СМО́ЛЬСКІ Рычард Баляслававіч (н. 3.4.1946, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. тэатразнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1991), праф. (1999). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Бел.АМ. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рус.тэатр. культуры на Беларусі. Аўтар кніг «Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80-х гг.» (1987), «На скрыжаванні: Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999), «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2—3, 1985—87); п’ес (з Ю.Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп’есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е.Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У.Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.Яроменку; з В.Навуменкам).
Тв.:
На сцене — бессмертие подвига. Мн., 1982;
Грядущим в наследство: Тема Великой Отеч. войны в бел. театре 80-х гг.Мн., 1986;
Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазнаўчыя арт., рэц., творчыя партрэты. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУХІ́ ЗАКО́Н»,
закон аб забароне вытворчасці і продажу спіртных напіткаў. Дзейнічаў у ЗША (1920—33) і ў некаторых інш. дзяржавах. У ЗША, Ісландыі, Фінляндыі і інш. «С.з.» не прывёў да жаданай мэты. У Бельгіі, Францыі, Нарвегіі і інш. у розны час уводзіліся забараняльныя законы на напіткі пэўнага мацунку. У Швецыі з 1865 дзейнічала т.зв. Гатэнбургская сістэма, якая пазней з відазмяненнямі была ўведзена ў інш. скандынаўскіх краінах. Паводле гэтай сістэмы продаж спіртных напіткаў дазваляўся толькі адначасова з гарачай ежай, а рэстаратар атрымліваў даход выключна ад продажу харч. прадуктаў. З 1919 замест Гатэнбургскай была ўведзена картачная сістэма (т.зв. сістэма Брата), якая абмяжоўвала ўжыванне спіртных напіткаў да 4 л у месяц. У 1955—57 сістэма Брата адмерла, а «шведскі дэпартамент цвярозасці» фактычна быў зведзены на становішча статыстычнай установы. У Расіі забарона вытв-сці і продажу спіртных напіткаў была ўведзена ў 1914 і дзейнічала да 1925. Аднак забараняльныя меры прывялі да таго, што ў абход закона замест віна і гарэлкі сталі ўжываць розныя сурагаты, якія аказвалі яшчэ больш шкоднае ўздзеянне на арганізм. Чарговая спроба выкараніць п’янства і алкагалізм у б.СССР была зроблена ў 1980-я г. ў час праўлення М.С.Гарбачова. Яна пацягнула паўсюднае знішчэнне элітных вінаграднікаў і ажыятажны попыт на алкагольныя напіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯДО́Ў Леанід Іванавіч (14.11.1907, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.9.1999),
расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной матэматыкі. Акад.Рас.АН (1953, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1967). Замежны чл.АН Францыі (1978). Ганаровы чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1960) і інш. акадэмій. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1932 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, у 1948—56 у Цэнтр. ін-це авіяматорабудавання, адначасова з 1937 у Маскоўскім ун-це (з 1951 заг. кафедры), з 1945 у Матэм. ін-це АНСССРНавук. працы па гідра- і аэрамеханіцы, механіцы суцэльнага асяроддзя, газадынаміцы, астрафізіцы, тэорыі падобнасці і інш. Распрацаваў тэорыі ўдару цел аб ваду, глісіравання і інш., агульную тэорыю аўтамадэльных рухаў суцэльных асяроддзяў. Даў дакладнае рашэнне задачы аб магутным выбуху. Атрымаў важныя вынікі ў тэорыях турбулентных рухаў вадкасці і газу, гарэння і дэтанацыі, будовы зорак і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Тв.:
Плоские задачи гидродинамики и аэродинамики. 3 изд. М., 1980;
Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987;
Основы макроскопических теорий гравитации и электромагнетизма. М., 1989 (разам з А.Г.Цыпкіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРДО́БАЎ Мікалай Мікалаевіч (16.12.1905, г. Самара, Расія —24.11.1990),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон), педагог. Засл. арт. Арменіі (1939). Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Куйбышаўскі муз. тэхнікум (1929). З 1930 у оперных т-рах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска. З 1946 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1960—75 выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Бед. кансерваторыі, адначасова ў 1960—87 кіраўнік Мінскай нар. опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа. Творчасці С. ўласцівы глыбокае асэнсаванне характараў герояў, свабоднае валоданне вак. і акцёрскімі сродкамі выразнасці, сцэнічная абаяльнасць Сярод партый бел. рэпертуару: Каліноўскі («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), фон Шолен («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага); інш. партыі на бел. сцэне: Анегін, Чорт («Яўген Анегін», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Алека («Алека» С.Рахманінава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Аманасра («Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Мацей («Страшны двор» С.Манюшкі). Паставіў оперы «Павел Карчагін» П.Падкавырава, «Кастусь Каліноўскі» Лукаса, «Яўген Анегін» і «Іаланта» Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Алека» Рахманінава, «Рыгалета» і «Травіята» Вердзі, «Джані Скікі» і «Плашч» Пучыні, «Цар і цясляр» А.Лорцынга, «Даліна» Э.Д’Альбера, «Мадэмуазель Фіфі» і оперу-казку для дзяцей «Кот у ботах» Ц.Кюі.
Дз. М.Жураўлёў.
М.М.Сярдобаў.М.Сярдобаў у ролі Каліноўскага (у цэнтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНА́ЕЎ Вячаслаў Сяргеевіч (28.3.1940, в. Акулава Бежацкага р-на Цвярской вобл., Расія — 19.7.2002),
бел. вучоны ў галіне матэм. кібернетыкі і інфарматыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (2000; чл.-кар. 1994), д-рфіз.-матэм.н. (1978), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1995). Скончыў Крымскі пед.ін-т (1962). З 1963 у Ін-це цепла- і масаабмену, з 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН (з 1987 дырэктар). З 1996 ген. дырэктар НДА «Кібернетыка». Адначасова з 1979 праф.БДУ. Навук. працы па даследаванні аперацый, тэорыі прыняцця рашэнняў, мадэліраванні інтэлектуальных працэсаў, тэорыі і метадах аптымізацыі і іх выкарыстання ў аўтам. сістэмах праектавання, планавання і кіравання. Распрацаваў асновы агульнай тэорыі параметрычнай дэкампазіцыі экстрэмальных задач. Развіў тэорыю раскладаў («Тэорыя раскладаў. Аднастадыйныя сістэмы», 1984, з В.С.Гардонам, Я.М.Шафранскім; «Тэорыя раскладаў. Шматстадыйныя сістэмы», 1989, з Ю.Н.Сацковым, В.А.Струсевічам; абедзве перавыд. 1994 на англ. мове; «Тэорыя раскладаў. Групавыя тэхналогіі», 1998, з М.Я.Кавалёвым, Шафранскім), распрацаваў метады аптымізацыі дэтэрмінаваных абслуговых сістэм і рэжымаў іх функцыянавання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Введение в теорию расписаний. М., 1975 (разам з В.В.Шкурбам);
Декомпозиция и агрегирование в задачах математического программирования. Мн., 1987;
Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994 (разам з Ю.Н.Сацковым, В.А.Струсевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЗНЫ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Паходзяць з правасл. баярства Браншчыны, з 2-й пал. 15 ст. валодалі маёнткам Палонка ў Ваўкавыскім пав.Найб. вядомыя:
Рыгор Іосіфавіч (каля 1500—71), маршалак гаспадарскі ў 1560—66, кашталян падляшскі ў 1566—69 і смаленскі з 1569. Валодаў маёнткамі Палонка, Ятвезск, Андрэевічы ў Ваўкавыскім пав., Дарсунішкі ў Ковенскім пав. З яго сыноў Пётр (?—1633) перайшоў у каталіцтва, быў старостам бабруйскім, ваяводам парнаўскім з 1626, Рыгор — маршалкам слонімскім. Мікалай (?—10.10.1640), сын Рыгора, падкаморы слонімскі з 1608, кухмістр ВКЛ у 1623—35, падскарбі земскі з 1635. Гедэон Міхал (?—11.9.1652), сын Рыгора, падстолі ВКЛ у 1631, стольнік ВКЛ у 1631—38, харунжы гродзенскі з 1637. крайчы ВКЛ у 1638—42, падчашы ВКЛ у 1642—44, падскарбі земскі з 1644; староста брэсцкі з 1624. суражскі і мсціслаўскі, адміністратар Гродзенскай і Магілёўскай эканомій. Марцыян (?—17.5 або 2.8.1643), сын Рыгора, канонік віленскі з 1620, адначасова духоўны пісар ВКЛ у 1628—41, духоўны рэферэндар ВКЛ у 1631—41, каад’ютар віленскі ў 1638—43, біскуп-суфраган беларускі з 1639, падканцлер ВКЛ з 1641. Павел Пётр (?—15.5.1639), сын Рыгора; староста старадубскі ў 1630—36, абозны ВКЛ у 1633—38. падстолі ВКЛ з 1638. Тэафіл (?—1645), сын Мікалая. староста ваўкавыскі, ваявода брэсцкі з 1642.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЦЭ́Т (італьян. terzetto; ад лац. tertius трэці) у музыцы, 1) ансамбль (пераважна вакальны) з трох удзельнікаў («Т. для дзвюх скрыпак і альта» А.Дворжака).
2) Муз. твор для такога складу выканаўцаў; самаст. п’еса ці нумар у оперы, кантаце, араторыі, аперэце, месе і інш. (Т. Кармэн, Фраскіты, Мерседэс з 3-га акта оперы Ж.Бізэ «Кармэн»).
У вершаскладанні Т. (трохрадкоўе) — страфа, якая складаецца з трох радкоў. Існуе некалькі яе відаў: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), рыфмуюцца толькі 2 радкі (ааб, абб ці аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв); напр.:
Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...
Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(З.Бядуля)
Часам у вершы, напісаным Т., ужываюцца адначасова розныя яго віды. У выглядзе монастрафы Т. сустракаюцца не часта. Найчасцей уваходзяць у склад буйнейшай вершаванай формы (напр., санета) або звязваюцца адно з адным ланцуговымі рыфмамі. У бел. паэзіі нярэдкія творы, у якіх 2 Т., графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі, правідны туман.
(М.Багдановіч)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРАЎ Ігар Пятровіч (1.1.1919—20. 3.1999),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў ленінградскія карабельны (1943) і тэатр. (1948) ін-ты. З 1949 у Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола, з 1956 у Вял.драм. т-ры імя Горкага, з 1960 гал. рэжысёр (да 1986) і акцёр Ленінградскага т-ра імя Ленсавета (у 1991—95 наз. Адкрыты т-р). Яго акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і адначасоваўнутр. значнасцю, рэжысёрскія — глыбокім пранікненнем у сутнасць твора, музычнасцю, гумарам. Сярод роляў: Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), прафесар Праабражэнскі («Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава), Ён («Старамодная камедыя» А.Арбузава і ў аднайм. фільме). Паставіў п’есы: «Пігмаліён» Б.Шоу (1962), «Таня» Арбузава (1963), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1964), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1966, 1983), «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына (1967), «Дульсінея Табоская» А.Валодзіна (1973), «Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага і «Вішнёвы сад» Чэхава (абедзве 1978), «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай (1986), «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева (1987), «Хэпі энд адмяняецца» («Ахвяра») М.Фраці (1995) і інш. Здымаўся ў кіно: «Твой сучаснік», «Адваротная сувязь», «Утаймаванне агню», «Казкі... казкі... казкі старога Арбата»; у тэлефільмах «Вялікае процістаянне», «Мая справа» і інш. Паставіў фільм «Лішні білет» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НШЛІХТ Іосіф Станіслававіч (псеўд.Лявон, Цёмны, Тэхнік, Юроўскі; 31.12.1879, г. Млава, Польшча — 29.7.1938),
савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч; удзельнік вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў. Скончыў тэхн. школу ў Варшаве. Чл. СДКПіЛ (1900). У 1910—13 узначальваў Варшаўскую арг-цыю СДКПіЛ. Шэсць разоў быў арыштаваны і высланы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 працаваў у выканкоме Іркуцкага Савета і к-це РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 на Зах. фронце: нарком па ваен. справах, нам. старшыні савета абароны, нам. старшыні ЦВКЛіт.-Бел. ССР. Чл.РВСЛіт.-Бел. ССР (з крас.РВС 16-й арміі, са снеж. 1919 да крас. 1921 — Зах. фронту), адначасова ў ліп.—жн. 1920 чл. Часовага польскага рэв.к-та. З 1921 нам. старшыні ВЧК—АДПУ, РВС, ВСНГ, Дзярж. плана СССР, нам. наркома па ваен. і марскіх справах СССР, нач. забеспячэння РСЧА. У 1933—35 нач.Гал. ўпраўлення Грамадз.паветр. флоту СССР. З 1935 сакратар Саюзнага Савета ЦВКСССР. У 1919 чл.ЦК КП(б)ЛіБ, чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1924—25. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1925. Чл.ЦВКСССР у 1922—37. Рэпрэсіраваны і ў ліп. 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.