МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.
т. 11, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́КА»,
народнае паўстанне ў сталіцы Візантыі Канстанцінопалі 11—17.1.532. Назва ад клічу-пароля ўдзельнікаў «Ніка!» («Перамагай!»). Рамеснікі, дробныя гандляры, бедната — члены т.зв. цыркавых партый венетаў і праксінаў — разам выступілі супраць падатковага цяжару, праследаванняў ератыкоў і язычнікаў з боку імператара Юстыніяна I. Яны нападалі на ўрадавыя ўстановы, падпалілі горад, аблажылі ў палацы імператара, які дарэмна спрабаваў пагасіць паўстанне частковымі ўступкамі (адстаўка вышэйшых чыноўнікаў). Да руху далучыліся некаторыя сенатары. Паўстанцы абвясцілі імператарам Іпація (пляменніка б. імператара Анастасія I). Урад здолеў шляхам подкупу кіраўніцтва венетаў раскалоць паўстанцаў і потым з дапамогай наёмных атрадаў готаў і герулаў задушыць «Н.»: 35 тыс. чал. забіты, Іпацій пакараны смерцю, многія апазіцыйныя сенатары сасланы.
Літ.:
Чекалова А.А. Константинополь в VI в.: Восстание Ника. 2 изд. СПб., 1997.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),
афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.
Я.У.Новікаў.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛАШЫ́СТЫ,
у 1938—45 члены венг фаш. партыі «Nylaskereszt párt» («Скрыжаваныя стрэлы»; ад імя лідэра Ф.Салашы наз. таксама салашыстамі). Партыя Н. утворана членамі забароненай урадам М.Хорці «Венг. нацыянал-сацыялісцкай партыі — хунгарысцкі рух» (засн. ў 1937). У вер. 1940 аб’ядналі апазіцыйныя ўраду ўсе фаш. партыі і групы Венгрыі. Патрабавалі ўзмацнення праследавання Камуніст. і Сацыял-дэмакр. партый, устанаўлення ў краіне таталітарнага рэжыму і больш цеснага супрацоўніцтва з фаш. Германіяй. Актывізавалі дзейнасць пасля ўступлення Венгрыі ў вайну супраць СССР (чэрв. 1941). Пасля адстаўкі Хорці з 15.10.1944 да 27.3.1945 узначальвалі ўладу на акупіраванай ням.-фаш. войскамі ч. Венгрыі. Партыя Н. забаронена паводле пастановы часовага нац. ўрада аб роспуску фаш. арг-цый ад 26.2.1945, а яе лідэры асуджаны як ваен. злачынцы.
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВА́ЛА-ШВЯЙКО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (кастр. 1787—22.5.1845),
дзекабрыст. З дваран Смаленскай губ. Вучыўся ў Маск. універсітэцкім пансіёне. З 1801 на вайск. службе, палкоўнік (1825). Удзельнік кампаніі 1805—07 супраць Францыі, рус.-тур. вайны 1806—12, вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. З жн. 1825 камандзір Смаленскага пях. палка. Служыў у Бабруйску, дзе ў 1823 уступіў у Паўд. т-ва. Ажыццяўляў сувязі з Паўн. і Польскім патрыят. т-вамі. З С.І.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Прыхільнік царазабойства, аднак у час паўстання Чарнігаўскага палка (снеж. 1825) адмовіўся прыняць у ім удзел. Засуджаны па справе дзекабрыстаў да 20 гадоў катаргі 22.8.1826, 10.7.1839 вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў Табольскую губ.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКРА́Т (Polykratēs; ? — каля 522 да н.э.),
старажытнагрэчаскі тыран в-ва Самас [каля 540 — каля 522 да н.э.]. З дапамогай братоў авалодаў в-вам Самас, дамогся яго паліт. аб’яднання, увёў замест родавых тэрытарыяльныя філы. Праводзіў палітыку ў інтарэсах гандл.-рамесніцкіх слаёў дэмасу. Пры ім пабудаваны мол і хвалярэзы ў гавані, водаправод, храм багіні Геры. У барацьбе з гарадамі М. Азіі і астравамі Эгейскага м. за гандл. шляхі стварыў моцны флот і ўсталяваў сваю гегемонію над усім Эгейскім морам. Збіраў творы мастацтва, рукапісы; пры яго двары жылі паэты Анакрэонт і Івік, урач Дэмакед, філосаф Піфагор. Палітыка П. выклікала супраціўленне родавай арыстакратыі, якая ў саюзе са Спартай і Карынфам падняла супраць яго паўстанне. Забіты паводле загаду Ахеменідаў. П. прысвечана балада Ф.Шылера «Пярсцёнак Палікрата».
т. 12, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФІ́ЛАЎЦЫ,
воіны 316-й стралк. дывізіі, якія пад камандаваннем ген.-маёра І.В.Панфілава гераічна змагаліся супраць герм. войск у час Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял. Айч. вайну. 7—10 кастр. 1941 дывізія перакінута на Валакаламскі напрамак. 16 кастр. ў час чарговага наступлення праціўніка на Маскву каля раз’езда Дубасекава (на У ад г. Валакаламск) 28 байцоў 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралк. палка на чале з малодшым палітруком В.Г.Клачковым у 4-гадзінным баі падбілі 18 варожых танкаў. Амаль усе абаронцы загінулі. 21.7.1942 удзельнікам гэтага бою было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 18 ліст. 1941 316-я дывізія атрымала найменне 8-й гвардз., 23 ліст. ёй прысвоена імя Панфілава (загінуў 18.11.1941).
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
С.Ф.Сакалова.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСУ́Л РЗА (сапр. Рзаеў Расул Ібрагім аглы; 19.5.1910, г. Геакчай, Азербайджан — 1.4.1981),
азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1944). Нар. паэт Азербайджана (1960). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (1935—37). У 1965—81 гал. рэдактар Азерб. сав. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1927. У зб-ках вершаў і апавяд. «Бессмяротныя героі» (1942), «Лютасць і каханне» (1943) тэма Вял. Айч. вайны. Аўтар паэм «Ленін» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Лейлі і Меджнун» (1973), паэт. зб. «Супраць ветру» (1978), п’ес, перакладаў і інш. Асобныя яго творы на бел. мову пераклаў М.Танк.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1975;
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982.
Літ.:
Алибекова Г.С. Всегда в пути: Жизнь и творчество Расула Рзы. М., 1972.
т. 13, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],
хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.
У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 14, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)