страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́ль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. □ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)