ЗУБКО́ВА (Зінаіда Пятроўна) (н. 3.11.1938, пас. Ульянаўка Ленінградскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца мяккай лірычнасцю, духоўным багаццем, выразнай пластычнасцю: Наташа, Зіна («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Варвара («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Цешча («Дом на мяжы» С.​Мрожака), Марыся (радыёспектакль «Хамуціус» паводле А.​Куляшова; Дзярж. прэмія Беларусі 1984) і інш.

В.​А.​Грыбайла.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́ЦКА-ГРЫЧО́ВА ((Kawecka-Gryczowa) Алодзія) (11.8.1903, Варшава — 16.6.1990),

польскі бібліёграф, бібліятэказнавец. Праф. (1954). Скончыла Ягелонскі ун-т. У 1928—74 працавала ў Нац. б-цы ў Варшаве, б-цы Ін-та літ.знаўства Польскай АН. Асн. працы па гісторыі польскага кнігадрукавання 15—16 ст. Гал. рэдактар выданняў «Польскае друкарства 16 ст.», «Энцыклапедыя навукі пра кнігу» (1971). Адна са складальнікаў шматтомнай працы «Друкары старой Польшчы». Аўтар артыкулаў пра друкароў, што працавалі на Беларусі. Даследавала пратэстанцкія канцыяналы ў Беларусі і Літве.

Т.​І.​Рошчына.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСПРАМГА́С (лесапрамысловая гаспадарка),

прадпрыемства лесанарыхтоўчай прамысловасці; гаспадарчаразліковая арг-цыя, якая складаецца з лесанарыхтоўчых пунктаў і ўчасткаў, праводзіць нарыхтоўку, вываз, распрацоўку і адгрузку драўніны. У складзе Л. могуць быць і інш. вытворчасці — лесапілаванне, нарыхтоўка шпал, драўнянага вугалю, смолакурэнне, падсочка лесу і інш. Л. мае замацаваную ў доўгатэрміновае карыстанне лесасыравінную базу, сетку лесавозных дарог, склады, тэхн. і трансп. сродкі, вытв. памяшканні і інш. Існуюць на Беларусі, у Расіі, на Украіне. На Беларусі 5 Л. і 18 вытв. аб’яднанняў (1999), якія таксама займаюцца нарыхтоўкай драўніны.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯГЕ́НЧАНКА (Іван Сяргеевіч) (9.2. 1897, в. Крывая Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 9.5.1984),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Дацэнт (1951). Засл. ўрач Беларусі (1956). Скончыў Казанскі ун-т (1923). У 1945—68 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і ў 1945—52 гал. акушэр-гінеколаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Распрацаваў спосабы вызначэння праходнасці фалопіевых труб, абязбольвання і паскарэння родаў, метад фізіял. ажыўлення ўяўна-памерлых нованароджаных (метад Л.).

Тв.:

Физиологический метод оживления мнимоумерших новорожденных // Акушерство и гинекология. 1947. № 4.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУШО́К (Яўген Маркелавіч) (н. 26.1.1928, Масква),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1972). Сын М.Е.Макушка. Скончыў БПІ (1950). З 1958 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1992 у БПА. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі металаў ціскам, механіцы дэфармаванага цвёрдага цела. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Механика трения. Мн., 1974;

Массоперенос в процессах трения. Мн., 1978 (разам з Т.​В.​Каліноўскай, А.​У.​Белым);

Инженерная теория пластичности. Мн., 1985 (у сааўт.);

Самоорганизация деформационных процессов. Мн., 1991.

М.Е.Макушок.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,

пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.​Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.​Салагуба, Я.​Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМЫ́ГІНА (Святлана Вячаславаўна) (н. 5.4.1965, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спартсменка (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1991). Засл. майстар спорту Беларусі (1994). Скончыла Бел. політэхн. ін-т (1987). Сярэбраны прызёр XVII зімовых Алімп. гульняў (1994, г. Лілехамер, Нарвегія) на дыстанцыі 7,5 км. Чэмпіёнка свету на розных дыстанцыях (1990, 1991, 1994), сярэбраны і бронз. прызёр (1993); пераможца летняга чэмпіянату свету (1997, 1998), бронз. прызёр (1999). Чэмпіёнка Еўропы (1995), сярэбраны (2000) і бронз. прызёр (1996). Чэмпіёнка СССР (1989). Чэмпіёнка Беларусі (1989—2000).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,

гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял. мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі.

Засн. ў 1960 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Уключана ў Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і сетку геамагнітных абсерваторый СНД. Вядзе назіранні эл.-магн. поля і сейсмічнасці Зямлі. Даследуе эл.-магн. працэсы ў калязямной прасторы, глыбінную будову зямной кары і верхняй мантыі. З’яўляецца базай для выканання міжнар. геафіз. праграм, мае геамагнітную абсерваторыю, станцыі зямных токаў і сейсмічную. З яе дзейнасцю звязана развіццё новага для Беларусі навук. кірунку — фізікі Зямлі.

Ж.​П.​Хацько.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)