Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напаў- — першая частка складаных слоў напаўгнілы, напаўдзікі, напаўмёртвы і г. д., якая абазначае частковую прысутнасць прызнака, выражанага ў другой частцы слова. Да напоў (*напол) ’напалавіну’ (гл.). Баханькоў (Весці АН БССР, 1981, 1, 120) беспадстаўна лічыць названыя словы недакладнымі калькамі з рус. полугнилой, полумертвый і інш., хутчэй тут прысутны ўплыў польск. napółdziki і пад., паколькі ў народнай мове такога тыпу ўтварэнні сустракаюцца рэдка, параўн., аднак, напоўсмерць, напоўсмерці ’страшэнна, да паўсмерці’ (ТС) і пад., якія паказваюць, што першапачаткова падобныя ўтварэнні ўзніклі сярод прыслоўяў, а потым распаўсюдзіліся і на прыметнікі. Зубаты лічыць утварэнні тыпу чэш. na půl пазнейшымі, першаснымі былі спалучэнні са склонавай формай падвойнага ліку na poly, параўн. чэш. na poly živý ’напаўжывы’, польск. napoły pijany ’напаўп’яны’, што ўжывалася паралельна з napół (Зубаты, Studie, 171). Выказваецца думка пра ненатуральнасць утварэнняў з напаў‑ у беларускай мове (параўн. Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. area ’адкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́начы ’ноччу, уночы’ (ТСБМ, Касп.), ’апоўначы, сярод ночы’ (Сл. ПЗБ), по́начы ’тс’ (ТС), ’цёмна’ (Клім., Жыв. НС), по́вночы ’тс’ (Жыв. НС). Укр. по́ночі ’цёмна’, ’у цемры’. Ад *па пачы ’ўначы’, з далейшым развіццём семантыкі да ’цёмна’, дзе па/по мае значэнне ’пры’, параўн. по́дню ’ў дзённы час’, г. зн. ’пры дзённым святле’ (Варл.). Цікавую паралель уяўляе серб. дыял. по̏ноћи ’ноччу’, паводле якога ўтворана по̏дне(в)и ’днём’ (Мілеціч, СДЗб, 9, 434); параўн., аднак, по́ноћ ’сярэдзіна ночы’, што адпавядае прасл. *polъnoktь (гл. поўнач), на думку Вукавіча (ЈФ, 17, 77) — другаснае, утворанае ад поноћи. Да ноч (гл.), параўн. яшчэ *паначота (гл.). Інакш Цыхун (Загароддзе–2, 112), за зыходную прымае форму з паў- (пов‑): по́внучэ на улыцэ, першапачаткова ’поўнач, сярэдзіна ночы’, з якога развілося значэнне ’цёмна’, чаму пярэчыць ЕСУМ (4, 470): укр. по́вночі з по́ночі пад уплывам пі́вніч ’сярэдзіна ночы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шча 1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча 2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),

латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.​Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.​Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.

В.Артмане.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПАВА (Ірына Канстанцінаўна) (н. 2.12.1925, Масква),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953), з 1976 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1956—88 — Вял. т-ра Расіі. Вядомая прадстаўніца рус. школы бельканта. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ, спявала з М. дэль Монака), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава). Спявала ў Міланскім т-ры «Ла Скала» і інш. Старшыня цэнтр. праўлення Усерас. муз. т-ва (з 1986). Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

Попов И.Е. И. Архипова: Творческий портрет. М., 1981.

І.К.Архіпава.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ГІСТАРЫ́ЧНАЙ КАМІ́СІІ»

(«Archiwum Komisyi Historycznej»),

серыйнае выданне дакументальных матэрыялаў 15—19 ст. Выходзіла ў 1878—1949 у Кракаве пад апекаю Гіст. камісіі Польскай АН. Выдадзена 16 тамоў. Пераважаюць матэрыялы крыніцазнаўчага характару, першакрыніцы па гісторыі права, царквы, грамадска-паліт., дыпламат. адносін, агляды бібліятэк і архіваў. Сярод найб. значных публікацый — матэрыялы па гісторыі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, дакументы Пастаяннай Рады, інвентары зямельных уладанняў, апісанні рукапісаў і дакументаў у архівах і бібліятэках Рыма, Пецярбурга, Будапешта, «Рэвізія Полацкага ваяводства 1552», матэрыялы па гісторыі праектаў царк. уніі канца 15 — пач. 16 ст. і інш. Дакументы ў асн. на польск. і лац. мовах.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НСКІ (Антон) (Антоній) Сцяпанавіч (12.7.1861, Ноўгарад — 25.2.1906),

рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас кампазіцыі М.​Рымскага-Корсакава). У 1882—95 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1889 прафесар). Сярод вучняў С.Рахманінаў. З 1888 кіраўнік канцэртаў Рускага харавога таварыства, з 1895 — пецярбургскай Прыдворнай пеўчай капэлы. З 1901 канцэртаваў як піяніст і дырыжор. Кампазітар-лірык, працаваў пераважна ў камерных вакальных і інструментальных жанрах. Аўтар тэарэтычных прац.

Тв.:

Оперы «Сон на Волзе» (1891), «Рафаэль» (1894);

балет «Ноч у Егіпце» («Егіпецкія ночы», 1900);

кантаты;

2 сімфоніі (1883, 1889);

сюіта для арк.;

канцэрты;

камерна-інстр. ансамблі;

творы для фп.;

хары;

балады для голасу з арк.;

меладэкламацыі;

рамансы і інш.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ (АТБ) у Варшаве. Існавала ў 1936—39 (да афіц. рэгістрацыі ў 1937 дзейнічала пад назвай «Арганізацыйны камітэт беларускага т-ва ў Варшаве»). Т-ва мела на мэце правядзенне культ.-асв. і выдавецкай дзейнасці, арганізацыю б-к, клубаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і маральнай падтрымкі беларусам, якія жылі ў Варшаве. У яго ўваходзілі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, работнікі, студэнты варшаўскіх ВНУ (каля 1 тыс. чал.). Сярод актывістаў А.​Бычкоўскі, С.​Казура, Б.​Руткоўскі, А.​Шыдлоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі, Л.​Панько, В.​Чарняўская і інш. Пры АТБ працавалі курсы бел. мовы, гурткі маст. самадзейнасці. Дзейнасць спынена ў першыя дні нападу фаш. Германіі на Польшчу.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)