ФАНЕ́МА (ад грэч. phōnēma гук),
найменшая адзінка гукавой матэрыі мовы, якая служыць для адрознення значымых адзінак мовы і вылучаецца на аснове параўнання гукаў у аднолькавых пазіцыях у слове. У пісьмовай мове адпавядае графеме.
Найб. надзейны прыём вылучэння Ф. — пошук мінімальных пар тыпу «дом—том», «кон—конь», «сук—сок» і г.д., дзе найб. ярка выяўляецца проціпастаўленне Ф. Прыметы, па якіх адбываецца проціпастаўленне, наз. дыферэнцыяльнымі. Гукі, якія ніколі не трапляюцца ў адной пазіцыі, з’яўляюцца алафонамі або камбінаторнымі варыянтамі адной фанемы. Напр., у бел. мове гукі «в» і «ў» не трапляюцца ў адной пазіцыі («в» магчымы толькі перад галоснымі, «ў» — толькі пасля іх); «і» ўжываецца ў пачатку слова і пасля мяккіх зычных, «ы» — толькі пасля цвёрдых зычных. Таму «ў» — алафон Ф. «в»; «i» і «ы» належаць да Ф. «і». У бел. мове выяўляюцца галосныя: «а», «о», «э», «у», «і»; зычныя «п», «п’», «б», «б’», «ф», «ф’», «в», «в’», «м», «м’», «т», «ц’», «д», «дз’», «с», «с’», «з», «з’», «ц», «дз», «н», «н’», «л», «л’», «р», «ш», «ж», «ч», «дж», «й», «к», «к’», «г», «г’» (фрыкатыўныя), «х»; Ф. «к’», «дз», «г’» проціпастаўлены іншым слаба. Гукі «г», «г’» выбухныя без перашкоды для разумення замяняюцца адпаведнымі фрыкатыўнымі і таму з’яўляюцца свабоднымі (факультатыўнымі) варыянтамі «г» і «г’».
Літ.:
Гл. пры арт. Фаналогія.
А.І.Падлужны.
т. 16, с. 316