мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага, кн. К.Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБЕРГ (Якаў Мікалаевіч) (16.12.1909, г. Адэса, Украіна — 27.1.1993),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў драм. курсы пры кінастудыі «Масфільм» (1937). З 1938 у бабруйскіх калг.-саўгасным і абл.драм. т-рах, у 1947—73 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Выканаўца драм., камед. і характарных роляў. Акцёрскай рабоце К. ўласцівы псіхал. выразнасць і лаканізм сцэн. сродкаў. Сярод роляў: у калг.-саўгасным т-ры — Батура («Партызаны» К.Крапівы), Елеся («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага); у Бабруйскім абл.драм. т-ры — Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — Цярэшка («Трыбунал» А.Макаёнка), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Шмага, Аркашка («Без віны вінаватыя» і «Лес» Астроўскага), Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,
дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял.кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ (Міхайла) (у каталіцтве Станіслаў; ?, каля г. Брэст — 3.8.1649),
казацкі военачальнік, удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54, палкоўнік кіеўскі (1648—49). З бел. шляхецкага роду. У 1620-я г. служыў у каронным войску Рэчы Паспалітай. У 1627 удзельнічаў у вайне са Швецыяй. З 1643 палкоўнік казацкіх рэестравых войск Рэчы Паспалітай. У 1647 садзейнічаў уцёкам Б.Хмяльніцкага з турмы ў Крылове ў Запарожскую Сеч. Пасля бітвы пад Жоўтымі Водамі (5—6.5.1648) у крымскім палоне. Выкуплены Хмяльніцкім за 4 тыс. талераў (12 тыс. польскіх злотых). Летам 1649 пасланы Хмяльніцкім на Беларусь. Да 15 тыс. казакоў К. далучылася амаль столькі ж сялян-паўстанцаў Беларусі. У ходзе Лоеўскай бітвы 1649 войска К. было разбіта, а сам ён цяжка паранены. Памёр ад ран на 3-і дзень пасля бітвы.
В.І.Мялешка.
М.Крычэўскі. Пасмяротны партрэт (з гравюры па рыс. 1649).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕНО́ЙС, Кукейнос, Кокнесе, Кокенгузен,
старажытны горад у нізоўі Зах. Дзвіны, адзін з фарпостаў Полацкага княства. Цяпер с. Кокнесе ў Стучкінскім р-не Латвіі, за 246 км на ПнЗ ад Полацка. Упершыню ўпамінаецца пад 1205 у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, калі там княжыў Вячка. У 2-й пал. 11 — пач. 13 ст. належаў Полацкаму княству, быў месцам збору даніны з народаў Ніжняга Падзвіння (латгалаў, селаў, ліваў і інш.). У 1206 кн. Вячка ўдзельнічаў у паходзе полацкага кн. Уладзіміра на крыжакоў. У 1208 драўляны замак горада спалены крыжакамі, у 1209 на яго месцы пабудаваны мураваны замак, які з’яўляўся значным гандл. цэнтрам Полацкай зямлі. Меў цесныя гандл. і эканам. сувязі са Смаленскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Наўгародскай і інш. землямі. Насельніцтва горада было этнічна мяшанае і складалася з мясц. балтаў (латгалаў і селаў) і славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К (Зінаіда Валянцінаўна) (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр адзінка ў Рас. імперыі ў 1797—1801. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле імяннога ўказа ад 23.12.1796 шляхам аб’яднання Віленскай і Слонімскай губ. у складзе 19 паветаў: Ашмянскага, Браслаўскага, Брэсцкага, Ваўкавыскага, Віленскага, Вількамірскага, Гродзенскага, Завілейскага, Кобрынскага, Ковенскага, Лідскага, Навагрудскага, Пружанскага, Расіенскага, Слонімскага, Трокскага, Упіцкага, Цяльшэўскага, Шавельскага. Нас. ў 1797 — каля 1568,2 тыс.чал., у т. л. 1 млн. сялян, 120 тыс. шляхты. У Л.г. было 19 гарадоў, 268 мястэчак, 23 632 вёскі, засценкі, ваколіцы, 166 манастыроў, 634 царквы і касцёлы. Найб.дзярж. ўладанне — Слонімская эканомія (1724 двары, 3321 рэвізская душа), з 1798 у пажыццёвым трыманні графа М.Е.Мнішкі. Цэнтр. адміністрацыя — вярх.літ. праўленне на чале з ген.-губернатарам (намеснікам). Указам Аляксандра I ад 21.9.1801 Л.г. зноў падзелена на Віленскую і Слонімскую губ. (з 9.9.1802 Гродзенская губерня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш.Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т. л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э.было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.