Рухо ст.-бел. ’вопратка’ (Ст.-бел. лексікон). Стараж.-рус. рухо ’скарб, манаткі’, рус. ру́хо ’адзенне’, польск. rucho ’тс’, кашуб. rëxë ’старое адзенне’, чэш. roucho ’святочнае адзенне, строй’, славац. rúcho ’тс’, серб.-харв. ру̏хо ’вопратка’, славен. rúho ’палатно, прасціна’, балг. ру́хо ’адзенне, вопратка’, макед. руво ’тс’. Прасл. *ruxo ’рухомая маёмасць, у прыватнасці, адзенне’, утворана ад *rušiti (гл. рушыцца, рухаць), звязана таксама з *rъvati (гл. рваць), гл. Брукнер, 467; Фасмер, 3, 524; Скок, 3, 167; Шустар-Шэўц, 2, 1254; SEK, 4, 190. Сюды ж рухамоцце, рухмаццё ’рухомая маёмасць, манаткі’, рухматло́ ’тс’ (Ласт.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ры́нак ’базар’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), руск. ры́нок, укр. ри́нок. Да ўсходніх славян трапіла праз пасрэдніцтва заходнеславянскіх моў, параўн. польск. rynek ’рынак’, ’рыначная плошча’, славац. rinok ’рынак’, ’рыначная плошча’, чэш. rynk ’кола’, ’гарадская плошча’, н.-луж. rynk ’рыначная плошча’ са с.-в.-ням. rinc ’кола’, ’плошча’, ням. Ring ’кола’ (> у паўдн.-усх. дыялектах ’плошча’ > ’рыначная плошча’). Параўн. таксама галанд. ring ’кола’, швед. ring ’кола’, ’пляцоўка’ (Фасмер, 5, 530; Брукнер, 472; Чарных, 2, 130; Булыка, Бел. лінгв., 64). Сюды ж і ры́нак у значэнні ’сярэдняя свабодная частка пакоя’ (капыл., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Семярня́ назоўнік з колькасным значэннем’ (Янк. 2), ‘лік сем’: нажала сем семярэнь (Барад.), ‘сямёрка’ (смарг., Сл. ПЗБ), семерня́ ‘семдзесят снапоў’ (ТС), семярэ́нька ‘тс’ (пух., Сл. ПЗБ), сюды ж семяры́цца ‘у сем разоў большым здавацца’ (Нас.). Параўн. укр. дыял. семерня́ ‘сямёра’. Вытворныя ад прасл. *sedmerъ, параўн. семяро́е ‘у сем разоў большае’ (Нас.), па тыпу пецярня. Значэнне ‘70 снапоў’, магчыма, вынік пропуску асноўнай адзінкі ўліку снапоў (= дзесятак). “Кратнасць” уласціва вытворным ад прасл. *sedmerъ у некаторым славянскіх мовах, параўн. в.-луж. sedmory ‘сямікратны’, што магчыма ў выніку скарачэння (пропуску) *kratъ ‘раз’, гл. ESJSt, 13, 797.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сечаво́ ‘крэсіва’ (рас., Шатал.; сен., лёзн., рас., ЛА, 4), січаво́ ‘кусок жалеза для высякання агню’ (Касп.), ст.-бел. сечиво ‘сякера’ (Бел.-рус. ізал.); параўн. балг. сечи́во, сечиво́, серб.-харв. сје̏чи̑во ‘молат’, сюды ж ст.-рус., ц.-слав. сѣчиво. Трубачоў (Ремесл. терм., 151) узнаўляе праславянскае *šečivo ‘тое, чым сякуць, сякера’ ад асновы *sěk‑ (гл. сячы) з суф. ‑ivo. Беларускае слова, відаць, не працяг праславянскага стану, а самастойнае ўтварэнне ад сячы з суф. ‑ыва па тыпу крэсіва (гл.) з пераносам націску на канчатак і ўзнаўленнем этымалагічнага о. Аб суф. гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 34.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скары́нка ‘цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад.’, ‘верхні зацвярдзелы слой чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Гарэц., Касп., Стан., Бяльк., Мядзв., Варл., Пятк. 2, Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2, Сл. ПЗБ), скоры́нка ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), скары́на ‘тс’ (Нас.), сюды ж уласнае імя Скары́на (Стан.), ст.-бел. скорина ‘тс’ (XVII ст., Козыраў, Очерки, 155). Укр. скори́на, рус. смал., пск. скори́нка ‘тс’. Дэрыват з суф. ‑ін(к)а ад скора (гл. скорка) < *(s)kora ‘кара, скура’, якое потым, відаць, было выціснута паланізмам скура. Суадносіцца з прасл. *korina, гл. ЭССЯ, 11, 70.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смарка́ць, смарка́цца ‘ачышчаць нос’. Параўн. укр. сморка́ти, рус. сморка́ть(ся), стараж.-рус. смъркати, ц.-слав. смръкати, смръкъ ‘смаркачы’, польск. smarkać, smark ‘смаркачы’, в.-луж. smorkać, н.-луж. smarkaś, чэш. smrkati, славац. smrkať, серб.-харв. шмр́кати, славен. smŕkati, smŕk ‘соплі’, балг. смъ́ркам, макед. смрка, шмрка. Прасл. *smъrkъ, *smъrkati (або *smr̥kati) роднаснае літ. smùrgas ‘соплі’, smurkštinti ‘запэцкаць, забрудзіць’, лат. smurgât, новаперс. morg ‘соплі’; усё з і.-е. *smerk‑/*smerg‑ (параўн. сморгаць). Гл. Фасмер, 3, 691; Махэк₂, 562; Шустар-Шэўц, 1323; Сной₁, 586; Рэйзак, 586; Борысь, 562. Сюды ж смаркачы́ ‘соплі’, смарка́ч ‘малады нявопытны чалавек’, смаркуль ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сос 1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй ш — с > с — с і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).
Сос 2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос 2 ‘тс’ (гл.).
Сос 3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тра́фіць ‘папасці, пацэліць’: цѣливъ въ ворону, а трафивъ в корову (Нас.), ‘патрапіць, знайсці’ (Сл. ПЗБ), ‘здагадацца, скеміць’ (Сцяшк. Сл., Шпіл.), ‘дайсці’: трафив да адной гари (Кітаб Луцкевіча), ‘прылажвацца, дагаджаць’ (Мал.; капыл., Жыв. сл.), тра́фіцца ‘здарыцца’ (Нас., Ляц.), сюды ж патра́фіць ‘трапіць; адгадаць’ (Шпіл.), траф ‘меткі ўдар’ (Нас.), ст.-бел. трафити, трапити, трахвити ‘пацэліць, натрапіць, змагчы, здарыцца’ (ГСБМ), трафитися ‘здарыцца, адбыцца’ (Ст.-бел. лексікон). Са ст.-польск. trafić, trapić < с.-в.-ням. trëffen ‘трапляць’, ‘сустрэць, наткнуцца на каго-небудзь’, ‘дасягаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 189; Борысь, 639; Вінцэнц; ЕСУМ, 5, 622). Гл. трапіць 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трач 1 ‘пільшчык, чалавек, які распілоўвае ўздоўж бярвенні’ (Сл. Брэс., Бес.; кам., малар., ЛА, 3, Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ, АБ, 9). З польск. tracz ад trzeć ‘церці, шараваць’, у тым ліку і ‘пілаваць’ (Брукнер, 580; Борысь, 648), параўн. ст.-бел. пила которою трутъ (Александрыя). Сюды ж: трачы́на ‘пілавінне’, трачкува́ті, трачува́ты ‘распілоўваць бервяно ўздоўж’, тра́чка ‘распілоўка’ (Сл. Брэсц.; беласт., Сл. ПЗБ).
Трач 2 ‘пугач’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, памылкова расчытанае рукапіснае “пугач”; параўн., аднак, польск. дыял. tracz ‘długodziob’, ‘murogęś’, што не выключае гукапераймальнага паходжання, параўн. славен. trač ‘балбатня’, якое, паводле Сной₃, 797, з ням. tratschen ‘балбатаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)