штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ.творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ.арг-цыябел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст.час.«Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.Купалы (1955), «Вянок» М.Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.Тумаш, 1989) і інш.Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.Тамашчык, Я.Ліманоўскі, В.Тумаш, А.Адамовіч, з 1982 В.Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНГБРОК ((Bolingbroke) Генры Сент-Джон) (16.9.1678, Лондан — 12.12.1751),
англійскі дзярж. дзеяч, філосаф, публіцыст. Віконт (1712). Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1702). Чл. парламента з 1701, адзін з лідэраў торы. Ваен. міністр (1704—08), дзярж. сакратар (1710—14). Садзейнічаў заключэнню Утрэхцкага міру 1713. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1715 выехаў у Францыю пасля абвінавачванняў у змове на карысць Сцюартаў. Вярнуўся ў 1725 і ўзначаліў пазапарламенцкую апазіцыю ўрада вігаў.
Паводле філас. поглядаў (сфарміраваліся пад уплывам эмпірызму і сенсуалізму Дж.Лока) Болінгброк прадстаўнік радыкальнага антыхрысц. кірунку ў англ. дэізме. Лічыцца першым англ. тэарэтыкам гіст. навукі. У працы «Пісьмы аб вывучэнні і карысці гісторыі» (1736—38: рус.пер. 1978) Болінгброк выкладаў філасофію гісторыі як навукі не як тэорыю гіст. працэсу, а як галіну ведаў, сферы духоўнай дзейнасці чалавека, з уключэннем у вобласць гістарычнага элементаў палітыкі, сацыялогіі, этыкі, права, этналогіі, рацыянальнай крытыкі біблейскай традыцыі. Прыроду ўлады прааналізаваў у творы «Ідэя пра Караля-Патрыёта» (1749).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1970). Праф. (1980). Бацька І.У.Алоўнікава. Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, класы кампазіцыі В.Залатарова і фп. М.Бергера), у 1947—94 педагог у ёй, у 1962—82 рэктар. Аўтар сімфанічнай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Жыццесцвярджальнасцю і лірычнай пранікнёнасцю вызначаюцца шырока вядомыя яго песні: «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня», «Песня пра Брэсцкую крэпасць», «Песня пра К.Заслонава», «Песня аб Мінску», «Недзе ў пасёлку» і інш.Найб. значныя праграмныя сімф.творы: паэмы «Партызанская быль» (1952), «Нарач» (1954), сюіта «Песні міру» (1958); араторыя «Партызанскія песні» (1994).
Інш. тв.: кантата для дзяцей «Усім піянерам таварыш і брат» (памяці М.Казея), «Урачыстая прэлюдыя» і эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці» для сімф.арк.; сюіта «На Палессі» і муз. карцінка «Зорка Венера» для арк.бел.нар. інструментаў; п’есы для фп., скрыпкі і фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),
універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творысусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер.паліт. дзеячаў і інш.Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАШО́НАК (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг.муз. часткі Бел.т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр.творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмы Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст.творыайч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел.дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст.абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінская б-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл.б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн.экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.