ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў ЛІТВЫ ў Вільнюсе.

Утвораны ў 1957 як Цэнтральны дзярж. гіст. архіў Літ. ССР, які разам з інш. захоўваў дакументы Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. З 1990 сучасная назва. Захоўвае каля 900 фондаў, больш за 1,2 млн. спраў (1987). Зберагае крыніцы, якія маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі. Сярод дакументаў фонды Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, Радзівілаўскай камісіі, Таварыства сяброў навукі ў Вільні, упраўлення Віленскай навуч. акругі, калекцыі дакументаў Віленскай рымска-каталіцкай мітрапаліцкай курыі, Віленскай евангелісцка-лютэранскай калегіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віленскага Святадухаўскага манастыра, фамільныя зборы магнацкіх родаў Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. Пераважную частку архіўных збораў складаюць сац.-эканам. і грамадска-паліт. матэрыялы — інвентары, люстрацыі маёнткаў, лясніцтваў, старостваў, дакументы і вопісы актавых кніг земскіх і гродскіх судоў (Брэсцкага, Лідскага, Мінскага), кнігі Гродзенскай эканоміі, следчыя дакументы па справах філаматаў, «Братняга саюза літоўскай моладзі», удзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64, дакументы Віленскага ген.-губернатарства, Літоўскай, Віленскай, часткова Ковенскай, Аўгустоўскай і Сувалкаўскай губ., матэрыялы пра паўстанне 1794, вайну 1812, сял. рэформу 1861, сталыпінскія агр. рэформы, пра народніцкі і с.-д. рух, рэвалюцыю 1905—07, пра бел. газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», дакументы пра жыццё і дзейнасць Я.​Чачота, К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Цёткі, матэрыялы (часам цэлыя асабістыя фонды) даследчыкаў бел. культуры А.​Кіркора, Я.​Карловіча, Е.​Раманава, Я.​Карскага і інш. 3 нарматыўных матэрыялаў захоўваюцца старадрукаваныя кнігі, эпісталярная спадчына, зборнікі літ. і публіцыстычна-паліт. твораў 17—18 ст. з рэлігійна-панегірычнымі вершамі. барочнай сатырай, сеймавымі прамовамі і інш.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.—вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.—ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пру́зік ’конік’ (Ласт.), укр. пруз, пру́сик, пру́зик ’тс’, рус. дыял. пру́зик, прус ’дробная саранча; конік’. Утварэнні на базе ст.-рус. пруг, мн. л. пру́зи ’саранча’, ст.-сл. прѫжиѥ ’конікі’, што да *prǫgъ, роднаснага с.-н.-ням. spranke, sprinke ’конік’, другой частцы ст.-в.-ням. howespranca ’тс’ (літаральна ’які скача па сене’), аснова якіх выступае ў ст.-в.-ням. springen ’скакаць’, ст.-ісл. springan ’тс’ (Фасмер, 3, 387; БЕР, 5, 815; ЕСУМ, 4, 616). Разглядаецца як іменны дэрыват ад дзеяслоўнага кораня *pręg‑, для якога характэрнае значэнне ’напінаць, напружваць’ (ESJSt, 12, 730). Сюды ж, магчыма, і полёвы прус ’невялікае насякомае з дзвюма вострымі выпусткамі на канцы, якімі шчыпае’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.). Гл. пруг, пругкі. Аднак адзінкавая фіксацыя ў слоўніку Ластоўскага не дае падстаў лічыць слова народным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагу́лька 1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька 2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька 1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тусня́ разм. ‘зборышча людзей па інтарэсах з мэтай абмену думкамі; хаўрус, зносіны, шырокая кампанія’ (Свабода, 2003, 12 лістап.), ‘таўкатня, суталака’: Мы неаддзеленыя ад жыцця, ад вялікай тусьні (Наша Ніва, 2011, 27 лют.); сюды ж тусо́ўка слэнг. ‘сустрэча моладзі з мэтаю баўлення часу’ (Рамза, Бел. гутарк.), ‘група людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, кампанія’ (2004 г.), ‘любыя нефармальныя адносіны’ (1988 г.) (Улас.), тусава́цца ‘збірацца (аб кампаніі)’ (КТС). Калька пранікненняў з рускай мовы (тусо́вка ‘тс’, тусова́ться ‘тс’), якія ўзыходзяць да турэмна-блатнога жаргону: тусова́ть ‘біць, збіваць’, тусова́ться ‘збірацца’, ‘хутка адыходзіць, змывацца’, тусо́вка ‘бойка’, ‘скандал’ і ‘кампанія’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 163–166. Першапачаткова ад тасова́ть, тасо́вка (Арол, 4, 121), да семантыкі сучаснага слова параўн. смал. тусова́ть ‘мітусліва, трывожна рухацца’, тусова́ться ‘многа рухацца’ (СРНГ), параўн. тасава́ць, тасува́цца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),

бел. літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.​Багрыма, Ф.​Савіча, Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, З.​Бядулі, К.​Чорнага, Ц.​Гартнага, А.​Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.​Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.​Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, Я.​Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Цёткі, А.​Паўловіча і інш.

Тв.:

Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960;

Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975;

Кнігі і людзі. Мн., 1976;

Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

С.Х.Александровіч.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),

бел. літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і

біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.​Багрыма, Ф.​Савіча, Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, З.​Бядулі, К.​Чорнага, Ц.​Гартнага, А.​Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.​Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.​Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, Я.​Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм

народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.​Багушэвіча, К.​Каганца, Цёткі, А.​Паўловіча і інш.

Тв.: Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960; Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968; Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975; Кнігі і людзі. Мн., 1976; Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Даніла Мінавіч) (17.12.1889, в. Новае Сяло Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 8.12.1963),

бел. краязнавец, гісторык, літ.-знавец. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю і Віцебскі настаўніцкі ін-т. Настаўнічаў. З 1910 збіраў фальклор на Полаччыне. З 1919 інструктар школ на Віцебшчыне, пасля інспектар аддз. нар. асветы ў Оршы. У 1923 арганізаваў Віцебскае губ. бюро краязнаўства, з 1924 нам. старшыні Аршанскага акр. т-ва краязнаўства. У 1930—36 выкладчык і дэкан геагр. ф-та Магілёўскага пед. ін-та. 9.12.1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Котлас. Працаваў буравіком у Варкуце, з 1945 тэхнік-геолаг Варкуцінскага геолагаразведачнага ўпраўлення. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі. З 1914 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Шчыры, Вітэнь Д.). Даследаваў гісторыю рэв. руху, бел. л-ры 19 ст., бел. кнігадрукавання, развіцця мясц. прэсы, краязнаўчыя, гіст., этнагр. і сац.-эканам. праблемы.

Тв.:

Школа і настаўніцтва на Віцебшчыне // Асвета. 1924. № 3;

Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (З уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925. № 2;

Новыя матэрыялы творчасці Яна Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5;

Беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Віцебшчыне ў XIX сталецці // Тамсама;

Крыніцы мінулага Беларусі // Наш край. 1926. № 1;

Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі // Тамсама. № 2—3;

Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Тамсама. 1927. № 2;

З гісторыі аршанскага друку // Тамсама. № 6—9;

Беларускае Вольна-Эканамічнае таварыства // Тамсама. № 12;

Пад аховай роднай песні: (З перапіскі Яна Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1;

Сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерань у паўстанні 1863 году // Полымя. 1928. № 6;

Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Тамсама. 1929. № 6;

Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асвятленні // Наш край. 1929. № 5.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 61—64;

Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990. № 7.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл. — вер. 1944),

бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах. Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, Ю.​Славацкага, М.​Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі).

Тв.:

Доля і хлеб: Выбр. тв. Мн., 1980.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;

Гейнсвіль, 1988;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

Г.Леўчык.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКІ ЎСКРА́ІННЫ САЮ́З»,

«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.​Шмід, Д.​Скрынчанка, П.​Бывалькевіч, П.​Каранкевіч, А.​Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел. правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел. нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў ў II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас. дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел. нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.

М.​М.​Забаўскі.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)