ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн.навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫ (Hydrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПНАПЕ́ДЫ́Я (ад гіпноз + грэч. paideia навучанне),
навучанне ў час натуральнага сну. Сон (натуральны і штучны) як сродак для набыцця ведаў выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнасці (будыйскія святары ў Кітаі, факіры і ёгі ў Індыі і інш.). Спробу практычнага выкарыстання гіпнапедыі ў навейшы час рабілі Д.А.Фіней (1923, ЗША), А.М.Свядашч (1936, СССР). Цікавасць да гіпнапедыі і імкненне надаць ёй тэарэт. абгрунтаванне аднавіліся ў 1950—60-я г. Паводле эксперым. даных засваенне інфармацыі пры гіпнапедыі залежыць ад характару памяці, узросту навучэнца, колькасці сеансаў, аб’ёму праграмы за 1 сеанс навучання, інтанацыйнай характарыстыкі мовы. Аднак гіпнапедыя не замяняе натуральны пед. працэс; яна можа быць выкарыстана для замацавання ў памяці толькі некаторых відаў інфармацыі (замежныя словы, формулы, тэлегр. азбука і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ЛІТАРАТУ́РЫ,
раздзел літаратуразнаўства, які даследуе ўзнікненне, развіццё і змены літ. кірункаў і маст. стыляў у розныя эпохі і ў розных народаў, а таксама канкрэтныя літ. і літ.-крытычныя творы, творчасць асобных пісьменнікаў і літ. крытыкаў, фарміраванне, асаблівасці і гіст. лёс маст. метадаў, відаў і жанраў літаратуры. Развіццё л-ры ў кожнай краіне непарыўна звязана з гісторыяй яго народа і адрозніваецца непаўторнай нац.сац.-гіст. асаблівасцю, таму гісторыя літаратуры падзяляецца на гісторыі асобных нац. літаратур. Прасочваючы літаратурны працэс у адной краіне, даследчыкі высвятляюць яго сувязь і ўзаемадзеянне з літ. працэсам у інш. краінах, характарызуюць той нац. ўклад, які зроблены ці робіцца пэўным народам у сусветную літаратуру. Пра даследаванні па гісторыі бел. л-ры гл. ў арт.Літаратуразнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДУ́Н, грыжная трава (Herniaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА (грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаўдэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз.інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
Да арт.Гліптыка. Інталія «Джулія, дачка Цітуса». Аквамарын. 16 ст.Да арт.Гліптыка. «Камея Ганзага» з выявай Пталамея II Філадэльфа і яго жонкі Арсіноі. 3 ст. да н. э. Александрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],
глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс.відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс.га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАЗЕ́ЛЬ (Genista),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд.ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.