ФАНЕ́МА (ад грэч. phōnēma гук),

найменшая адзінка гукавой матэрыі мовы, якая служыць для адрознення значымых адзінак мовы і вылучаецца на аснове параўнання гукаў у аднолькавых пазіцыях у слове. У пісьмовай мове адпавядае графеме.

Найб. надзейны прыём вылучэння Ф. — пошук мінімальных пар тыпу «дом—том», «кон—конь», «сук—сок» і г.д., дзе найб. ярка выяўляецца проціпастаўленне Ф. Прыметы, па якіх адбываецца проціпастаўленне, наз. дыферэнцыяльнымі. Гукі, якія ніколі не трапляюцца ў адной пазіцыі, з’яўляюцца алафонамі або камбінаторнымі варыянтамі адной фанемы. Напр., у бел. мове гукі «в» і «ў» не трапляюцца ў адной пазіцыі («в» магчымы толькі перад галоснымі, «ў» — толькі пасля іх); «і» ўжываецца ў пачатку слова і пасля мяккіх зычных, «ы» — толькі пасля цвёрдых зычных. Таму «ў» — алафон Ф. «в»; «i» і «ы» належаць да Ф. «і». У бел. мове выяўляюцца галосныя: «а», «о», «э», «у», «і»; зычныя «п», «п’», «б», «б’», «ф», «ф’», «в», «в’», «м», «м’», «т», «ц’», «д», «дз’», «с», «с’», «з», «з’», «ц», «дз», «н», «н’», «л», «л’», «р», «ш», «ж», «ч», «дж», «й», «к», «к’», «г», «г’» (фрыкатыўныя), «х»; Ф. «к’», «дз», «г’» проціпастаўлены іншым слаба. Гукі «г», «г’» выбухныя без перашкоды для разумення замяняюцца адпаведнымі фрыкатыўнымі і таму з’яўляюцца свабоднымі (факультатыўнымі) варыянтамі «г» і «г’».

Літ.:

Гл. пры арт. Фаналогія.

А.​І.​Падлужны.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЗЕАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

тып слоўніка лінгвістычнага, у якім сабраны і разгледжаны не асобныя словы, а фразеалагічныя адзінкі. Паводле прызначэння Ф.с. бываюць тлумачальныя, этымалагічныя і перакладныя, паводле крыніц матэрыялу — літ. мовы. нар. мовы і асобных гаворак.

Да тлумачальных Ф.с. бел. літ. мовы адносяцца «Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх літаратурных крыніц» Ф.​М.​Янкоўскага (1960), «Фразеалагічны слоўнік. Для сярэдняй школы» Н.​В.​Гаўрош, І.​Я.​Лепешава і Янкоўскага (1973). «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993). На матэрыяле бел. нар. мовы створаны тлумачальныя слоўнікі «Беларуская фразеалогія: Фразеалагізмы. іх значэнне, ужыванне» Янкоўскага (1968), «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е.​С.​Мяцельскай і Я.​М.​Камароўскага (1972), «З народнай фразеалогіі» Лепешава (1991), «Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны» М.​А.​Даніловіча (2000). На матэрыяле гаворкі Мсціслаўшчыны падрыхтаваны 3 вып. тлумачальнага Ф.с. Г.​Ф.​Юрчанкі: «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977). У «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» Лепешава (ч. 1—2. 1981—93) фразеалагізмы разгледжаны з боку іх паходжання. Перакладны Ф.с. — «Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу» Л.​Корсак і Л.​Марціновіч (1984), «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем» З.​Санько (1991), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.​Аксамітава і М.​Чурак (2000).

І.​К.​Германовіч.

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К (ЯРР), атамны ракетны рухавік,

рэактыўны рухавік, які працуе на ядзерным паліве. Сіла цягі ствараецца выкідам рабочага цела, якое награецца за кошт цяпла, што вылучаецца ў ядзерным рэактары ў выніку рэакцыі дзялення цяжкіх атамаў або радыеактыўнага распаду. Можа працаваць у атмасферы і беспаветранай прасторы, выкарыстоўваецца ў касманаўтыцы і ваен. тэхніцы.

У адрозненне ад хімічнага ракетнага рухавіка ў ЯРР крыніца энергіі (ядз. паліва) і рабочае цела раздзелены паміж сабой. Мае вельмі малую вагу паліва і не патрабуе запасу акісляльніку на борце ракеты. У ЯРР можна атрымаць імпульс, які значна перавышае імпульс хім. ракетнага рухавіка. У залежнасці ад тыпу ядз. паліва адрозніваюць ЯРР з цвердафазнай і газафазнай актыўнай зонай ядз. рэактара.

В.​Ц.​Казазян.

Прынцыповая схема ядзернага ракетнага рухавіка: 1 — бак з вадкім вадародам; 2 — помпа; 3 — турбіна; 4 — цяпловылучальныя элементы; 5 — выпуск газаў з турбіны; 6 — сапло; 7 — стрыжні кіравання; 8 — ахоўны экран.
Схема рухальнай устаноўкі з ядзерным ракетным рухавіком: 1 — бак з рабочым целам; 2 — помпа; 3 — блокі кіравання магутнасцю рэактара; 4 — датчык тэмпературы газу на выхадзе з рэактара; 5 — орган кіравання рэактарам; 6 — калектар адбору газу на прывод турбіны; 7 — ядзерны рэактар; 8 — сапло; 9 — блок кіравання цягай; 10 — рэгулятар частаты вярчэння турбіны; 11 — газавая турбіна.

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́ВА,

геал. помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991), з групы валуноў. Знаходзіцца ва ўрочышчы Камяні, каля воз. Янова, за 500 м на ПнУ ад в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл. На вяршыні марэннай грады, на пл. 2 тыс. м², размешчаны 94 вял. валуны, пераважна ружовыя і чырвона-бурыя граніты рапаківі з уключэннем крышталёў ружовага палявога шпату (папярочнікам 10—12 см) і чырвоныя граніты кіроўнага тыпу — выбаргіты. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з наваколляў сучаснага г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. Вылучаюць зах., цэнтр. і ўсходнюю групы валуноў. Зах. і ўсх. групы адметныя ўпарадкаваным размяшчэннем валуноў, паводле формы нагадваюць П-падобныя збудаванні. Зах. група (у выглядзе квадрата 5×5 м) арыентавана адкрытым бокам на У, усх. (20×20 м) — на ПнЗ, на камавы ўзгорак «Валатоўка». Збудаванні маюць па 1 востравяршыннаму валуну. Лінія візіравання з валуна зах. групы на падобны ва ўсх. супадае з пунктам усходу Сонца ў дзень летняга сонцастаяння. Паводле меркаванняў В.​Ф.​Вінакурава, Э.​А.​Ляўкова, А.​К.​Карабанава, якія выявілі і даследавалі валуны, Я. з’яўляецца помнікам рытуальна-астр. прызначэння. У старажытнасці каменная абсерваторыя дазваляла вызначыць дзень летняга сонцастаяння — пачатак святкавання Купалля. Я. — аналаг мегалітычнага збудавання Стонхендж у Вялікабрытаніі.

В.​Ф.​Вінакураў.

Група валуноў Янова.

т. 18, кн. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бяро́зка ’расліна бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Кіс.). Рус. берёзка, укр. бере́зка, бері́зка ’тс’. Да бяро́за (гл.): лісточкі бярозкі могуць нагадваць лісточкі некаторых відаў маладой бярозы. Але не выключаецца, што тут маем назву ад кораня са значэннем ’плясці, аплятаць’: *bеrezъka (усх.-слав.) < *berz‑ ’аплятаць’ < *ob‑verz‑ (дэкампазіцыя) да слав. *verz‑: *vьrz‑ ’вязаць, плясці’. Так Краўчук, Белар. лекс., 85. З фанетычных меркаванняў не пераконвае Мельнічук, Мовознавство, 1962, № 2, 21 (дэфармацыя назваў тыпу берлозга́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гала́нка ’парода кароў, курэй’ (БРС). Параўн. рус. гола́нка, гала́нка, якое азначае ’галандскую гародніну’, а таксама ’пароду курэй, кароў, гатунак селядца і г. д.’ З гала́ндка < гол(л)андка; ад назвы краіны. Сюды ж і гала́ндка ’грубка’ (Сцяшк. МГ), рус. гала́нка ’тс’. Назва ўзнікла на базе словазлучэння тыпу голландская печь з дапамогай суфікса ‑к(а). Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 118. Прынамсі, для назвы ’грубкі’ крыніцай бел. слова з’яўляецца, магчыма, рус. назва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галубі́ца ’ягада дурніца, буякі’ (Бяльк.). Рус. голуби́ка, голуби́ца ’тс’. Шанскі (1, Г, 121) прыводзіць яшчэ ўкр. голубика (адкуль?). Паводле Шанскага (там жа), гэта вытворныя ад назвы колеру (рус. голубо́й, укр. голуби́й). Шанскі (там жа) мяркуе, што варыянтнасць суфіксацыі (‑ика, ица) адлюстроўвае складаныя працэсы трэцяй палаталізацыі, яе непаслядоўнасць. Назва ягады магла ўспрымацца як утварэнне ад го́луб (+ суф. *‑ica для абазначэння самак). Таму маглі ўзнікнуць другасныя па паходжанню назоўнікі тыпу бел. галубэ́ ’буякі’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Натомасць, натбмосьць ’узамен’ (драг., З нар. сл.), укр. натомість, натомісць, натомісь ’замест таго, затое’, рус. натомест ’вместо того, чтобы’, натместо ’замест’, польск. natomiast ’замест таго’, стар. natemieście, natemieść ’тс’. Са спалучэння *на то место ў выніку фанетычных змен, некаторыя з іх цяжка вытлумачыць унутраным развіццём: -мосьць замест *mesto, відаць, пад уплывам укр. натомісць з заменай і (< Ъ) на о ў закрытым складзе; або з ‑масць, дзе ‑ма‑ па тыпу машон ’мяшок’, змененае пад уплывам окання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апсо́м ’знянацку, хутка’ (Юрч.), аптэ́сам ’тс’ (Касп.). З польск. obcesem, obsesem ’нахабна, знянацку’, ад obces, obses з лац. (сярэдневяковага) obsessus ’апантаны’ (Дарашэўскі, 415); слова вядома ў старапольскай мове да XVIII ст. толькі ў форме тыпу obses. Беларускія формы ўзніклі ў выніку гукавых змен: апсом як творны склон слова *обс < *обсс < *обсъс < *о̇бсас; аптэсам з абцэсам, магчыма, у выніку субстытуцыі (т на месцы ц), у абодвух выпадках б перад глухім давала п. Гл. абцэсам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бландзі́н, бландзі́нка (БРС). Рус. блонди́н, блонди́нка, укр. блонди́н, ‑ка. Паводле Фасмера, 1, 176, першаснай формай быў назоўнік ж. р. (тыпу бландзі́нка), які запазычаны з ням. Blondine (а гэта з франц.) або франц. blondine ’бландзінка’. Назоўнік м. р. з франц. blondin або ж другаснае ўтварэнне ад бландзі́нка. Фасмер, 1, 176; Шанскі, 1, Б, 143. У аснове ўсяго ляжыць франц. blond(e) ’бялявы, -ая’. Да гісторыі гэтага слова і магчымай сувязі з герм. мовамі гл. Клюге, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)