ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),

млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.

Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.

Жырафы.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),

клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.

Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв. клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШАЧНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Enteropneusta),

клас паўхордавых. Каля 80 відаў. Большасць пашырана ў морах трапічнай зоны, астатнія — у морах умеранай зоны. Жывуць на рознай глыбіні на паверхні дна або ў мяккім муле, мулаватым пяску, на каралавых рыфах. Свабоднарухомыя. Тыповы прадстаўнік К. — баланаглос.

Даўж. ад 3 см да 2,5 м. Цела чэрвепадобнае, мае хабаток, каўнерык і тулава, пакрытае сліззю. Сценкі стрававода ў пярэдняй ч. працяты 2 радамі шчэлепных шчылін (адсюль назва). Кормяцца дробнымі жывёламі, рэшткамі раслін і інш. арган. рэчывамі. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, за выключэннем 1 жывароднага віду (Xenopleura vivipara). Развіццё з метамарфозам. Лічынка (тарнарыя) падобная да лічынак ігласкурых.

Кішачнадыхальныя: 1 — сакаглосус; 2 — гландыцэпс.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАГАЛО́ЎКІ (Phrynocephalus),

род яшчарак сям. агам. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі (ад Каспійскага м. да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях.

Самая буйная — К. вушастая (Ph. mystaceus), самая маленькая — К. пясчаная (Ph. interscapularis).

Даўж. 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пал колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, К. тыбецкая (Ph. theobaldi) яйцажывародная. К. вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах рота вял. скурных складак з махрамі па краях. якія нагадваюць вушы (адсюль назва).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ (Panthera leo),

млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр. Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.

Э.​Р.​Самусенка.

Леў.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),

сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.

Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.

Марскія змеі: 1 — пласкахвост кольчаты; 2 — пеламіда двухколерная.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДА курэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц. папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.

Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.

Маскоўская парода.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫРНЫЯ КЛЯШЧЫ́, арыбатыды (Oribatei),

група членістаногіх (134 сям.) атр. акарыформных кляшчоў кл. павукападобных. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху і інш. Маюць вял. значэнне для глебаўтварэння. На Беларусі каля 60 сям., больш за 250 відаў. Найб. трапляюцца апіела незвычайная (Oppiela nova), карабодэс лабірынтавы (Carabodes labyrinthicus), нотрус лясны (Nothrus silvestris) і інш. Некат. віды (каля 30) — прамежкавыя гаспадары стужачных чарвей — паразітаў траваедных жывёл.

Даўж. 0,2—3 мм. Цела падзяляецца на галаву і тулава, укрытае панцырам з вырастамі і баразёнкамі. Ротавыя органы грызучыя. Сапрафагі ці фітафагі. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.

І.​В.​Чыкілеўская.

Панцырныя кляшчы: 1 — фтыракарус; 2 — цэфеус.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Панталоны ’верхняе мужчынскае адзенне, якое пакрывае ніжнюю частку тулава да пояса; частка жаночай бялізны’ (ТСБМ). З зах.-еўрап. моў праз рус. пантало́ны або польск. pantalony. Назва ўзыходзіць да імя традыцыйнага персанажу італ. фарса — Pantaleone, які насіў шырокія штаны, і далей, да ўласнага грэч. імя Πανταλέων (гл. Фасмер, 3, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суту́лы ’пахілы, згорблены’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ’магутны’ (Вруб.), сюды ж су́тулаваты, сутулава́сты, суту́лісты ’прыгорблены’ (Сл. ПЗБ); укр. суту́лий, рус. суту́лый ’тс’. Утворана пры дапамозе прыст. су- ад асновы тул‑, параўн. тулава, туліцца, гл. Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485. Значэнне ’магутны’, відаць, на базе ’прысадзісты, каржакаваты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)