МІ́НСКАЯ БЕТО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1899—1914 у г. Мінску (з 1913 наз. ф-ка «Мазаіка»). Выпускала цэментныя пліты для падлогі, тратуараў, лесвіц са штучнага каменю, мазаічныя вырабы. У 1913 працавала 50 чал., выраблена прадукцыі на 20 тыс. руб.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДУНО́ВА (Палута) (Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел. Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.

П.Бадунова.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА МЕ́НШЧЫНЫ,

культурна-асветная ўстанова ў 1919—20. Засн. 30.8.1919 у Мінску на базе школьнай камісіі Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Дзейнічала ва ўмовах польск. акупацыі. У прэзідыум рады ўваходзілі С.​Рак-Міхайлоўскі (старшыня), У.​Ігнатоўскі (нам. старшыні), Я.​Шнаркевіч (сакратар), А.​Смоліч, А.​Данілевіч, Ч.​Родзевіч, П.​Дземідовіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. навуч. устаноў Мінскай губ., стварала бел. школы і культ.-асв. гурткі, павятовыя і валасныя бел. школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку бел. настаўніцкія курсы, стварыла камісію, якая склала і выдала навуч. праграму для малодшых класаў бел. школ, выдавала бел. падручнікі і дапаможнікі для школ. Стала асновай для стварэння Цэнтральнай беларускай шкальнай рады. Спыніла дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КАР (Сяргей Міхайлавіч) (н. 27.8.1928, г. Орша),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, У.​Караткевіча, Я.​Брыля, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.​П.​Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.​М.​Азіну ў Полацку, надмагілле П.​Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.​Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.

Літ.:

Петэрсон Э.А. С.​М.​Вакар. Мн., 1980.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ (Георгій Паўлавіч) (6.3.1893, Масква — 27.5.1946),

рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.​Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.​Кіршона, «Авангард» В.​Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.​Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.

Л.​А.​Воінаў.

Г.Гольц. Будынак дзяржаўнага банка па вуліцы Савецкай у Мінску. 1927.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВОН»,

штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.​Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.​Лойка, Ю.​Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.​Купала (І.​Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.​Лёсіка, Ю.​Фарботкі, А.​Прушынскага (А.​Гаруна), М.​Касцевіча (М.​Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж. буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел. навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.​Купалы, З.​Бядулі, Лёсіка, С.​Рак-Міхайлоўскага, М.​Чарота і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧ»,

газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.​Басіст, А.​Хаст, А.​Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКВА́»,

кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.​Крамарэнка, У.​Шчарбіна, М.​Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч. вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.​Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.

А.​А.​Воінаў.

Кінатэатр «Масква» ў Мінску.

т. 10, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).

2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп. Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.​Р.​Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.​Горкага і драматургіі Л.​Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)