перашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Перарабіць пашытае, гатовае, пашыць іначай, другім фасонам. Перашыць плацце. // Пашыць з пашытага што‑н. другое. Перашыць шынель на паліто. □ [Дзед:] — А хіба ж пасля тваёй маткі нічога такі не асталося — ні палатна, ні гатовай якой адзежыны? То няхай бы табе перашылі. Сабаленка.

2. Прышыць што‑н. нанава, іначай або ў другім месцы. Перашыць гузікі. □ Майстар.. доўга ўглядаўся на маю падкладку, круціў яе ў руках, калупаў пальцамі, нарэшце надзьмуўся і сказаў: — Перашыць. Якімовіч.

3. Спец. Пераслаць чыгуначную каляю. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шурупамі, якія трэба было завінчваць ключом. Навуменка.

4. Разм. Пашыць на працягу якога‑н. часу вялікую колькасць чаго‑н. Колькі ён людзям адзежы і абутку перашыў!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Насычаны, напоўнены чадам. Аднойчы, седзячы ў бруднай і чаднай карчомцы, якую наведвалі толькі «свае», цэдзячы праз зубы густое і горкае пітво, Юткевіч угледзеў новага наведвальніка. Мікуліч. І хоць заходзіў Дзіма да маткі на якую часіну, але заўсёды выходзіў адтуль [з тытунёвай фабрыкі] з перасохлым горлам і цяжкімі грудзьмі, нібы з чаднай лазні. Якімовіч.

2. Які чадзіць, куродыміць. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах хаты, перакінуліся на страху. Лынькоў. // Уласцівы чаду. І далятае пах смаляны І чадны гар да нас сюды. Звонак. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.

3. перан. Які дурманіць, затуманьвае свядомасць. Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы.. [Павел] выйшаў за вёску. Грахоўскі.

•••

Чадны газ гл. газ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мать ма́ці, род. ма́ці и ма́церы ж., ма́тка, -кі ж.; мн. ма́ці нескл., ма́ткі, -так, разг. мацяркі́, -ро́к;

крёстная мать хрышчо́ная (хро́сная) ма́ці;

посажённая посажёная мать пасаджо́ная ма́ці;

показа́ть ку́зькину мать даць ды́хту;

в чём мать родила́ у чым ма́ці нарадзі́ла;

всоса́ть с молоко́м ма́тери усмакта́ць з малако́м ма́ці;

мать честна́я! ма́тухны мае́!;

ро́дина-мать радзі́ма-ма́ці.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.

1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).

2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.

•••

Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сваво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Гарэзлівы, дураслівы, гуллівы. І дарма, што на першы погляд яна [Кася] здавалася свавольным дзіцем, слова маткі было для яе святым законам. Васілевіч. У сцэне з Якімам Сарокам Паўлінка — Караткевіч пяшчотная, свавольная, гарэзлівая, наіўная і разумная. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Ветрык свавольны пранёсся, Долу нагнуўшы калоссе... Лойка. // Вальнадумны, мяцежны. За смерць мяцежных і свавольных, за смерць дзяўчат і юнакоў дакляравалі каты волю — за блізкіх кроў, за родных кроў!.. Дудар.

2. Схільны да свавольства; упарты, неслух. Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Чарнышэвіч. // Які выражае свавольства, сведчыць пра яго. Кавалёва бачыла, як ружавелі твары дзяўчат, як загараліся свавольным агнём вочы хлопцаў. Дуброўскі. Людзі свавольнай натуры з яго [Астаповіча] нават смяяцца пачалі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сірата́, ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.

Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.

•••

Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.

Разм.

1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.

2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.

3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інвалю́цыя

(лац. involutio = згортванне)

1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў (напр. рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл);

2) адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак (напр. і. маткі ў пасляродавы перыяд);

3) атрафія органаў пры паталогіі і старэнні;

4) дэгенератыўныя змены ў прасцейшых і бактэрый, выкліканыя неспрыяльнымі ўмовамі жыцця;

5) мат. такое адлюстраванне некаторай сукупнасці ў сабе, што пры паўторным яго прымяненні кожны элемент вяртаецца на сваё месца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)