ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),

ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.

А.​В.​Белы, В.​Рыч.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ТАВЫ ШАЎКАПРА́Д (Bombyx mori),

матыль сям. сапраўдных шаўкапрадаў. Адамашнены ў Кітаі каля 3 тыс. гадоў да н.э. Разводзяць пераважна ў краінах Індакітая і паўд. Еўропы. Выкарыстоўваецца для атрымання шаўкоўнічных коканаў — сыравіны для вырабу натуральнага шоўку (гл. Шаўкаводства). Штучным адборам створаны пароды Т.ш., якія адрозніваюцца памерамі, формай, колерам і структурай абалонкі коканаў, колькасцю пакаленняў за год і інш. У прамысл. шаўкаводстве выкарыстоўваюць гібрыды парод, якія больш жыццяздольныя, даюць высокія ўраджаі коканаў з лепшымі тэхнал. якасцямі.

Крылы ў размаху 4—6 см, белаватыя. Цела масіўнае. Ротавы апарат недаразвіты, дарослыя матылі не кормяцца. Спароўваюцца адразу пасля выхаду з коканаў. Самка адкладвае 500—700 яец (грэн) і гіне. Інкубацыя 10—12 сутак. Вусені за 25—28 сут праходзяць 5 узростаў, кормяцца лісцем шаўкоўніцы і інш. Шоўкавыдзяляльная залоза складае да 26% ад масы вусеня і выдзяляе шаўкавіну — тонкую парную ніць. Кокан складаецца з бесперапыннай шаўкавіннай ніці даўж. 1000—1500 м.

Тутавы шаўкапрад: 1 — дарослы матыль (самка); 2 — вусень; 3 — кокан; 4 — кукалка ў кокане.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),

егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.

Літ.:

Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ. М., 1959;

Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992.

Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЯЯ А́ФРЫКА,

прыродная краіна, якая займае ўсх. ч. Афрыкі ў экватарыяльным і субэкватарыяльных паясах, паміж Эфіопскім нагор’ем на Пн, упадзінай Конга на З, ніжнім цячэннем р. Замбезі на Пд і Індыйскім ак. на У. У межах У.А. размешчаны (цалкам або часткова) Кенія, Уганда, Руанда, Бурундзі, Танзанія, Замбія, Малаві, Самалі, Эфіопія, Эрытрэя, Джыбуці. Большую ч. займае Усх.-Афрыканскае пласкагор’е (выш. больш за 1000 м), разбітае тэктанічнымі разломамі (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма). У рэльефе — складанае спалучэнне ўзвышаных цокальных раўнін, скідавых упадзін і ўступаў, глыбавых гор, лававых плато і вулканічных конусаў (сярод іх найвышэйшы пункт Афрыкі — г. Кіліманджара, 5895 м). Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, мусонны, гарачы, сезонна-вільготны. Ападкаў ад 500 да 3000 мм за год. Усх.-Афрыканскае пласкагор’е — водападзел паміж бас. рэк Ніл, Конга, Замбезі і інш. Шмат азёр (Вікторыя, Танганьіка, Ньяса і інш.). Пераважаюць розныя тыпы саваннаў і рэдкалессяў, у гарах — вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны (асабліва фауна млекакормячых).

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЙК АСТРАВЫ́ (Wake island),

уладанне ЗША у цэнтр. ч. Ціхага ак., на паўн. перыферыі Мікранезіі. Уключае а-вы Уэйк, Уілкс і Піл. Пл. 6,5 км². Нас. каля 2 тыс. чал. (1998) — амерыканцы (ваеннаслужачыя і кантрактнікі). Уэйк — атол падковападобнай формы, узвышаецца над паверхняй акіяна ў сярэднім на 3,5 м. Клімат пасатны, параўнальна сухі. Ападкаў да 1000 мм за год. Бываюць тайфуны. Глебы пясчаныя, малаўрадлівыя. Жывёльны і расл. свет бедны. Усе прамысл. і харч. тавары імпартуюцца. Кабельная сувязь з Ганалулу і Гуамам.

Атол Уэйк да адкрыцця ісп. мараплаўцам А.​Менданья дэ Нейра у 1568 і паўторна ў 1796 англ. капітанам У.​Уэйкам быў ненаселены. З 1899 уладанне ЗША. Напярэдадні 2-й сусв. вайны тут пачалі буд-ва ваен. базы. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. Пасля вайны на в-ве Уэйк створана база ВПС ЗША Аэрадром на в-ве Уэйк выкарыстоўваецца як месца для аварыйных пасадак самалётаў пры выкарыстанні трансціхаакіянскіх рэйсаў.

т. 16, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Генрых Яўгенавіч (28.5.1937, Мінск — 29.12.2000),

бел. мастак. Сын Я.М.Ціхановіча. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). У 1997—98 выкладаў у Бел. АМ. Зацікаўлены тэмамі гіст. і сац. характару, стварыў драм. свет вобразаў, уводзіў у кампазіцыю фантаст. пласт, ствараў метафарычную прастору, абапіраючыся на канкрэтныя падзеі: «Мірная раніца» (1965), «1905 год» (1966), «Хто з мячом да нас прыйдзе...» (1967), «Аблічча вайны» (1985), «Дзяды ў Курапатах» (1992), «Не спі, Радзіма!» (1998), «Толькі б не было вайны», «Памяці сына» (абодва 2000). Аўтар партрэтаў «Ля сіняй бухты. М.​Багдановіч» (1985), «Францыск Скарына» (1986), «Мой дзед Галубок» (1992), «Я.​Купала. Сорак першы», «А.​Міцкевіч. Вязень» (абодва 1998) і інш.; лірычных пейзажаў «За акном майстэрні» (1985), «Браслаўскі краявід» (1990), «Няміга сніцца мне» (1995) і інш.; серый акварэлей «Нарачанская сюіта» (1972—75), «КамАЗ будуецца» (1974), «Азёры Карэліі» (1980), «Незабыўны Байкал» (1981); афортаў «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы камбінат» (1975), «Метрабудаўцы Мінска» (1982—85), экслібрысаў.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Ціхановіч. Ля сіняй бухты. М.​Багдановіч. 1985.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНХА́Й,

правінцыя на ПнЗ Кітая. Пл. 720 тыс. км². Нас. 5,23 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Сінін. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. Цайдамская катлавіна (выш. 2,6—3,1 тыс. м) абмежавана на Пн гарамі Наньшань (выш. 5—6 тыс. м) і Алтынтаг, на Пд — гарамі Куньлуня (выш. да 6—7 тыс. м); на Пд ч. Тыбецкага нагор’я. Клімат рэзка кантынентальны. Ападкаў 300—500 мм за год. На Ц. вярхоўі рэк Янцзы, Хуанхэ, Меконг. Шмат азёр, найб. — Кукунор. Горныя стэпы і паўпустыні. Ц. — слаба развіты аграрны рэгіён Кітая. Пераважае адгонная жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, коз, коней, буйн. раг. жывёлу (у т. л. тыбецкіх якаў), аслоў, мулаў, вярблюдаў. У рачных далінах земляробства. Вырошчваюць холадаўстойлівыя гатункі пшаніцы, ячмень, авёс, чумізу, кукурузу, рапс, бульбу. Здабыча нафты, вугалю, каменнай і азёрнай солі, слюды, свінцовых і цынкавых руд. Прам-сць: нафтаперапр., металургія, машынабудаванне, харч., пераважна мясная і мясакансервавая. Транспарт аўтамаб. (Цынхай-Тыбецкая аўтамаб. дарога) і чыгуначны.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖЭЦЗЯ́Н,

правінцыя на У Кітая, на ўзбярэжжы Усх.-Кіт. мора. Пл. 101,8 тыс. км². Нас. 46,13 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Ханчжоў. Большая ч. паверхні — горы (выш. да 1859 м), парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж марскіх берагоў і на Пн (раён воз. Тайху) раўніны. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 5 °C, ліп. 27 °C, ападкаў больш за 1000 мм за год. У гарах субтрапічныя лясы. Апрацоўваецца каля 25% тэр. Пераважае паліўное земляробства. Гал. культура — рыс; вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, батат, джут, бавоўнік, цукр. трыснёг. Субтрапічнае садоўніцтва і чаяводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Шаўкаводства. Лясны промысел. Рыбаводства. Здабыча флюарыту, алуніту, жал. руды, солі (з марской вады). Прам-сць: лёгкая (шаўковая, джутавая, баваўняная, абутковая), рысаачышчальная, чаеапрацоўчая, машынабудаванне (абсталяванне для тэкст. прам-сці, судны, трактары, станкі), хім. і нафтахім., папяровая, шкляная, фарфоравая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Асн. прамысл. і партовыя гарады: Ханчжоў, Вэньчжоў, Нінбо (з аванпортам Чжэньхай).

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода малочнага кірунку. Выведзена ў розных рэгіёнах Еўразіі скрыжаваннем мясц. жывёлы з чорна-пярэстымі пародамі галандскага паходжання. Вылучаюць пародныя адгалінаванні (сярэднярус., уральскае, сібірскае і прыбалтыйскае) і групы (Беларусі, Украіны, Расіі і інш.), якія адрозніваюцца экстэр’ерам, надоямі і тлустасцю малака. Бел. пародная група Ч.-п. выведзена ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі (М.​П.​Грынь, А.​М.​Якусевіч, І.​М.​Каранец), складае больш за 98% пагалоўя буйн. раг. жывёлы на Беларусі. Асн. племянныя гаспадаркі: «Чырвоная зорка» Клецкага р-на Мінскай вобл., «Рось» Ваўкавыскага р-на і «Карэлічы» Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Жывёлы буйныя. Целасклад прапарцыянальны, канстытуцыя дужая, касцяк і мускулатура добра развітыя. Тулава падоўжанае. Спіна шырокая, шыя сярэдняй даўжыні, тонкая. Вымя прапарцыянальнае, пераважна чашападобнае Масць чорна-пярэстая. Маса быкоў 850—1050 кг, кароў 450—500 кг. Скараспелыя, добрая мясная прадукцыйнасць, забойны выхад 55—57%, надоі малака за год 3000—4000 кг (патэнцыяльна да 7000), тлустасць 3,5—3,6%.

Чорна-пярэстая парода.

т. 17, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́РЫКАВА Іна Міхайлаўна (н. 5.10.1943, г. Белебей, Башкортастан),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1965). У 1965—68 у Маскоўскім т-ры юнага гледача. З 1973 у т-ры «Ленком». Яе мастацтву ўласцівы спалучэнне драм. і камед., лірычнага і эксцэнтрычнага пачаткаў, схільнасць да вострасюжэтнай трактоўкі вобразаў класічнай драматургіі: Сара, Аркадзіна («Іванаў», «Чайка» А.​Чэхава), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Бабуленька («Варвар і ератык» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Гулец»), Філумена («Горад мільянераў» паводле п’есы Э.​Дэ Філіпа «Філумена Мартурана»). З 1961 здымаецца ў кіно: «Хмары над Борскам» (1961), «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, тэлефільм), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Ваенна-палявы раман» (1984, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Рабро Адама», «Маці» (абодва 1990), «Год сабакі», «Курачка Раба» (абодва 1994), «Шырлі-мырлі» (1995) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1985, 1996.

Літ.:

Гербер А. Судьба и тема. М., 1985.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)