СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),
навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.
Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш.Цэнтр. праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.
Літ.:
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;
Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;
Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Непака́заны ’неймаверна вялікі’ (мядз., Жыв. сл.). Незвычайную семантыку тлумачыць зафіксаванае Насовічам непока́заный ’неадпаведны, недазволены’, г. зн. ’які нельга нават паказваць’ з пераносам значэння ’які нельга нават сабе ўявіць'
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус.излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск.wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няго́ж ’а як жа, так, напэўна’ (віц., Хрэст. дыял.), сюды ж аняго́ж ’так’, аня́‑ж ’а як жа’ (віц., Мат.). Гл. няго́, семантыку добра тлумачыцьняго́‑не ’тс’ (Др.-Падб.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пава́ра ’прылада гнуць драўляныя абручы’ (КЭС, лаг.). Слова тлумачыць цяжка з-за адсутнасці ўяўлення аб рэаліі і параўнаўчага матэрыялу. Магчыма, мае нейкую сувязь з літ. тэхн. тэрмінам pavara ’перадача, прывод’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ілюстра́цыя, ‑і, ж.
1. Тое, што і ілюстраванне.
2. Малюнак у кнізе, часопісе, які суправаджае тэкст або тлумачыць змест. Падручнік з ілюстрацыямі. Газетная ілюстрацыя. □ Характэрнай асаблівасцю кніг Скарыны, вельмі рэдкай для таго часу, было ўпрыгожанне іх цэлым радам арыгінальных, цудоўна выкананых ілюстрацый, гравюр.Алексютовіч.
3.перан. Прыклад, які дапаўняе, пацвярджае што‑н. Бліскучай ілюстрацыяй перамогі ленінскай нацыянальнай палітыкі з’яўляцца сапраўдны росквіт савецкага друку на мовах усіх нацыянальнасцей нашай краіны. □ Пісьмы У.І. Леніну — яркая ілюстрацыя непарыўнай сувязі правадыра рэвалюцыі з народам, з працоўнымі насамі.«Звязда».
[Ад лац. illustratio — выява, жывое апісанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗАКО́Н,
унутраная істотная і ўстойлівая сувязь з’яў, якая абумоўлівае іх развіццё і ўпарадкаванае змяненне. Паняцце З. блізкае да паняцця заканамернасці як сукупнасці ўзаемазвязаных па змесце законаў, якія забяспечваюць устойлівую тэндэнцыю або накіраванасць у змяненні сістэмы. З. выяўляе і адзін з бакоў сутнасці (гл.Сутнасць і з’ява). У сістэме аб’ектыўнага ідэалізму ён трактуецца як выяўленне сусв. розуму, увасобленага ў прыродзе і грамадстве. З пункту погляду суб’ектыўнага ідэалізму З. прыўносіцца ў рэальны свет суб’ектам, які яго пазнае: розум дае законы прыродзе. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з таго, што З. мае аб’ектыўны характар, выражае рэальныя адносіны рэчаў і адлюстроўвае іх у свядомасці. На ранніх ступенях развіцця навукі ўстанаўліваліся эмпірычныя, або фенаменалагічныя З., якія выяўлялі сувязь паміж уласцівасцямі рэчаў і з’яў, што назіраліся пачуццёва (напр., Бойля—Марыёта закон). Тэарэт. З. раскрываюць глыбокія ўнутр. сувязі працэсаў, механізмы іх выкарыстання, уводзяць аб’екты (малекулы і атамы), што назіраюцца тэарэтычна. З пункту погляду дакладнасці прадказанняў адрозніваюць статыстычныя і дынамічныя законы. У залежнасці ад ступені агульнасці і сферы дзеяння адрозніваюць прыватныя, або спецыфічныя З., якія выражаюць сувязь паміж канкрэтнымі фіз., хім. або біял. ўласцівасцямі (напр., З. узаемасувязі масы і энергіі), і ўсеагульныя, або універсальныя З., якія выражаюць узаемасувязь паміж універсальнымі ўласцівасцямі і атрыбутамі матэрыі (напр., З. захавання і ператварэння энергіі, З. сусв. прыцягнення, З. дыялектыкі). Паміж агульнымі і прыватнымі законамі існуе дыялект. ўзаемасувязь: агульныя З. дзейнічаюць праз прыватныя, а апошнія уяўляюць сабой праяўленне агульных. Чалавек як звяно натуральнага працэсу сам падпарадкоўваецца З. гэтага працэсу. Але дзякуючы свайму веданню прыроды ён можа ўнутры вядомых межаў выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах яе ўласныя заканамернасці. З. дапамагаюць людзям тлумачыць з’явы працэсы рэчаіснасці, прымаць рашэнні і ажыццяўляць практычныя пераўтварэнні ў розных сферах дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́СТВАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца агульныя ўласцівасці мностваў; з’яўляецца фундаментам шэрагу матэм. дысцыплін (напр., тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, агульнай тапалогіі, агульнай алгебры, функцыян. аналізу). Метады М.т. знаходзяць дастасаванні ў класічных галінах матэматыкі (напр., якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйным злічэнні, тэорыі імавернасцей). Развіццё М.т. глыбока паўплывала на разуменне самога прадмета матэматыкі.
Заснавана Г.Кантарам, які ўвёў паняцці магутнасці мноства, даказаў незлічонасць мноства рэчаісных лікаў, сфармуляваў паняцце актуальна бясконцага (гл.Бесканечнае і канечнае, Бесканечнасць). Паняцце мноства належыць да першапачатковых матэм. паняццяў, яго можна тлумачыць толькі на прыкладах. Адно з асн. паняццяў М.т. — паняцце прыналежнасці элемента дадзенаму мноству. Мноства лічыцца зададзеным, калі зададзена характарыстычная ўласцівасць яго элементаў; а калі дадзенай уласцівасці не мае ні адзін з элементаў, то гавораць, што такая ўласцівасць вызначае пустое мноства. Напр., мноства рэчаісных каранёў ураўнення x2 = -1 з’яўляецца пустым. Магчымасць колькаснай параўнальнай ацэнкі мностваў грунтуецца на паняцці ўзаемна адназначнай адпаведнасці (біекцыі) паміж 2 мноствамі: мноствы X і Y з’яўляюцца роўнамагутнымі (эквівалентнымі), калі паміж іх элементамі вызначана ўзаемна адназначная адпаведнасць. Бясконцыя мноствы, роўнамагутныя мноству ўсіх цэлых лікаў, наз. злічонымі (напр., мноства рацыянальных лікаў). Мноства ўсіх рэчаісных лікаў мае магутнасць (абагульненне паняцця ліку элементаў), большую за магутнасць злічонага мноства, і яго магутнасць наз. магутнасцю кантынуума. Значны ўклад у развіццё М.т. зрабілі рас. матэматыкі Дз.Ф.Ягораў, М.М.Лузін, П.С.Аляксандраў, А.М.Калмагораў, П.С.Новікаў, амер. матэматык П.Дж.Коэн.
Літ.:
Бурбаки Н. Теория множеств: Пер. с фр.М., 1965;
Коэн П.Дж. Теория множеств и континуум-гипотеза: Пер. с англ.М., 1969;
Александров П.С. Введение в теорию множеств и общую топологию. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),
рускі жывапісец. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.Чысцякова. Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
*Вамі́т, воміт ’рвота, ваніты’ (КЭС). З польск.womit ’тс’ < лац.vomitio ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115; Брукнер, 630). Пераход м > н у ванітаваць (гл.) Кюнэ тлумачыць народна-этымалагічным збліжэннем (з *ваняць?). Гл. Рудніцкі, 1, 475.