МА́РШАЛ ((Marshall) Альфрэд) (26.7. 1842, Лондан — 13.7.1924),

англійскі эканаміст, заснавальнік кембрыджскай школы. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1877—81 праф. Брыстольскага, у 1885—1908 — Кембрыджскага ун-таў. Гал. праца «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890) была асн. падручнікам па эканам. тэорыі ў многіх краінах свету. Даследаваў узаемадзеянні попыту і прапановы ў працэсе ўсталявання рыначнай раўнавагі і раўнаважных цэн, сфармуляваў уласцівасці крывой попыту, увёў паняцці эластычнасці попыту ад цаны, дыяграму ўтварэння цаны на скрыжаванні ліній попыту і прапановы («Маршалаўскі крыж») і інш.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)