ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ЭЛЕКТРО́НІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1973 на базе Лабараторыі электронікі АН Беларусі (існавала з 1961). У ін-це (1998) 10 лабараторый, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фіз. асновы оптаэлектронікі і аптычныя метады апрацоўкі інфармацыі; фіз. асновы мікраэлектронікі, у межах якіх распрацоўкі накіраваны на стварэнне элементнай базы для звышхуткадзейных і высокапрадукцыйных сістэм атрымання, захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі; оптаэлектронных элементаў і прылад для аптычнай (у т. л. лазерна-галаграфічных сістэм) апрацоўкі інфармацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, вымяральнай тэхнікі і фотааўтаматыкі; оптыка-электронных, магн.-эл. і інш. пераўтваральнікаў для сістэм кантролю і вымярэння; вакуумных мікраэлектронных прылад для экстрэмальных умоў эксплуатацыі, прылад мікрамеханікі і мікрасенсорыкі; матэрыялаў для мікраэлектронікі і нанатэхналогій. Вынікі навук. даследаванняў: распрацаваны новыя матэрыялы для мікраэлектронікі; метады і сродкі прасторавай і прасторава-часавай мадуляцыі светлавых патокаў, якія забяспечваюць эфектыўнае пераўтварэнне двух- і аднамерных аптычных сігналаў; распрацаваны і створаны фотапрыёмнікі і фотапрыёмныя структуры для валаконна-аптычных ліній сувязі, сістэм аўтафакусіроўкі, рэгістрацыі звышслабых свячэнняў; высокаадчувальныя фотарэзістары і на іх аснове створаны оптаэлектронныя пераўтваральнікі для нанавальтметраў і мультыметраў; створаны спецыялізаваныя высокакагерэнтныя цвердацелыя лазеры для патрэб аптычнай лакацыі, галаграфіі і неразбуральнага кантролю вібратрываласных характарыстык вырабаў машынабудавання метадамі галаграфічнай інтэрфераметрыі, алюма-аксідная тэхналогія стварэння вакуумнай мікраэлектронікі, мікрамеханікі і нанаэлектронікі, вакуумныя інтэгральныя схемы для экстрэмальных умоў эксплуатацыі пры высокіх узроўнях т-р і радыяцыі; выпрацаваны прынцыпы пабудовы высокаадчувальных вымяральнікаў кампанентаў вектара індукцыі магн. поля Зямлі; створана апаратура арыентацыі галаўных частак метэаракет, вымярэння траекторый ствалоў свідравін у працэсе бурэння, спектрафотаметрычная апаратура, якая ўстанаўліваецца на ШСЗ для даследаванняў азонасферы Зямлі, шэраг высокапрадукцыйных сістэм аўтаматызаванага высокадакладнага вымярэння і кантролю памераў вырабаў электроннай тэхнікі, валаконнай оптыкі, а таксама субмікронных часцінак у тэхнал. асяроддзях; устаноўлены заканамернасці структурных і фазавых пераўтварэнняў у тонкіх паўправадніковых і метал. плёнках, сістэмах метал-паўправаднік пры імпульсным лазерным уздзеянні. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР (1985), Дзярж. прэміямі Беларусі (1982, 1996), ЛКСМБ (1974). У Ін-це працаваў чл.-кар. АН СССР В.М.Аўдзееў; працуюць акад. Нац. АН Беларусі У.А.Піліповіч і чл.-кар. А.А.Кавалёў.

Я.​К.​Чаховіч.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНЫ́Х ФІЗІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Т імя А.​Н.​Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Засн. ў 1971 у Мінску на базе н.-д. лабараторый БДУ. Арганізатар і першы дырэктар — акад. АН Беларусі А.Н.Сеўчанка. У ін-це 4 аддзелы (27 лабараторый).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка нізкатэмпературнай плазмы, уздзеянне іанізавальнага выпрамянення на матэрыялы і прылады электроннай тэхнікі, распаўсюджванне ультрагуку ў неаднародных асяроддзях, спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных сістэм, распрацоўка і стварэнне спектральнай апаратуры, лагічных элементаў і сістэм, электронна-выліч. прылад. У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі здзейснены мэтанакіраваны сінтэз неарган. і арган. злучэнняў (вадкакрышт. матэрыялы для прылад адлюстравання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колераперадачы інфармацыі, пажаравыбуховабяспечныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біял. вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для онкатэрапіі і інш.); створаны метады і прылады экспрэс-дыягностыкі газавых патокаў, пылавых і дымавых выкідаў і інш. У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацаваны тэорыя і метады іонна-прамянёвага легіравання і выкарыстанне іх у тэхналогіі вырабаў электроннай тэхнікі, сістэма скразнога камп’ютэрнага мадэліравання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі, метады атрымання звышцвёрдых і зносастойкіх матэрыялаў; даследаваны працэсы дэфектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю; прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў. У галіне радыёфізікі і інфарматыкі створаны радыёгалаграфічныя сродкі для бескантактнага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці і інш. характарыстык дыэл. матэрыялаў; метады і прылады для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў, ультрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу, тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпрамяненняў; уведзена ў дзеянне першая нац. азонаметрычная станцыя, распрацаваны люмінесцэнтныя бескантактныя тэрмадатчыкі крыягенных т-р. Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, медыцыне і інш. Навук. дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 6 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працаваў акад. АН Беларусі Л.В.Валадзько, працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Ф.Чарняўскі, чл.-кар. Ф.Ф.Камароў.

У.​І.​Папечыц.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНАГАРО́ДНАЯ ЗБРО́Я,

від узнагароды за баявыя заслугі. У Рас. імперыі вядома з 18 ст.: Залатая з брыльянтамі (1720—1913) і Залатая з надпісам «За храбрасць» (1788—1913); таксама былі паўторныя ўзнагароды Залатой зброяй. Паводле палажэння 1859 яе атрымлівалі афіцэры ад прапаршчыка да генерала, але ў обер-афіцэрскіх чынах узнагароджваліся тыя, хто ўжо быў адзначаны ордэнам св. Ганны ці св. Георгія 4-й ступені. З 1878 дазвалялася замест Залатой зброі з брыльянтамі насіць Залатую зброю з крыжам ордэна св. Георгія ў чашцы ці на эфесе. З 1880 уладальнікі Залатой зброі з брыльянтамі павінны былі насіць крыж ордэна св. Ганны 4-й ступені (1815—1917) у чашцы ці пад эфесам гэтай зброі. Існавалі і нестатутныя («фрачныя») варыянты Залатой зброі. У 20 ст. У.з. атрымала назву Георгіеўская зброя і Георгіеўская зброя з брыльянтамі (1913). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 імператарскія вензелі на эфесе ліквідаваны, на галоўцы эфеса з’явіўся белы эмалевы крыж ордэна св. Георгія. Від і тып У.з. залежаў ад прынятай на ўзбраенне штатнай халоднай зброі (корцік, палаш, шабля, шпага). Найб. масавыя ўзнагароджанні Георгіеўскай зброяй без брыльянтаў адбыліся ў 1-ю сусв. вайну (каля 5,7 тыс.). Адным з кавалераў У.з. за рус.-яп. вайну 1904—05 быў камандзір сфарміраванага на Беларусі 1-га Польскага корпуса легіянераў Ю.Р.Доўбар-Мусніцкі. У 1919—29 існавала таксама Ганаровая рэв. зброя — Залатая зброя з ордэнам Чырв. сцяга для вышэйшых начальніцкіх асоб: шашка (корцік, 1919, 1920—21, 1929) і рэвальвер (1921). Працягам практыкі У.з. стала імянная зброя. У 1968 зацверджана Ганаровая зброя з залатой выяваю Дзярж. герба СССР. У.з. існавала і ў інш. краінах (напр., у Эфіопіі — залаты шчыт з шабляй, якім у 1898 быў узнагароджаны А.К.Булатовіч, выхадзец з патомных дваран Гродзенскай губ.).

Літ.:

Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. Б.м., 1990;

Яго ж. Русское наградное оружие XVIII — начала XX вв. М.;

Смоленск, 1994.

І.​І.​Сінчук.

Да арт. Узнагародная зброя. Крыж ордэна св. Георгія III ступені і ўзнагародная шабля «За храбрасць», якія належалі Я.​П.​Кульневу.
Да арт. Узнагародная зброя. Георгіеўская зброя «За храбрасць», якая належала Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкаму (фрагмент).

т. 16, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫ АНАЛІЗ

Пачаткам развіцця гэтай галіны матэматыкі на Беларусі паслужыла заснаванне ў 1959 у БДУ навукова-даследчага семінара па функцыянальным аналізе (кіраўнікі М.​І.​Брыш, В.​Ф.​Ждановіч, А.​М.​Родаў). Значная частка вынікаў у галіне функцыянальнага аналізу і яго дастасаванняў належыць удзельнікам гэтага семінара, іх вучням і паслядоўнікам. Даследаванні вядуцца таксама ў Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, Гродзенскім, Гомельскім, Віцебскім ун-тах.

У тэорыі выяўлення груп дадзена яўнае апісанне непрыводных выяўленняў канкрэтных груп Лі, выражэнне іх матрычных элементаў праз розныя класы спецыяльных функцый (А.​М.​Ламбіна, А.​М.​Родаў, А.​В.​Розенблюм, Л.​В.​Розенблюм, У.​Б.​Рыўкін, Н.​М.​Траццякова, Л.​А.​Яновіч). У галіне дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў на падставе ўведзенага Я.​В.​Радынам функцыянальнага злічэння распрацаваны агульная тэорыя дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў у лакальна-выпуклых і банахавых прасторах і тэорыя гэтых ураўненняў у шкалах банахавых прастор (П.​П.​Забрэйка, В.​І.​Назараў, Я.​В.​Радына); для шырокага класа дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў у гільбертавай прасторы метадам энергетычных няроўнасцей даказана іх карэктная вырашальнасць (М.​І.​Брыш, В.​І.​Карзюк, Я.​В.​Радына, У.​І.​Часалін, М.​І.​Юрчук і інш.). У тэорыі аператарных алгебраў распрацаваны новы кірунак, арыентаваны на дастасаванне да новых класаў функцыянальна-псеўдадыферэнцыяльных ураўненняў (А.​Б.​Антаневіч, М.​В.​Белавусаў, А.​У.​Лебедзеў); тэорыя інтэградыферэнцыяльных аператараў і адпаведнасцей (Ю.​А.​Быкадораў, Г.​М.​Кабак, Ю.​К.​Ландо); пабудаваны інварыянтныя меры па тапалагічных падгрупах (У.​У.​Мухін) і функцыянальнае злічэнне генератараў аналітычных паўгруп (А.​Р.​Міроцін). У нелінейным аналізе распрацоўваецца тэорыя нерухомых пунктаў, вектар-функцый і інтэгральных ураўненняў (П.​П.​Забрэйка і яго вучні). У галіне абагульненых функцый распрацаваны новы кірунак у тэорыі мнемафункцый (нелінейных абагульненых функцый), прапанаваны агульны метад будавання алгебраў мнемафункцый (А.​Б.​Антаневіч, Я.​В.​Радына і іх вучні). Цыкл работ В.​І.​Карзюка, Я.​В.​Радыны, М.​І.​Юрчука адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1996.

Літ.:

Антоневич А.Б., Радыно Я.В. Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984.

Я.​В.​Радына.

т. 18, кн. 2, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАБІЯЛОГІЯ

Даследаванні па фотабіялогіі на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ і БСГА (працы М.​М.​Гайдукова і Ц.​М.​Годнева). Уклад у развіццё фотабіялогіі зрабілі І.​Дз.​Валатоўскі, А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык, Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Іванчанка, У.​Л.​Калер, С.​В.​Конеў, К.​М.​Салаўёў, М.​Ц.​Чайка, А.​А.​Шлык і інш. А.​А.​Шлык з супрацоўнікамі (Н.​Г.​Аверына, В.​І.​Раскін, А.​Б.​Рудой, Л.​І.​Фрадкін, Э.​В.​Хадасевіч) даследавалі заканамернасці аднаўлення хларафілу ў зялёным лісці і яго метабалічную гетэрагеннасць, прапанавалі канцэпцыю цэнтраў біясінтэзу хларафілу. Вывучаны механізмы інактывацыі бялкоў у растворы і ў складзе біял. мембран, апісана з’ява фотахімічнай алатопіі (І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў). Усталявана ўзаемасувязь паміж структурай і функцыяй хларапластаў (В.​М.​Іванчанка). У мадэльных умовах вывучаны фотафізічныя параметры хларафілавых пігментаў і іх папярэднікаў (Г.​П.​Гурыновіч, Э.​І.​Зянькевіч, А.​П.​Лосеў). За цыкл прац па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, Л.​Р.​Пікулік, К.​І.​Слабажаніна, Я.​А.​Чарніцкі адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1992. Асн. навук. цэнтры, у якіх праводзяцца фотабіялагічныя даследаванні, — Ін-ты фотабіялогіі, атамнай і малекулярнай фізікі, агульнай фізікі, эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ. Даследуюцца малекулярныя механізмы зрокавай фотарэцэпцыі, роля іонаў кальцыю і прадуктаў метабалізму фотаіназітыдаў у функцыянаванні зрокавых клетак, фітахрому ў працэсах фотарэгуляцыі ў раслінах (І.​Дз.​Валатоўскі з супрацоўнікамі), павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэтычнага працэсу і механізмаў біягенезу фотасінтэтычнага апарата (Н.​Г.​Аверына, М.​У.​Шалыга), механізмаў уздзеяння нізкаінтэнсіўнага лазернага выпрамянення пры лячэнні хвароб чалавека (В.​А.​Мастоўнікаў з супрацоўнікамі), фотадынамічнай тэрапіі (Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Джагараў, С.​М.​Чаранкевіч) і інш.

Літ.:

Шлык А.А. Метаболизм хлорофилла в зеленом растении. Мн., 1965;

Иванченко В.М. Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Волотовский И.Д., Ховратович В.И., Баранова Л.А. Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990;

Волотовский И.Д. Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. М., 1992;

Годневские чтения Вып. 1—10. Мн., 1994—2004.

І.​Дз.​Валатоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сако́лка 1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.

Сако́лка 2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́ць ’вышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак 1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНКАЛО́ГІЯ (ад грэч. onkos пухліна + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.​А.​Навінскі, М.​М.​Руднеў, ням. Р.​Вірхаў, П.​Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.​М.​Пятроў, П.​А.​Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.​Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.​Ямагіва і К.​Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.​Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.​А.​Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.

На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.​М.​Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.​С.​Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.​А.​Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.​З.​Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.​Р.​Жакаў, Г.​У.​Мураўская), хіміятэрапіі (Э.​А.​Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.​П.​Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.​А.​Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.​А.​Машэўскі), анкагінекалогіі (К.​Я.​Вішнеўская), анкауралогіі (А.​С.​Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.​М.​Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.​В.​Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.​М.​Мураўёў, Л.​Б.​Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.​В.​Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).

Літ.:

Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;

Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;

Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.

Ц.​А.​Панцюшэнка.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Барысаўскае шкло. Т.​Арцёмава. Дэкаратыўны набор «Яблыні цвітуць». 1977.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ (Goldoni) Карла (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш.). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.​Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.​Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.​Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.;

М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.;

М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.​В.​Логіш.

К.Гальдоні.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)