НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),

афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.

Літ.:

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;

Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.

Я.У.Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)