БАДУНО́ВА Палута
(Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),
бел. паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел. Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.
т. 2, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)