раўнава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Стан спакою, у якім знаходзіцца цела пад уздзеяннем роўных, процілегла накіраваных сіл. Устойлівая раўнавага. Няўстойлівая раўнавага. □ Галінка загойдалася. І, каб утрымацца, захаваць раўнавагу, сарока замахала крыламі. Лынькоў.

2. Устойлівае становішча, устойлівасць. У галаве страшэнна шумела, і .. [Сяргей] баяўся падымацца, каб часам не страціць раўнавагу. Шамякін.

3. перан. Устойлівыя суадносіны паміж чым‑н.; ураўнаважванне адно другім. Раўнавага сіл.

4. перан. Спакой, нармальны стан духоўнага і маральнага жыцця. Вывесці з раўнавагі. □ За два гады Таня павольна прызвычаілася да свайго становішча, асвоілася з горкім лёсам саламянай ўдавы, пабыла жыццёвую раўнавагу. Машара. Ганна напружыла ўсе свае сілы, каб захаваць спакой і раўнавагу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саха́, ‑і, ДМ сасе; мн. сохі, сох; ж.

1. Прымітыўная драўляная сельскагаспадарчая прылада для ворыва. Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас. Сохі і драўляныя бараны пайшлі ў архіў. Чорны.

2. Гіст. Адзінка падатковага абкладання ў Расіі ў 13–17 стст.

3. Слуп з развілкай на канцы, які ўжываецца пры будаўніцтве чаго‑н. як апора. Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. Уся.. [клуня], разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. Колас.

4. Рогі лася. І раптам — [лось] сохі выкінуў свае. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эге́ ​1, часціца.

Разм. Ужываецца для выказвання згоды, а таксама для пацвярджэння чаго‑н.; адпавядае па значэнню слову «так». [Галінка:] — Зайдзіце, калі час будзе... Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана? [Андрэй:] — Эге, вось і ён там у чаўне ехаў. Караткевіч.

эге́ ​2, і эге-ге́, выкл.

1. Ужываецца пры выяўленні чаго‑н. важнага, значнага ці нечаканага. — Эге, — неяк гучна ў цішыні азвалася Морка Парэмская. — Вы [маладзіцы] вот седзіце, размаўляеце за поўным сталом, а яго [сына] ужо колькі няма. Ракітны. — Эге, весела сёння ў «брахалаўцы»! — азваўся ад парога Мальчэўскі. Васілёнак.

2. Ужываецца для выказвання здзіўлення, недаверу і пад. Эге, куды хапілі. □ [Дзед:] — Эге, ці не Раманаў сынок часам? Толькі каторы? Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац. Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз. Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр. капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус. капу́ста, ст.-рус. капуста (страва) (XII ст.), польск. kapusta, чэш. kapusta, славац. kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв. ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг. капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг. капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац. compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ. composta ’мешань’, ’кампот’, швейц. kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням. kumpóst, с.-в.-ням. kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск. kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац. capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ. capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням. Kappus, с.-в.-ням. kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-на́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четвер​ѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл. na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.

Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.

Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.​К.​Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.​І.​Губкіна, А.​І.​Цэлікава, А.​П.​Чакмарова, Г.​М.​Паўлава, В.​П.​Севярдэнкі, В.​С.​Смірнова, В.​М.​Чачына, А.​В.​Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),

кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.​Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.​Ф.​Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.​Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.​Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.​П.​Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.​Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

Да арт. Бідэрмеер. К.​Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.
Да арт. Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.
Да арт. Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.
Да арт. Бідэрмеер. Ф.​Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)