ПЛАНКТО́Н (ад грэч. planktos блукаючы),

сукупнасць дробных і мікраскапічных арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады і пасіўна пераносяцца цячэннем. Выдзяляюць зоапланктон (жывёльныя арганізмы), фітапланктон (водарасці) і бактэрыяпланктон, або сапрапланктон (бактэрыі, водныя грыбы, дрожджы). Прэснаводны П. (да глыб. 70 м) складаецца з зялёных, сіне-зялёных і дыятомавых водарасцей, сапрафітных бактэрый, ніжэйшых грыбоў, інфузорый, калаўротак, ніжэйшых ракападобных. Марскі П. (пераважна да глыб. 700 м) — аднаклетачныя водарасці, бактэрыі, прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, малюскі. ракападобныя, абалоннікі, лічынкі донных беспазваночных, ікра і маляўкі рыб. П. — асн. прадуцэнт арган. рэчыва ў вадаёмах (фітапланктон), мінералізуе адмерлыя рэшткі (сапрапланктон), ажыццяўляе біял. самаачышчэнне забруджаных вод, з’яўляецца кормам для беспазваночных, рыб, бяззубых кітоў і інш. Ракападобных марскога П. перапрацоўваюць у харч. і кармавыя прадукты, некат. віды П. культывуюць на корм рыбам і свойскай жывёле. Празмернае развіццё П. — т.зв. «цвіценне вады». Вывучае П. гідрабіялогія.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),

уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.​Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.​Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.​Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сатана́ ’у некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу, д’ябал’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сата́н ’сатана; надакучлівы чалавек’ (Нас.), са́тан, сатана́ ’сатана’, сата́нье ’чэрці’ (ТС). Укр., рус. сатана́, ст.-рус. сатана, ст.-слав. сотона, чэш. satan, satanáš, славац., н.-луж., в.-луж. satan, серб.-харв., славен. sotona, балг. сатана, сатона, макед. satana. Старажытнае запазычанне з грэч. σατανας, якое са ст.-яўр. sāţān (Міклашыч, 317; Фасмер, 3, 565; Кіпарскі, Gemeinslaw., 130), а не з гоц. satana, як лічаць Стэндэр–Петарсан (Slaw.-germ., 430 і наст.), Махэк₂, 538. Форму сатана Фасмер (там жа) тлумачыць другасным прыстасаваннем да грэч. формы. Сюды ж сатані́ць ’сварыць каго-небудзь з кім-небудзь’, ’шкодзіць’, ’зводзіць, падбухторваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2–3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντονлац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маг ’чарадзей, чараўнік’, ’жрэц, які спраўляў рэлігійныя абрады і прадказваў будучае’, (ТСБМ). Ст.-бел. макгъ, макгусъ (пач. XVII ст.). Запазычана праз польск. (ці рус.) мову з лац. magus < грэч. μάγος < ст.-перс. maguš (Барталомэ, 1111; Фасмер, 2, 554; Лёхін, 414). Сюды ж ма́гія, ма́гічны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глыбо́кі ’глыбокі’ (БРС), укр. глибо́кий, рус. дыял. глыбо́кий, чэш. дыял. hlyboký, балг. дыял. глибо́к і г. д. Прасл. дыял. *glybokъ. Гэта вельмі архаічная форма, варыянт да *glǫbokъ ’тс’ (параўн. грэч. γλύφω, лац. glūbō). Гл. Фасмер, 1, 417–418; Трубачоў, Эт. сл., 6, 160. Параўн. глабіна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базіліка ’расліна Acinos Moench. arvensis, душыца палявая’ (Кіс.). Параўн. рус. базилик Ocimum basilicum’, базилика ’Clinopodium’, укр. базилик ’Calamintha Clinopodium’, чэш. (ст.) bazylika ’Ocimum basilicum’ і г. д. Крыніцай гэтых назваў з’яўляецца лац. basilicum (< грэч. βασιλικόν ’каралеўскі’, гл. Махэк₂, 49). Параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 138, 140.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магні́т ’цела, якое мае ўласцівасць прыцягваць да сябе жалезныя, стальныя прадметы і адштурхоўваць некаторыя іншыя’ (ТСБМ, Бяльк.). Запазычана праз рускую або яшчэ праз ст.-рус. мову са ст.-грэч. λίθος Μαγνῆτις ’камень з г. Магнезія’, ст.-рус. магнитъ камень (Праабражэнскі, 1, 500; Фасмер, 2, 556).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́скус ’пахучае рэчыва’ (ТСБМ), ст.-рус. мускусъ, мъскусъ, москосъ ’тс’, якія праз лац. muscus ці ст.-грэч. μόσχος ’тс’ з перс. mušk ’бабровая струя’ < ст.-інд. muṣkás ’яечка’ (г. зн. сакрэт з залоз некаторых жывёл). У бел. мове (паводле Крукоўскага, Уплыў, 79) — з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мылі́са ’меліса аптэчная, Melissa officinalis L.’ (стол., Анох.). Праз укр. меліса ці польск. melisa ’тс’ з лац. навуковай назвы melissa (у класічнай латыні называецца apiasłrum, якое ў чэш. і польск. мовах існуе ў выглядзе калькі: чэш. rojovtiik, vcelnik, польск. rojownik, pszczelnik) < ст.-грэч. μέλισσα ’пчала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)