МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф.прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр.Політэхн.ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горада АЭС.
Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн. раён нафтаздабычы ў краіне.
Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).
Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́САКА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Осака. 10 609 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1998). Другі (пасля Токіо) па велічыні і эканам. значэнні горад Японіі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Унутр. Японскім м. (больш за 40% экспарту краіны). Міжнар. аэрапорт Ітамі. Гандл.-фін. цэнтр; фондавая, рысавая, бавоўнавая біржы, банкі. Прам-сць: цяжкая, у т. л.вытв-сць сталі, пракату, вырабаў з каляровых металаў; дакладнае машынабудаванне, судна-, энерга-, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць радыётэхн. абсталявання; тэкст. (тонкія шарсцяныя і баваўняныя тканіны, трыкатаж), хім. (гумавыя, сінт., лакафарбавыя вырабы), харч. (рыбакансервавая, мукамольная, цукровая і інш.), фармацэўтычная, дрэваапр., паліграф., цэм., шкляная, керамічная. Метрапалітэн. Ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў і музыкі, горада, яп.маст. рамёстваў і інш. Планетарый. Шматлікія каналы, паркі Наканосіма і Тэнодзі і ландшафтны сад Кэйтаку-эн. Арх. помнікі: храм Сітэнодзі (6 ст., перабудаваны ў 1623), сінтаісцкі храм Тэмангу (10 ст., перабудаваны ў 1901), замак (1586, рэстаўрыраваны ў 1931) і інш.
У старажытнасці на месцы О. існавала паселішча Наніва. У 5—9 ст. у ім была часовая рэзідэнцыя яп. імператараў. З часам развілася ў партовы горад. У 1583—86 правіцель Японіі Хідэёсі Таётомі пабудаваў у О. крэпасць (разбурана ў міжусобнай вайне ў 1615, адбудавана ў 1620—30) і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй У 17—19 ст. буйны горад, важны гандл. цэнтр Японіі. З канца 19 ст. тут развіваецца тэкстыльная, з пач. 20 ст. — цяжкая прам-сць. У пач. 20 ст. О. — адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну часткова разбураны амер. авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРНО (Brno),
горад на У Чэхіі. Адм. ц. Паўднёва-Мараўскай вобласці. 390 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (турба-, трактара-, прыладабудаванне, вытв-сцьхім. абсталявання і інш.), шарсцяная, хім., паліграф., харч., мэблевая, буд. матэрыялаў. Штогадовы міжнар.прамысл. кірмаш. Філіял Чэшскай АН. Акадэмія муз. мастацтваў. Ун-т. Музеі. Міжнар.муз. фестывалі (з 1966).
Упершыню ўпамінаецца як замак у 1091. З канца 11 ст. цэнтр удзельных княстваў Пржамысловічаў, з канца 12 ст. рэзідэнцыя мараўскага маркграфа. У 1243 абвешчаны вольным каралеўскім горадам, значнае развіццё атрымаў у 13—15 ст. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў, адм., гасп. і культ. цэнтр Маравіі. Каля Брно (г. Аўстэрліц, цяпер г. (Слаўкаў) адбылася Аўстэрліцкая бітва 1805. З 1918 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, з 1969 у Чэш. Рэспубліцы.
Гіст. ядро горада размешчана на рачных тэрасах паміж скалістымі пагоркамі Шпільберк і Петраў. Горад 13—16 ст. (з ірэгулярнай планіроўкай, вузкімі вуліцамі, авальнымі ў плане ўмацаваннямі) перабудаваны ў 17—18 ст. і асабліва ў 19—20 ст. За межамі гіст. цэнтра радыяльныя праспекты з пабудовамі ў духу эклектызму, стылю «мадэрн» і функцыяналізму. Сярод помнікаў архітэктуры: замак на пагорку Шпільберк (13—18 ст.), гатычны сабор св. Пятра і Паўла (14—19 ст.), Старая (14—16 ст.) і Новая (16—18 ст.) ратушы, рэнесансавыя жылыя дамы, Дытрыхштэйнскі палац (1616—19, барока, цяпер Мараўскі музей). Комплекс Міжнар.прамысл. кірмашу (з 1920-х г.), Мараўскі банк (1930—31, арх. Б.Фукс), віла «Тугендхат» (1930—31, арх. Л.Міс ван дэр Роэ) пабудаваны ў стылі функцыяналізму. Тэатр оперы і балета імя Л.Яначака (1958—65), гасцініца «Кантыненталь» (1960-я г.), новыя жылыя раёны (Лесна, Жабавржэскі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на ПдЗ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 33,3 тыс.км². Нас. 2639 тыс.чал. (1993), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Адэса. Найб. гарады: Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Катоўск.
Прырода. Большая ч.тэр. — Прычарнаморская нізіна, паўн.ч. — Падольскае узв. (выш. да 220 м), паміж Днястром і Прутам адгор’і Малдаўскага узв. (выш. да 223 м). Карысныя выкапні — буд. матэрыялы: гнейсы, граніты, вапнякі, гліны, пясок. Ёсць графіт, каменная соль, шмат мінер. крыніц. Клімат умерана кантынентальны, цёплы, з недастатковым увільгатненнем. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -5 °C, ліп. ад 21 °C да 23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 400 мм. Гал. рэкі: Дунай, Днестр. Прэсныя азёры Кагул, Ялпуг, салёныя — Шаганы, Алібей, Бурнас. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд пераходзяць у цёмна-каштанавыя слабасаланцаватыя. Паўн.ч. знаходзіцца ў лесастэпавай, астатняя — у стэпавай прыроднай зоне, якая амаль поўнасцю ўзараная. Лясы захаваліся на невял. плошчах (дуб, граб, ясень, клён). Запаведнік Дунайскія Плаўні.
Гаспадарка. Адэская вобласць — высокаразвіты ў эканам. адносінах раён Украіны з машынабуд., хім., нафтахім., лёгкай, харч. прам-сцю, шматгаліновай сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, развітым транспартам і курортнымі зонамі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны і прылады, пад’ёмныя транспарцёры; кавальска-прэсавае, гандл., мед., паліграф. абсталяванне; электратэхніка і кінаапаратура, выліч. машыны, кабель, прыладабудаванне, вытв-сць стальных канатаў), харч. (кансервавая, мукамольная, цукр., мясная, малочная, рыбная, вінаробная і інш.), камбікормавая, лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая), хім. (аміяк, суперфасфат, лакі і фарбы), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, цэлюлозна-папяровая прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Развітая збожжавая гаспадарка (пшаніца, кукуруза, ячмень, рыс), вырошчванне тэхн. культур (цукр. буракоў, сланечніку), агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінаводства, птушкагадоўля, рыбагадоўля. Буйныя арашальныя сістэмы. Суднаходства па Дунаі і Днястры. Марскія парты: Адэса, Ільічоўск, Ізмаіл і інш. Марскі чыг. паром Ільічоўск—Варна (Балгарыя). Чыгункі: Адэса—Масква, Адэса—С.-Пецярбург і інш., Адэская група курортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ (Baden Wurttemberg),
зямля (адм. адзінка) на ПдЗФРГ. Пл. 35,7 тыс.км². 10,2 млн.чал. (1994). Адм. ц. — г.Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім.прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал.чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.
Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц.акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.