геал. помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991), з групы валуноў. Знаходзіцца ва ўрочышчы Камяні, каля воз. Янова, за 500 м на ПнУ ад в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл. На вяршыні марэннай грады, на пл. 2 тыс.м², размешчаны 94 вял. валуны, пераважна ружовыя і чырвона-бурыя граніты рапаківі з уключэннем крышталёў ружовага палявога шпату (папярочнікам 10—12 см) і чырвоныя граніты кіроўнага тыпу — выбаргіты. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс.г. назад з наваколляў сучаснага г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. Вылучаюць зах., цэнтр. і ўсходнюю групы валуноў. Зах. і ўсх. групы адметныя ўпарадкаваным размяшчэннем валуноў, паводле формы нагадваюць П-падобныя збудаванні. Зах. група (у выглядзе квадрата 5×5 м) арыентавана адкрытым бокам на У, усх. (20×20 м) — на ПнЗ, на камавы ўзгорак «Валатоўка». Збудаванні маюць па 1 востравяршыннаму валуну. Лінія візіравання з валуна зах. групы на падобны ва ўсх. супадае з пунктам усходу Сонца ў дзень летняга сонцастаяння. Паводле меркаванняў В.Ф.Вінакурава, Э.А.Ляўкова, А.К.Карабанава, якія выявілі і даследавалі валуны, Я. з’яўляецца помнікам рытуальна-астр. прызначэння. У старажытнасці каменная абсерваторыя дазваляла вызначыць дзень летняга сонцастаяння — пачатак святкавання Купалля. Я. — аналаг мегалітычнага збудавання Стонхендж у Вялікабрытаніі.