АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГ,
хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,
біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.
В.К.Шчэрбін.
Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́РЫ (франц. allure літар. хада),
віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЧАСЦІ́ЦА,
адна з аднолькавых па масе, часе жыцця, значэннях спіна і цотнасці элементарных часціц, якія маюць роўныя па модулі, але процілеглыя па знаку квантавыя лікі (зарады). Напр., электрон (e−) і пазітрон (e+) адрозніваюцца знакам эл. і лептоннага зарадаў і спіральнасці (палярызацыі); нейтрон (n) і антынейтрон () — барыённага зараду і магн. моманту. У адпаведнасці з квантава-рэлятывісцкай прыродай элементарных часціц кожнай з іх адпавядае свая антычасціца, акрамя сапраўды нейтральных (не маюць ніякіх зарадаў) фатона, π0-мезона, ρ0-мезона, η0-мезона і j/ψ-часціцы. Характэрная асаблівасць пары часціца — антычасціца — здольнасць да анігіляцыі. Кожнаму працэсу эл.-магн. і моцнага ўзаемадзеянняў адпавядае аналагічны працэс, у якім усе часціцы заменены антычасціцамі, і наадварот. Эксперыментальна даказана існаванне антычасціц для ўсіх вядомых часціц. Зарэгістраваны найпрасцейшыя пасля антыпратона антыядры (антыдэйтрон, антытытрытый, антыгелій). Прынцыпова магчыма існаванне антыатамаў, антымалекул і наогул антырэчыва з антыпратонамі, антынейтронамі і пазітронамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),
праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усенавук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц АГІ́НСКАГА.
Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.
Літ.:
Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.
А.М.Кулагін.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял.Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс.чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усенас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм.т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.