Ле́скавіца ’незабудка’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Можна дапусціць, што пачатковае б- адпала (*блескавіца ад блішчэць). Тады будзе больш зразумелай матывацыя іншых назваў незабудкі ў бел. і іншых слав. мовах: бел. жабіные вочкі, пацерачка, польск. ptasie oczko, pacierzyszka, укр. світцян, жабіни очки, гадячі очі, павині вічки, чэш. rybi očko, vrani očko, славац. hadie, stracie ocko, а таксама літ. ašariukė (< ašaroti ’ліць слёзы’), г. зн. нешта бліскучае, якое вылучаецца на фоне іншых прадметаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лупану́ць ’рвануць, пацягнуць’ (ТС), ’моцна ўдарыць’ (віл., Сл. ПЗБ), лупяну́ць ’тс’ (Нас., ТСБМ), лупену́ць ’тс’, ’раздзерці’, ’падраць’, ’наесціся’ (ТС), лупляну́ць ’выцяць’ (Юрч. Вытв.), лупяну́цца ’упасці, пабіцца’ (Нас.). Да лупі́ць 1 (гл.). Аб суфіксе ‑ану‑ гл. Бел. гр. 2 (1, 328–329) і Слаўскі (SP, 1, 44–45). Мяккасць папярэдняй зычнай залежыць ад мяккасці зычнай словаўтваральнай лексемы, таму можна меркаваць, што формы з ‑ану‑ ўзыходзяць да лупа́ць < прасл. lupati ’ўдараць, біць, стукаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́нгра ’венгерац’ (Шат.). Кантэкст: «Па сяле ходзіць вэнгра з лякарствамі». Таму можна меркаваць, што гэта слова мела таксама значэнне ’вандроўны гандляр’. Параўн. рус. венге́рец, венгр ’венгерац’, а таксама ’бродячий торговец, продававший по городам и поместьям товары и лекарства, по происхождению главным образом словак из Венгрии’ (Фасмер, 1, 290, са спасылкай на Мельнікава–Пячэрскага). З польск. węgier ’венгерац’ (гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама дадаткі Трубачова (там літ-ра адносна венгерец ’гандляр’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галапу́н ’певень’ (Жд. 2). Няяснае слова. Нічога падобнага не знаходзіцца ні ў іншых дыялектах, ні ў суседніх мовах. Можна меркаваць, што гэта нейкае мясцовае новаўтварэнне. Кантэкст у слоўніку, дзе зафіксавана гэта слова, такі: «Галапун гэты чырвоны, толькі і грабецца ў гародзе». Мяркуем, што гэта жартоўная назва, дакладней, сапсаванае слова *калупу́н (ад калупаць; параўн.: «…толькі і грабецца ў гародзе») з азванчэннем пачатковага к > г і пераходам ненаціскнога у > а.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́музам ’агулам’ (БРС). Рус. дыял. га́музом, укр. га́музом. Паводле Фасмера (1, 391), адносіцца да дзеяслова гомза́ть ’кішэць’ < *gъmъz‑. Трубачоў (Эт. сл., 7, 195) пад *gъmъz‑ разглядае многа славянскіх лексем, у тым ліку рус. гомоз ’мноства’, го́мозом ’усе разам’, га́маз ’маса, мноства’, га́мазам ’разам, агулам’, укр. га́муз ’мякаць; бацвінне (ад буракоў, лісты капусты)’, га́музом ’агулам’, бел. га́музам ’тс’, гаму́з ’шум’. Што гэта слова адносіцца іменна да групы *gъmъz‑, можна не сумнявацца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гапцава́ць ’многа есці’ (Шат.). Няма ў рус. і ўкр. мовах у гэтым значэнні. Фармальна падыходзіць для параўнання ўкр. гопцюва́ти ’танцаваць гопаючы; скакаць (аб конях)’, але семантыка вельмі адрозніваецца. Таму можна меркаваць, што бел. лексема гэта нейкае жаргоннае слова, магчыма, запазычана з укр. мовы і ўжываецца ў метафарычным значэнні. Паколькі пакуль няма дадатковых даных аб гісторыі слова гапцава́ць у бел. мове, то больш пэўнага аб ім сказаць нічога нельга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарму́шка ’страва, прыгатаваная з вады, кусочкаў хлеба і солі’ (Сцяшк.), ’накрышаны ў малако (часам у пасоленую ваду) хлеб; цура’ (Сцяц.), гарму́шка ’цура’. Паводле Сцяц. Нар. (49), запазычанне з польск. farmuszka, faramuszka, warmuszka (< ням.) ’поліўка з вады, піва і хлеба; густая поліўка з мукі і інш.’ Аднак можна меркаваць, што слова ўзнікла азванчэннем (к‑ > г‑ пры наяўнасці ў слове санорных гукаў р, м) з карму́шка ’тс’ (гл. карму́шка 2 ў Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гліцэры́н ’гліцэрын’ (ТСБМ). Рус. глицери́н. У бел. мове часцей ужываецца ў форме гліцэры́на. У такой жа форме слова раней было вядома і ў рус. мове (глицерина). Паводле Фасмера (1, 413), запазычанне з ням. Glyzerin ’тс’. Шанскі (1, Г, 94) мяркуе, што запазычанне магло быць як з ням., так і з франц. мовы. Але можна думаць, што бел. форма гліцэры́на хутчэй указвае на польск. мову як непасрэдную крыніцу запазычання. Параўн. польск. gliceryna.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дазо́рца ’дазорац’ (БРС). Параўн. укр. дозо́рця, дозо́рець. Слова дозорца ’стораж, наглядчык’ сустракаецца ўжо ў ст.-бел. помніках XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Слова ўзята з польск. dozorca ’тс’ (з тыповай зах.-слав. суфіксацыяй). Адносна бел. дазо́рац, укр. дозо́рець можна меркаваць, што гэта таксама паланізмы, але з замененай суфіксацыяй (з прыстасаваннем яе да ўсх.-слав. тыпу). Трубачоў (Эт. сл., 5, 90) лічыць, што бел. слова дазо́рац, укр. дозо́рець < прасл. *dozorьcь. Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́гле ’нельга, немагчыма’ (ТС). У выніку перастаноўкі зычных ад нельга ’тс’; канчатак ‑е можна вытлумачыць па-рознаму: або *негля > негле пад уплывам адпаведных прыслоўяў на -е тыпу добра (на думку Карскага, 2–3, 76, з польскай ці ўкраінскай), або як захаванне старажытнай формы дав. скл. ад льга (гл.), параўн. ст.-слав. нельзѣ, з узнаўленнем непалаталізаванага зычнага г. Фармальна падобнае рус. нёгли, негли ’хіба, няўжо’ мае іншае паходжанне (нег‑ли?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)