана для паражэння жывой сілы, заражэння мясцовасці, узбраення, баявой тэхнікі і розных тылавых аб’ектаў. Ад інш. відаў зброі адрозніваецца: высокай таксічнасцю, што дазваляе малымі дозамі выклікаць значныя страты ў стане праціўніка; вял. пранікальнасцю ў розныя збудаванні, ваен. тэхніку і інш.; складанасцю своечасовага выяўлення наяўнасці выкарыстання атрутных рэчываў, распазнавання іх тыпу, вызначэння тэрміну дзеяння і інш. Упершыню Х.з. (хлор) была выкарыстана ў 1-ю сусв. вайну герм. войскамі 22.4.1915 у раёне г. Іпр (Бельгія), пазней арміямі інш. дзяржаў.
Выкарыстанне Х.з. забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925. У 1993 у Парыжы прынята канцэпцыя аб забароне распрацоўкі, вытв-сці, назапашвання і выкарыстання Х.з. і яе знішчэнні (уведзена ў дзеянне ў крас. 1997).
Літ.:
У Тан. Химическое и бактериологическое (биологическос) оружие и последствия его возможного применения: [Доклад на XXIV сессии Генеральной Ассамблеи ООН]. М., 1970;
Степанов А.А., Попов В.Н. Химическое оружие и основы противохимической защиты. М., 1962;
Херш С. Химическое и биологическое оружие: Пер. с англ.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
асноўны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека, гал. і спецыфічная функцыян. дзейнасць якога — ажыццяўленне рэфлексаў, звязаных з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У беспазваночных складаецца з гангліяў і нерв. ланцужка, у пазваночных — са спіннога мозга і галаўнога мозга. У вышэйшых жывёл і чалавека ніжэйшыя і сярэднія аддзелы Ц.н.с. — спінны мозг, прадаўгаваты мозг, сярэдні мозг, прамежкавы мозг, мазжачок — рэгулююць дзейнасць асобных органаў і сістэм арганізма, ажыццяўляюць сувязь і ўзаемадзеянне паміж імі, забяспечваюць адзінства арганізма і цэласнасць яго дзейнасці. Спецыфічная адзнака Ц.н.с. — забеспячэнне функцыян. субардынацыі (пэўнай супадпарадкаванасці паміж органамі). Вышэйшы аддзел Ц.н.с. — кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга.
У прасцейшых жывёл адсутнічае. У кішачнаполасцевых дыфузная нерв. сістэма. Станаўленне прасцейшай Ц.н.с. звязана з сегментацыяй цела (напр., у раснічных чарвей фарміруюцца нерв. вузлы). У пазваночных Ц.н.с. ўтвараецца ў эмбрыягенезе з вонкавага зародкавага лістка (эктадэрмы) і адносіцца да тыпу трубчастай нерв. сістэмы. У працэсе нейруляцыі пярэдні канец нерв. трубкі падзяляецца на 3 мазгавыя пузыры, яе задняя частка ператвараецца ў спінны мозг. У працэсе гіст. развіцця пазваночных яе будова ўскладнялася, часткі, размешчаныя ў пярэднім аддзеле цела (галаўны мозг, асабліва кара вялікіх паўшар’яў), набылі надзвычай важнае значэнне (гл.Вышэйшая нервовая дзейнасць). Імпульсы ад рэцэптараў праходзяць па цэнтраімклівых нервовых валокнах, далей яны пералаюцца на цэнтрабежныя нервовыя валокны, па якіх узбуджэнне дасягае органаў і тканак, выклікаючы змены іх функцыян. стану.
Літ.:
Костюк П.Г. Физиология центральной нервной системы. Киев, 1977;