гра́фік

(гр. graphikos = начэрчаны)

1) схема, якая пры дапамозе крывых ліній паказвае стан, развіццё чаго-н. (напр. г. змен атмасфернага ціску);

2) план работ з дакладнымі паказчыкамі норм і тэрмінаў выканання (напр. г. выпуску прадукцыі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

гільёш

(фр. guilloche)

1) малюнак з камбінацыі крывых пераплеценых ліній на банкнотах і каштоўных паперах, які робіць больш цяжкай іх падробку;

2) машына для адціскання такіх малюнкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНЕ́ГІН (Яўген Яўгенавіч) (н. 17.7.1932, г. Кастрама),

бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, з 1963 у навукова-вытв. аб’яднанні «ПЛАНАР», з 1973 яго ген. дырэктар. Навук. працы па дакладным машынабудаванні для мікраэлектронікі, асновах праектавання прэцызійнага тэхнал. абсталявання для вытв-сці інтэгральных схем. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Точное машиностроение для микроэлектроники. М., 1986;

Автоматическая сборка ИС: Технол. процесс. Оборудование. Управление. Техн. зрение. Привод: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.​А.​Зяньковічам, Л.​Р.​Бітно).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЕНТА́ЦЫЯ касмічнага апарата,

1) зададзенае вуглавое становішча касмічнага апарата (КА) адносна нябесных целаў, сілавых ліній магнітнага і гравітацыйнага палёў або іншых напрамкаў у прасторы.

2) Кіраванне вуглавым рухам КА на ўчастку свабоднага палёту — наданне яго восям пэўнага становішча адносна зададзеных напрамкаў. Бывае аўтаматычная і ручная. Арыентацыя залежыць ад прызначэння КА: пры даследаваннях нябесных целаў з борта КА неабходна яго арыентаваць на адпаведны аб’ект; ШСЗ, які выкарыстоўваецца для сувязі і мае накіраваныя антэны, арыентуюць на зямныя пункты сувязі; КА з сонечнымі батарэямі арыентуюць рабочай паверхняй батарэй на Сонца; збліжэнне некалькіх КА патрабуе іх узаемнай арыентацыі.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАУ́РАЎ (Барыс Львовіч) (27.10.1904, Масква — 21.6.1974),

савецкі біёлаг. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1927 у навук. установах біял. профілю. З 1967 дырэктар Ін-та біялогіі развіцця АН СССР. Навук. працы па пытаннях развіцця і спадчыннасці дразафілы і тутавага шаўкапрада, метадах атрымання поўнага штучнага (тэрмічнага) партэнагенезу і поўнага міжвідавога андрагенезу, стварэнні ядзерна-цытаплазматычных гібрыдаў. Даказаў вырашальную ролю клетачнага ядра ў морфагенезе і стварэнні міжвідавых адрозненняў, што паспрыяла вырашэнню праблемы рэгуляцыі пола ў жывёл і стварэнню паліплоідных ліній тутавага шаўкапрада.

Тв.:

Партеногенез, андрогенез и полиплоидия. М., 1977.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОХУА́ (кіт.нац. жывапіс),

традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст. да н.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.

Да арт. Гохуа. Лі Кэжань. Хлопчык на буйвале.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ДЗІНА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 20.6.1945, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.​Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.​Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.

В.Грыдзіна. «Натхненне». 1980.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА (ад дыя... + ...грама),

графічнае адлюстраванне суадносін паміж рознымі велічынямі; у статыстыцы — чарцёж, на якім у маштабе адлюстраваны даныя ў выглядзе ліній ці геам. фігур. Бываюць лінейныя, стужачныя, слупковыя, сектарныя, аб’ёмныя і інш. Напр., Д. накіраванасці антэны паказвае залежнасць напружанасці поля выпрамянення ад напрамку; фазавая Д. — залежнасць устойлівага фазавага стану рэчыва ад тэрмадынамічных параметраў, якія яго вызначаюць (гл. Дыяграма стану); у вытв-сці з дапамогай Д. рашаюцца задачы мадэлявання працэсаў кіравання, выяўляюцца і рацыяналізуюцца ўзаемасувязі паміж рознымі фактарамі, выяўляюцца разліковыя паказчыкі і нарматывы, выконваюцца кантроль, улік і інш. Гл. таксама Гістаграма, Графік, Намаграма.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАО́ПТЫКА,

раздзел фізікі, які вывучае змены аптычных уласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем магн. поля. Метады М. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях квантавых станаў рэчыва, адказных за аптычныя пераходы, спектраў электроннага парамагн. рэзанансу, фіз.-хім. структуры рэчыва, фазавых пераходаў і інш.

Пад уздзеяннем магн. поля ў рэчыве адбываецца расшчапленне энергетычных узроўняў атамаў (зняцце выраджэння) і адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява), узнікае падвойнае праменепераламленне ў аптычна ізатропным рэчыве (гл. Катона—Мутона эфект), пры распаўсюджванні святла ўздоўж магн. поля адбываецца вярчэнне яго плоскасці палярызацыі (гл. Фарадэя эфект), па-рознаму паглынаюцца хвалі з паралельнай і перпендыкулярнай полю лінейнымі палярызацыямі і інш.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАМЕ́ТРЫЯ (ад марфа... + ...метрыя),

1) раздзел картаграфічнага метаду даследавання, які вывучае па картах спосабы колькаснай характарыстыкі форм і структур геагр. аб’ектаў: глыбіню і гушчыню расчлянення, нахілы паверхняў, форму, аднароднасць і суседства арэалаў, шчыльнасць і канцэнтрацыю кропкавых аб’ектаў, звілістасць і арыенціроўку ліній, канфігурацыю і раўнамернасць сетак. Шырока ўжываецца ў геалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, геабатаніцы, глебазнаўстве і інш. 2) Галіна геамарфалогіі, якая вывучае колькасныя характарыстыкі рэльефу зямной паверхні: даўжыню, плошчу, аб’ём, адносную і абсалютную вышыні яго асобных форм, глыбіню і гушчыню яго расчлянення, каэфіцыенты звілістасці рэк, берагавой лініі і інш. Марфаметрычныя паказчыкі вызначаюцца пераважна пры апрацоўцы тапаграфічных карт і аэрафотаматэрыялаў.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)