АГІ́НСКІ КАНА́Л,

у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).

Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.​К.​Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́,

рака ў Еўрапейскай ч. Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл. бас. 245 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

Варыянт гідравузла (схема); 1 — земляная рэчышчавая плаціна; 2 — водазліўная жалезабетонная плаціна; 3 — будынак ГЭС; 4 — суднаходны шлюз; 5 — пірс; 6 — дамба-хвалялом; 7 — арашальны канал; 8 — земляная плаціна; 9 — раздзяляльная дамба.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СА, Раса,

рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

Рака Арэса ў Любанскім раёне.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб. Шыр. 1,2 км, найб. глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн. м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.

Асіповіцкае вадасховішча.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson),

рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р. Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,

1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),

рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл. бас. 1371,1 тыс. км² (з іх каля 10 тыс. км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн. т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)