АБАЛЕ́НСКІ (Яўген Пятровіч) (6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),

дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮВАЛЬЕ́ ((Duvalier) Жан Клод) (н. 3.7.1951, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. У 1971—86 прэзідэнт Гаіці. Прэзідэнцкі пост паводле папраўкі да канстытуцыі (студз. 1971) атрымаў у спадчыну ад бацькі Ф.Дзювалье. Прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Пры ім пагоршылася эканам. становішча Гаіці. Скінуты ў выніку нар. паўстання ў лют. 1986, эмігрыраваў у Францыю.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КШМІ-БА́І, Лакшмі-Бай (1835—17.6.1858),

адна з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. У чэрв. 1857 абвясціла сябе правіцельніцай (рані) княства Джхансі (з 1854 пад прамым брыт. кіраваннем), далучылася да паўстанцаў. У сак. 1858 узначальвала абарону Джхансі супраць брыт. войск на чале з ген. Х.​Роўзам, потым кавалерыю паўстанцаў у войску Тантыя Топі. Загінула ў баі пад Гваліярам.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ЦЗЫЧЭ́Н (1606—45),

кіраўнік паўстання 1628—44 у Кітаі супраць дынастыі Мін. Працаваў паштовым кур’ерам. Далучыўся да паўстанцаў, з 1636 кіраўнік паўстанцкай арміі ў Хэбэй-Шэньсійскім р-не. У 1644 абвешчаны ў г. Сіянь імператарам 25.4.1644 заняў сталіцу Кітая г. Пекін. 27.5.1644 разбіты аб’яднанымі сіламі маньчжураў і здрадніка У Саньгуя. Быў вымушаны пакінуць Пекін, загінуў у прав. Хубэй.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАМБЕ́Т УТЭМІ́САЎ (1804, Заходне-Казахстанская вобл., Казахстан — 20.10.1846),

казахскі паэт, удзельнік і натхняльнік сял. антыкаланіяльнага і антыфеад. паўстання ў 1830-я г. Аўтар песень і паэм (каля 40), тэматычна скіраваных супраць сац. і нац. несправядлівасці, дэспатызму прыгнятальнікаў. Яго творы, адметныя гуманіст. пафасам, вызначаліся лаканізмам, афарыстычнасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Алма-Ата, 1957.

Ж.​Сахіеў.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́ЦІ ((Menotti) Чыра) (22.1.1798, г. Карпі, Італія — 26.5.1831),

дзеяч італьян. нац.-вызв. руху. Фабрыкант у г. Мадэна (сталіцы аднайм. герцагства). Удзельнік руху карбанарыяў. Узначаліў рэв. змову з мэтай дасягнення адзінства і незалежнасці Італіі. Арыштаваны 3.2.1831 напярэдадні падрыхтаванага ім паўстання ў Мадэне, якое перарасло ў рэвалюцыю ў Цэнтр. Італіі. Пасля задушэння рэвалюцыі аўстр. войскамі (сак. 1831) М. пакараны смерцю.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.чэрв. 1794),

вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,

цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.​Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп. газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.​Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.

Літ.:

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Кісялёў Г.В. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916.

Дублінскае паўстанне 19 16, нацыянальна-вызв. паўстанне супраць англ. панавання ў Ірландыі. Падрыхтавана ірл. рэвалюцыянерамі, незадаволенымі затрымкай з увядзеннем закона аб гомрулі. Яны спадзяваліся ўзняць агульнанац. паўстанне і вызваліць краіну, зыходзячы з занятасці брыт. узбр. сіл на франтах 1-й сусв. вайны. Адбылося 24—30.4.1916 пераважна ў Дубліне. У першы дзень паўстання (велікодны панядзелак, адсюль яшчэ адна назва — Велікоднае паўстанне) больш за 1 тыс. ірл. валанцёраў і рабочых пад кіраўніцтвам П.​Пірса і Дж.​Коналі занялі шэраг стратэг. пунктаў Дубліна, утварылі часовы ўрад на чале з Пірсам і абвясцілі незалежную Ірл. рэспубліку. Паўстанне не атрымала шырокай падтрымкі ірл. грамадства і было разгромлена англічанамі. Арыштавана каля 3500 ірландцаў, Пірс, Коналі і інш. кіраўнікі (16 чал.) пакараны смерцю. Пасля паражэння І.п. сярод ірландцаў павялічыўся аўтарытэт паліт. арг-цыі Шын фейн, якую англічане абвінавацілі ў падрыхтоўцы паўстання.

Літ.:

Колпаков АД. Ирландия на пути к революции, 1900—1918 гг. М., 1976.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)