РАБУШЫ́НСКІЯ,
дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.Я.Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.Я.Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.М.Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.П.Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл. ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл. к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.
т. 13, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)