адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.
2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.
3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.
2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.
3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.
4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.
1. Аддзяліцца, адстаць (пра малако, хлеб і пад.). Цётка Хіма, набраўшы ў жменьку з карца вады, абгладжвала кожны бохан, мо для таго, каб блішчала скарынка, а мо каб ён не адсеў, і накрыла доўгім вышываным ручніком. Сабаленка. // Распасціся на тварожыстую масу і сыроватку; адкіпець (пра малако). Прывезла [старая] малако і парыць пачала. Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан.
2. Здаць назад. Тады [Ратушняк] узяў тузануў за лейцы — конь падагнуў яшчэ горш галаву і адсеў назад у аглоблях: не пайшоў. Пташнікаў.
3. перан. Разм. Адлегчы, спасці. Ганна Кухарава знарок мігнула Зосі і паклікала пайсці на двор «паглядзець, ці мароз адсеў». Крапіва. І ўсе згрызоты нейк адселі, І ўсе тут зноў павесялелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.
2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.
3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.
4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.
5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
воз, ‑а; мн. вазы, ‑оў; м.
1. Сродак гужавога транспарту, прызначаны для язды і перавозкі грузаў; калёсы. Усе сваякі папрыязджалі І двор вазамі паўстаўлялі. Колас. Сасёнка была парэзана на доўгія кавалкі, і сябры пачалі класці іх на воз. Пестрак.
2. Нагружаныя паклажай калёсы, сані і пад. Сытыя коні, аблітыя зарой, вязуць высокія вазы пшаніцы. Мікуліч. Злез бацька з сена, ідзе збоку, за возам наглядае, каб не абярнуўся. Якімовіч.
3. чаго. Колькасць таго, што можа змясціцца на калёсах, санях і пад. Воз дроў, сена.
4. перан. Разм. Вялікая колькасць чаго‑н. Воз навін. □ Дзетак у.. [Парэмчыка] цэлы воз, хоць і сам яшчэ малады. Ракітны.
5. Карцёжная гульня.
•••
Вазамі вазіць гл. вазіць.
Пятае кола ў возе гл. кола.
Цягнуць воз гл. цягнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.
Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адча́й, ‑ю, м.
1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.
2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́ча, ‑ы, ж.
1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.
2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.
3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.
4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.
5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.
•••
Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́насіць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Перанесці за некалькі прыёмаў усё, поўнасцю. З хлява вывезлі на поле гной. З грубак, з лазні і з кухні вынасілі вёдрамі.. попел. Нядзведскі. Здаецца, не стрывае камень, а .. [чалавек] за свой кароткі век і горы вынасіць рукамі... Дубоўка.
2. Пранасіць дзіця да родаў. [Валя да Любы:] — Цяпер я цябе зусім адчуваю, ты свайго сына вынасіла ўсёй сваёй душой... Чорны.
3. Выцерці, працерці ў выніку доўгага нашэння.
4. Пранасіць некаторы час. Выносіць касцюм пяць гадоў.
5. перан. Абдумаць да поўнай яснасці, закончанасці. Выносіць ідэю. □ Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Колас. Чудзін здаваўся.. [Маі] тым героем, каго яна вынасіла ў дзявочых марах, вычытала ў сотнях кніжак, падгледзела крадком у фільмах. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́муж,
1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за каго — зрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.
2. у знач. наз. за́муж, ‑а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)