КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж.Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял.пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж.Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш.Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЎШЫЦ (Гілер Маркавіч) (8.7.1909, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 27.6.1983),
бел. гісторык, філосаф. Д-ргіст. (1961) і філас. (1977) навук.Праф. (1962). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1934), выкладаў у ім. З восені 1941 у Кзыл-Ардзінскім пед. ін-це (Казахстан), з 1944 выкладаў у БДУ. Вывучаў сац.-эканам., паліт. становішча і ідэалогію стараж. свету (пераважна Іудзеі і Рыма) і сярэдневяковай Еўропы, ’пытанні навук. атэізму і гісторыі філасофіі. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Мёртвага мора рукапісаў.
Тв.:
Классовая борьба в Иудее и восстания против Рима. Мн., 1957;
Кумранские рукописи и их историческое значение. Мн., 1959;
Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;
Очерки историографии Библии и раннего христианства. Мн., 1970;
Свободомыслие и материалистическая философия в Западной Европе (вторая половина XVII в.). Мн.,1975;
Реформационное движение в Чехии и Германии. Мн., 1978;
Критика идеализма и религии в трудах Г.В.Плеханова. Мн., 1981.
Літ.:
Ботвинник М. Г.М.Лившиц: Историогр. очерк. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),
Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́НЧАНКА (Рыма Фёдараўна) (н. 26.6.1935, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Сястра А.Ф.Маленчанкі. Скончыла БДУ (1957). У 1955—93 працавала ў Бел. т-ры юнага гледача. У 1965—74 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1975 (з перапынкам) — у Бел. ун-це культуры. На сцэне выконвала ролі травесці, драматычныя, характарныя. Ёй уласцівы тонкі псіхалагізм, мяккая стрыманая манера выканання. Ролі ў дзіцячым рэпертуары: Сунічка («Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж.Радары), Чырвоная Шапачка (аднайм. твор Я.Шварца), Хлапчыш-Благіш («Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.Гайдара) і інш. Сярод роляў у класічным рэпертуары: Агнія («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). З інш. роляў: Ульяна Паўлаўна («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Марутка («Марутка» С.Алексіевіч), Дзятлічыха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Долі (.«Галасы травы» Т.Капотэ). Выступае з монаспектаклямі. Займаецца канцэртнай дзейнасцю. У праграме творы рус. і бел. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г.Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м.Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
замацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. Прыняць нерухомае, устойлівае становішча; прымацавацца. Дэталь добра замацавалася.
2.(1і2ас.неўжыв.). Стаць пастаянным, трывалым, устойлівым. Навыкі замацаваліся. Дружба замацавалася.
3. Трапіўшы куды‑н., застацца там, зрабіўшы сваё становішча трывалым, надзейным. У Тэнгры чалавек прыйшоў, каб тут павек замацавацца.Дубоўка.
4. Утрымацца на занятай пазіцыі, арганізаваўшы абарону. Група, як кажуць ваенныя, асядлала.. дарогі і.. замацавалася.Кулакоўскі.
5. Застацца за кім‑, чым‑н., зрабіцца прыналежнасцю каго‑, чаго‑н. (пра назву, імя, мянушку і пад.). Так і замацавалася за Лішкам.. мянушка, так і заставалася за ім больш за год.Пальчэўскі.Паступова сярод духавенства галоўную ролю пачаў адыгрываць епіскап горада Рыма, за якім замацавалася назва папа рымскі.Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)