турбелярыі (Turbellaria), клас плоскіх (пляскатых) чарвей. 2 падкл., 11 (12) атр., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах усіх шырот (у трапічных лясах трапляюцца наземныя формы). Свабоднажывучыя, пераважна донныя формы. Асобныя віды — паразіты беспазваночных (ігласкурых, малюскаў, ракападобных і інш.).
Даўж. ад доляў міліметра да 60 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, укрыта раснічным эпітэліем (адсюль назва). Поласць цела запоўнена парэнхімай. Большасць відаў — драпежнікі. Гермафрадыты. Развіццё палавое, прамое або з метамарфозам, у некат. — бясполае, дзяленнем.
Літ.:
Иванов А.В., Мамкаев Ю.В. Ресничные черви (Turbellaria), их происхождение и эволюция. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),
раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн.г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́Я РА́КІ,
падатрад поўзаючых ракаў (Reptantia) атр. дзесяціногіх ракападобных. 3 сям.Пашыраны ў прэсных вадаёмах умераных паясоў зямнога шара, апрача Афрыкі. Жывуць у рэках, ручаях, пячорных вадаёмах. Укрываюцца ў норах. Адчувальныя да якасці вады. На Беларусі 2 віды Р.р.: вузкапальцы (Astacus leptodactylus) і шыракапальцы (A. astacus, або A. fluviatilis), які занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 30 см (мадагаскарскага Р.р. да 80 см), маса да 150 г. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей і брушка з 6 сегментаў, укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя, сцябліністыя. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, спажываюць і жывёльны корм (пераважна рэшткі). Раздзельнаполыя. Пры росце некалькі разоў ліняюць Шэраг відаў — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),
падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл.гл. да арт.Інфузорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жабо́
(фр. jabot)
1) карункавая зборчатая абшыўка вакол каўняра і на грудзях мужчынскай кашулі, модная ў 18 ст.;
2) высокі каўнер мужчынскай кашулі, які закрываў ніжнія часткі шчок; быў пашыраны ў 19 ст;
3) аздоба з карункаў або лёгкай тканіны ў зборках на грудзях каўняра жаночай блузкі, сукенкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),
атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб.пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.
Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,
тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л.русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб.пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел.дзярж.т-ра, самадз.драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г.пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,
жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).
Публ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАЦЫКЛЕ́ТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхн. відаў спорту. Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўж. 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўж. 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да М.с. адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне. М.с. найб.пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Швецыі і інш.Міжнар. федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904.
Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 у Вялікабрытаніі. там жа ў 1913 — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 у Паўд. Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. З пач. 1920-х г. арганізаваны іпадромныя і з 1930-х г. — трэкавыя гонкі на лёдзе. Першыя афіц. мотагонкі ў Расіі адбыліся ў 1898, у СССР — у 1924. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).
На Беларусі М.с. пашыраны з 1930. Федэрацыя мотаспорту, мотакросу і велакросу Беларусі існуе з 1992, Федэрацыя матацыклістаў Беларусі — з 1997. Спартсмены Беларусі — чэмпіёны СССР — Э.Лявонаў (1960), А.Лук’янчык (1963), Л.Варановіч (1964), Г.Гладкі (1970). Праводзяцца чэмпіянаты Беларусі, мотакросы на прызы імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца, Герояў Савецкага Саюза Дз.І.Гарбунова, М.Ф.Гастэлы, К.С.Заслонава, Дз.М.Карбышава, М.П.Шмырова і інш.