АВЕ́РНЬ (Auvergne),

гістарычная правінцыя, эканам. раён у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Канталь, Пюі-дэ-Дом, Алье, Верхняя Луара. Гал. горад Клермон-Феран. Пл. 26 тыс. км². 1,3 млн. ж. (1982). Рэльеф горны, парэзаны далінамі рэк. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля. У далінах вырошчваюць збожжавыя, цукр. буракі, бульбу, вінаград. З-ды па вытв-сці аўташын, станкоў, веласіпедаў, пластмас, перапрацоўцы с.-г. сыравіны (Клермон-Феран), чорная металургія (г. Манлюсон), тэкст., гарбарныя, папяровыя, сыраварныя, абутковыя прадпрыемствы. ГЭС. Курорты на базе мінер. крыніц (у т. л. Вішы).

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШГАРАД,

горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.

Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБНА́,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс. ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-т ядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́НА (Garonne),

рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл. бас. 56 тыс. км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЗГА́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь (9 км ад вусця), каля в. Гезгалы, за 14 км на Пн ад г. Дзятлава. Створана ў 1959. Пл. 1,22 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 1,22 млн. м³. Правы бераг выш. 2,5—3 м, парослы лесам, левы спадзісты, пад лугам. Дно выслана глеем і пяском. Ёсць 9 астравоў агульнай пл. 0,1 км². Сярэднегадавы сцёк 278 млн. м³. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Гезгальская ГЭС), для рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Сяргей Якаўлевіч) (4.4.1892, Кіеў — 1.3.1957),

савецкі вучоны ў галіне гідратэхнікі; адзін з заснавальнікаў школы сав. гідратэхнікаў. Акад. АН СССР (1953), ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1943), Герой Сац. Працы (1952). Скончыў Петраградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1917). З 1942 дырэктар ін-та «Гідрапраект» (з 1957 імя Ж.). Кіраваў вышукальнымі і н.-д. работамі, праектаваннем і буд-вам Беламорска-Балтыйскага канала, канала імя Масквы, Волга-Данскога комплексу, Волга-Балтыйскага воднага шляху, Угліцкай, Рыбінскай, Волжскай імя У.​І.​Леніна і інш. ГЭС на Волзе. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

С.Я.Жук.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖЖА,

горад на Украіне, цэнтр Запарожскай вобл., порт на р. Дняпро. Засн. ў 1770. 895 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія (камбінаты «Запарожсталь», тытана-магніевы; з-ды «Днепраспецсталь», ферасплаваў, алюм., электродны і інш.), маш.-буд. і металаапр. (ВА «АўтаЗАЗ», з-ды высакавольтнай апаратуры, «Запарожкабель», інстр., суднарамонтна-суднабуд. і інш.); хім. і коксахім.; лёгкая (у т. л. абутковая, швейная), харчасмакавая, мікрабіял.; вытв-сць будматэрыялаў (абразіўны камбінат). Дняпроўская ГЭС. 4 ВНУ (у т. л. ун-т). 3 тэатры, філармонія. Краязнаўчы і маст. музеі.

Запарожжа.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МАНДРА,

возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб. шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст.пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў крас.пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Н,

рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)