галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял.князяАльгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз.Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). Працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВОР,
1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сцьс.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял.князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял.князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр.сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс.чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,
(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.
Літ.:
Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;
Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, паны-рада,
найвышэйшы орган дзярж. улады ў ВКЛ. У раду ўваходзілі вышэйшыя асобы дзяржавы (маршалак, гетман, канцлер, падскарбі, ваяводы, кашталяны, некат. старосты і інш.), каталіцкія епіскапы, найбуйнейшыя феадалы. Узнікла як дапаможны орган пры вялікім князю, у 15 ст. набыла большую самастойнасць. Была пастаянна дзеючым выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантралюючым і суд. органам. Да яе кампетэнцыі належалі: выбранне вял.князя, абарона дзяржавы, міжнар. справы, выданне законаў, разгляд найважнейшых суд. спраў. Для вырашэння гэтых пытанняў рада збіралася ў поўным складзе ці выносіла іх на разгляд сойма. Прававое становішча рады замацавана ў прывілеях 1492 і 1506; у Статуце ВКЛ 1588 яе паўнамоцтвы і парадак іх ажыццяўлення не атрымалі дастатковага замацавання і вызначаліся звычаямі.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РСКАЯ ДУ́МА,
1) у Кіеўскай дзяржаве 10 — 1-й пал. 12 ст. нарада князя з дружынай (князевымі мужамі, думцамі) і інш. набліжанымі асобамі (напр., земскімі баярамі).
2) У перыяд феад. раздробленасці Русі савет знатных васалаў пры князю ў вял. і ўдзельных княствах.
3) У цэнтралізаванай Рускай дзяржаве канца 15 — пач. 18 ст. пастаянны саслоўна-прадстаўнічы орган арыстакратыі пры вял. князю (з 1547 цары). Мела дарадчы характар, абмяркоўвала пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі. Складалася з думных чыноў (баяраў, акольнічых, думных дваранаў, думных дзякоў), колькасць якіх мянялася; супрацоўнічала з Разрадным і Пасольскім прыказамі. Скасавана Пятром I у 1711 у сувязі са стварэннем Сената.
Літ.:
Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,
княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял.кн.ВКЛЯўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г. Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:
Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.