Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁКу гідралогіі,
працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл.Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.
Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/скм²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫ СЦЁК,
вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca2+, магнію Mg2+, натрыю Na+, калію K+, гідракарбанату HCO3− карбанату CO32-, сульфату SO42-, хлору Cl−) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд.т/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.
Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.
Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЭ,
возера на Пн Валагодскай вобл. Расіі. Пл. 416 км². Глыб. да 4,5 м. Берагі пераважна нізінныя, забалочаныя. Упадаюць каля 20 рэк, найб. — Вожэга, Мадлона. Сцёк цераз р. Свідзь у воз. Лача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЧЫСАН (Murchison),
рака на З Аўстраліі. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на схілах хр. Робінсан, упадае ў Індыйскі ак.Сцёк толькі зімой, у перыяд дажджоў, летам перасыхае і распадаецца на шэраг азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАСА́Н,
возера на Пд Прыморскага краю Расіі, паблізу зал. Пасьета Японскага мора. Пл. 2,2 км². Сцёк з возера ў р. Танбагатый. 29.7—11.8.1938 каля Х. адбыўся сав.-японскі ўзбр.Хасанскі канфлікт 1938.