САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра
(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф. паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.
т. 14, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК-МІ́РСКІ Пётр Дзмітрыевіч (30.8.1857—29.5.1914),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1913). Ген.-ад’ютант (1904). З роду князёў Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). Скончыў Пажскі корпус (1875), Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1877—78. З 1895 пензенскі, з 1897 екацярынаслаўскі губернатар. У 1900—02 таварыш (намеснік) міністра ўнутр. спраў і камандуючы асобым корпусам жандараў. У 1902—04 віленскі, гродзенскі і ковенскі ген.-губернатар. Надаваў значэнне развіццю сярод беларусаў нац. самасвядомасці, увядзенню ў бел. каталіцкія парафіі набажэнства на роднай мове. Прызначаў беларусаў-католікаў на некат. чыноўніцкія пасады. Падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. У жн. 1904 прызначаны міністрам унутр. спраў. З мэтай аслаблення рэв. руху імкнуўся прыцягнуць на бок урада бурж.-ліберальную апазіцыю (дазволіў з’езды земскіх дзеячаў, правёў частковую амністыю паліт. зняволеным, аслабіў цэнзуру і інш.). У 1905 пасля студзеньскага расстрэлу рабочай дэманстрацыі (гл. «Крывавая нядзеля») С.-М. звольнены ў адстаўку.
А.М.Лукашэвіч.
т. 14, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),
украінскі і бел. рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач. Вял. Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.
Л.У.Языковіч.
т. 14, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕЖА́ВІЧУС (Sleżevićius) Мікалас (21.2.1882, в. Дрэмбляй Каўнаскага пав., Літва — 11.11.1939),
літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Новарасійскі ун-т у г. Адэса (Украіна, 1907). З 1907 чл. Літ. дэмакр. партыі, рэдактар шэрагу ліберальных перыяд. выданняў. У 1-ю сусв. вайну эвакуіраваўся ў Расію, дзе ў 1917 уступіў у партыю сацыялістаў ляўдынінкаў-дэмакратаў. Пасля вяртання на радзіму ў снеж. 1918—сак. 1919 і крас.—кастр. 1919 прэм’ер-міністр незалежнай Літвы. У 1920—27 дэп. сейма. У 1926 зноў прэм’ер-міністр, міністр замежных спраў і юстыцыі Літвы; падпісаў дагавор аб узаемным ненападзе і нейтралітэце паміж Літ. Рэспублікай і СССР (гл. Савецка-літоўскія дагаворы). У 1922—36 старшыня партыі ляўдынінкаў (Саюз сялян ляўдынінкаў Літвы, засн. ў 1922 у выніку аб’яднання ляўдынінкаў з Саюзам сялян Літвы, які ўзнік у 1905); прытрымліваўся палітыкі супрацоўніцтва з аўтарытарным урадам А.Сметаны.
Літ.:
Lietuvos Respublikos ministrai pirmininkai, 1918—1940. Vilnius, 1997.
т. 15, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕ́ТАНА (Smetona) Антанас (10.8.1874, в. Ужуленіс Вільнюскага пав., Літва — 9.1.1944),
літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. Юрыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1902). У 1902—07 чл. Літ. дэмакр. партыі. У 1905—15 і 1923—24 рэдагаваў шэраг газет і часопіс. З 24.9.1917 да 4.4.1919 старшыня Літоўскай тарыбы. У крас. 1919—чэрв. 1920 часовы прэзідэнт Літвы. У 1921 узначальваў дэлегацыю Літвы на перагаворах у Рызе па ўрэгуляванні літ.-лат. памежнага канфлікту. У 1923—26 выкладаў у Каўнаскім ун-це (з 1926 дацэнт). У 1924—40 лідэр партыі таўцінінкаў (Саюза літ. таўцінінкаў; з 1926 кіруючая партыя). Пасля ваен.-дзярж. перавароту 17.12.1926 з 19.12.1926 да 15.6.1940 зноў прэзідэнт Літ. Рэспублікі. Устанавіў у краіне аўтарытарны рэжым на ўзор фаш. Італіі. З уводам сав. войск у Літву 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію; з сак. 1941 жыў у ЗША, дзе і памёр.
Тв.:
Antano Smetonos korespondencija, 1940—1944. Kaunas, 1999.
т. 15, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІ́ЛГА Івар Тэнісавіч (1892, ліфляндская губ., Латвія — люты 1938),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскімі ўладамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 уваходзіў у склад Кранштацкага к-та РСДРП(б), старшыня Абл. выканаўчага к-та арміі, флоту і рабочых Фінляндыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 упаўнаважаны СНК РСФСР у Фінляндыі. У 1919—23 чл. Рэўваенсавета Рэспублікі, Зах. (май—кастр. 1920), Паўд. і Каўказскага франтоў, старшыня Савета прац. арміі паўд. ўсходу. 31.7.1920 падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. З 1923 нам. старшыні Дзяржплана СССР. У 1927 выключаны з ВКП(б) як прыхільнік трацкісцкай апазіцыі, у 1930 адноўлены. З 1930 нам. нач. Мабілізацыйнага ўпраўлення ВСНГ СССР. 2.1.1935 арыштаваны, сасланы, пасля расстраляны. Рэабілітаваны ў 1987.
Літ.:
Ненароков А.П. Смилга И.Т. // Реввоенсовет Республики, 6 сент. 1918 г. — 28 авг. 1923 г. М., 1991.
А.В.Скараход, Я.С.Фалей.
т. 15, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́Ў Аляксей Аляксеевіч (н. 14.2.1921, в. Кулеміха Вятлужскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),
парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1945). Ў 1958—59 заг. аддзела ЦК КПБ, з 1959 1-ы сакратар Брэсцкага абкама КПБ, у 1962—64 нам. старшыні Бюро ЦК КПБ па кіраўніцтве прам-сцю і буд-вам, заг. аддзела цяжкай прам-сці і транспарту ЦК КПБ. З 1965 сакратар ЦК КПБ, старшыня К-та парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. Нам. старшыні СМ БССР, старшыня К-та нар. кантролю БССР. У 1968—78 сакратар ЦК КПБ. З 1978 у Маскве старшыня праўлення Цэнтрасаюза спажывецкіх т-ваў, у 1983—91 нам. міністра паліўнай прам-сці РСФСР. Чл. ЦК КПБ у 1960—81, Бюро ЦК КПБ у 1966—78. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—63, 1970—75, Вярх. Савета СССР у 1962—70, 1974—83.
Я.С.Фалей.
т. 15, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЫШЛЯ́ЕЎ Валянцін Сяргеевіч (27.3.1891, г. Н. Ноўгарад, Расія — 3.10.1936),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Расіі (1935). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1912—17). З 1915 акцёр і рэжысёр у 1-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, у 1924—31 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры другім. Паставіў спектаклі «Утаймаванне свавольніцы» (1923), «Гамлет» (1924) У.Шэкспіра, «Арэстэя» Эсхіла (1926) і інш. У 1925—31 узначальваў тэатр. студыі, з 1933 Маскоўскі драм. т-р. У 1922—26 маст. кіраўнік Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, дзе паставіў спектаклі «Цар Максімілян» (нар. драма ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча, 1924), «Сон у летнюю ноч» Шэкспіра (1925), «Вакханкі» Эўрыпіда (1926, з К.Саннікавым) і інш. Яго рэжысуры ўласцівы пошукі новых сродкаў сцэнічнай выразнасці, выкарыстанне прыёмаў гратэску і буфанады. Аўтар кн. «Тэхніка апрацоўкі сцэнічнага відовішча» (ч. 1—2, 2-е выд. 1922).
т. 15, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕ́ЧКУС (Sniečkus) Антанас (7.1.1903, в. Бубляляй Марыямпальскага пав., Літва — 22.1.1974),
літоўскі паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Смаленскі ун-т (1925), Міжнар. ленінскую школу ў Маскве (1935). У 1919—21 тэхнік на тэлеграфе ў г. Алітус. З 1920 чл. Камуніст. партыі Літвы (КПЛ). Працаваў у выд-ве ЦК КПЛ у Смаленску (1921—25). Пасля дзярж. перавароту ў Літве (снеж. 1926) на падп. рабоце ў Каўнасе, сакратар ЦК КПЛ (1927—30). У 1930 арыштаваны; пасля абмену палітзняволенымі паміж Літвой і СССР прыбыў у Маскву. У 1933—36 нам. прадстаўніка КПЛ пры Выканкоме Камінтэрна. У 1936—39 і 1940—74 1-ы сакратар ЦК КПЛ. У 1942—44 нач. штаба партыз. руху Літвы. Чл. ЦК КПСС (з 1952; канд. з 1941). Дэп. Вярх. Саветаў Літвы (з 1940) і СССР (з 1941).
Тв.:
Советская Литва на пути расцвета. Вильнюс, 1970;
Верность ленинским заветам. Вільнюс, 1988.
т. 15, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЖЭ́НСКІ (Старжынскі) Віктар Вацлаў
(Віктар Мацвеевіч; 26.9.1826, маёнтак Страбля Падляскага ваяв., Польшча — 31.5.1882, паводле інш. звестак 17.6.1882),
бел. грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку 1860-х г. Вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Швейцарыі і Мюнхенскім ун-це. У 1847—50 у рас. арміі. З 1861 гродзенскі губернскі маршалак шляхты. Вёў перагаворы з царскімі ўладамі наконт аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю, аднаўлення Віленскага ун-та. У час. паўстання 1863—64 адзін з кіраўнікоў партыі «белых» у Беларусі і Літве. Вясной 1863 згодна з загадам паўстанцкага ўрада падаў у адстаўку і звярнуўся з адпаведным цыркулярам да павятовых маршалкаў шляхты. У маі 1863 арыштаваны, зняволены ў Віленскую цытадэль і засуджаны да высылкі ў Сібір. Пазней пакаранне зменшана: адсядзеў паўтара года ў Бабруйскай крэпасці, потым высланы ў Варонежскую губ. У 1869—75 жыў у Галіцыі, потым у Пецярбургу.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963.
Г.В.Кісялёў.
т. 15, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)